Прафарыентацыя з арыентацыяй на лясную гаспадарку
Сярэдзіна навучальнага года – самы час адзінаццацікласнікам вызначыцца з прафесійным шляхам, свядома выбраць навучальную ўстанову для атрымання далейшай адукацыі.
На мінулым тыдні ў СШ №1 і 2 райцэнтра была арганізавана сустрэча з дэканам лесагаспадарчага факультэта БДТУ, прафесарам кафедры лесаводства Алегам Марозавым. Выпускнікі пазнаёміліся з дзейнасцю і інфраструктурай ВНУ, праглядзелі змястоўную прэзентацыю. Дэкан падрабязна спыніўся на асаблівасцях навучання на лесагаспадарчым факультэце, якое адпавядае сусветным стандартам. Падрыхтоўка спецыялістаў тут вядзецца па трох спецыяльнасцях: лясная гаспадарка, садова-паркавае будаўніцтва, турызм і прыродакарыстанне.
Рабяты змаглі задаць пытанні, што цікавяць, не толькі Алегу Марозаву, але і маладому спецыялісту Ляхавіцкага лясгаса Кацярыне Савва – выпускніцы БДТУ. Другі год яна працуе інжынерам-лесапатолагам і ведае з уласнага вопыту аб ільготах маладым спецыялістам, якія прадастаўляе ДЛГУ пры працаўладкаванні.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Наталля Адаменка расказала пра магчымасці атрымання мэтавага накіравання на вучобу ад лясгаса.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.