З Любліна з любоўю. Па запрашэнні раённай улады на Ляхавіччыне гасцявала дэлегацыя з Польшчы /фота/
Праўда, дзеяслоў “гасцявала” не здаецца да канца дакладным у вызначэнні фармату знаходжання ў Ляхавічах прадстаўнікоў суседняй краіны. У большай ступені гэта быў сяброўска-дзелавы візіт з добрымі перспектывамі на далейшае супрацоўніцтва.
Час прыезду прыйшоўся на нядзелю. Для гасцей была арганізавана экскурсійная паездка ў Нясвіж. Канешне ж, з наведваннем знакамітага палацава-паркавага комплексу. Як расказала намеснік дырэктара Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік, якая цудоўна справілася з роляй перакладчыка, прадстаўнікі Люблінскага ваяводства Лэнчынскага павета – стараста Адам Нівіньскі, віцэ-стараста Казімеж Радко, дырэктар і намеснікі тамашняга саюза сельскагаспадарчых школ, некалькі бізнесменаў – былі прыемна ўражаны. У першую чаргу, архітэктурай, велічнасцю радзівілаўскага замка. І тым, што нягледзячы на праведзеную адносна нядаўна маштабную рэканструкцыю, удалося захаваць знешнюю і ўнутраную першароднасць замка, аўтэнтычнасць сусветна вядомай славутасці.
Панядзелак атрымаўся багатым на сустрэчы. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч расказалі пра Ляхавіцкі раён, пра людзей, геаграфію, эканамічнае развіццё рэгіёна і іншае. У прыватнасці, на паведамленне, што сёлета раён атрымаў у сярэднім каля 650 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара, адзін з гасцей адрэагаваў: “Бардзо добжэ!”. Было прапанавана супрацоўніцтва: адукацыйнае, культурнае, у сферы бізнесу. Спрыяльных момантаў для гэтага нямала: мы блізкія геаграфічна, характарызуемся падабенствам ментальнасці, беларуская і польская мова маюць агульныя карані і іншае.
У чым адметнасць Лэнчынскага павета, расказаў яго стараста. Статус асобнага павета тэрыторыя атрымала каля паўтара дзясятка гадоў назад. У немалой ступені павет вядомы размешчанай тут вугальнай шахтай. Адной з лепшых, як было ахарактарызавана, куды за вопытам і навукай гаспадарыць едуць ці не з усёй Польшчы. Рэдкая адметнасць: шахта з’яўляецца метанабяспечнай. Гэты патэнцыяльна выбуховы газ у яе гарызонтах адсутнічае.
Госці наведалі некаторыя ляхавіцкія аб’екты культуры, адукацыі, спорту. Усё спадабалася.
Даўжэй затрымаліся на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. “Прайшліся” разам з дырэктарам прадпрыемства Вячаславам Жукоўскім па вытворча-тэхналагічным ланцужку. “О, культура!” – гучала з вуснаў гасцей, і неаднойчы. Даведаліся, што казеін, які прадпрыемства выпускае, да апошняга кілаграма з’яўляецца экспартнай прадукцыяй – прадаецца ў Еўропу, Амерыку. Адбылася дэгустацыя харчовай прадукцыі Ляхавіцкага малочнага.
Наведванню дзяржагракаледжа было адпушчана нямала часу і шмат увагі. Госці пабывалі ў некаторых лабараторыях установы, сустрэліся з навучэнцамі. Прагучала запрашэнне наведаць з мэтай прафесійнай практыкі краіну-суседку. Дарэчы, многія з каляджан валодаюць ці імкнуцца авалодаць патрэбнай для таго базай: у ЛДАКу праводзяцца факультатыўныя заняткі па вывучэнні польскай мовы. Жадаючых сабралася на 3 групы, выкладанне вядзецца па схеме – дзве вучэбныя гадзіны ў тыдзень.
Пасля быў СВК “Ляхавіцкі”. У прыватнасці, машынны двор гаспадаркі, малочнатаварная ферма. Інфармацыю старшыні Аляксандра Вітко пра сярэднюю прадукцыйнасць кароў СВК, роўную прыкладна 7200 кілаграмаў малака ў год, прадстаўнікі краіны, якая ўваходзіць у склад Еўрасаюза, расцанілі як “еўрапейскі ўзровень”.
Увечары адбылося падпісанне дамоўленасцяў аб двухбаковым супрацоўніцтве: у галіне адукацыі, культуры, эканомікі. На наступны дзень пасля наведвання Баранавіцкага дзяржуніверсітэта польская дэлегацыя развіталася з Беларуссю. З добрым настроем і прыемнымі ўражаннямі ад убачанага.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.