Пайшоў… і не вярнуўся
Сёлета за 5 месяцаў на прадпрыемствах Ляхавіччыны адбылося 6 няшчасных выпадкаў, 2 з іх закончыліся гібеллю людзей. У 2010 годзе на Ляхавіччыне першае трагічнае здарэнне адбылося 13 сакавіка на тэрыторыі ААТ “Ляхавіцкі торфабрыкетны завод”. Вогнеўпоршчык ТАА “Вера” (горад Мінск) упаў з вышыні 7,5 метра. Атрыманыя траўмы аказаліся для 35-гадовага мужчыны смяротнымі.
У некаторых арганізацыях не выконваюць элементарныя правілы тэхнікі бяспекі, змірыліся з нізкай працоўнай і выканальніцкай дысцыплінай.
25 мая на тэрыторыі, падведамаснай СПМК-18, быў знойдзены труп работніка гэтага будаўнічага прадпрыемства. У яго крыві выяўлены алкаголь у канцэнтрацыі 4,1 праміле. Прычына смерці высвятляецца.
Дарэчы, на абодвух прадпрыемствах загінуўшых работнікаў характарызавалі як вопытных і кваліфікаваных спецыялістаў, ні ў каго з іх не было парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
На пачатак чэрвеня зарэгістраваны 4 выпадкі вытворчага траўматызму (за аналагічны мінулагодні перыяд –2), у тым ліку 3 з цяжкім зыходам (у ПУП “Ляхавіцкі кааптранс”, СВК “Жарабковічы”, ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”).
Сітуацыя з траўматызмам выклікае трывогу. На жаль, ні радавыя працаўнікі, ні кіраўнікі не вучацца на чужых памылках—з года ў год на вытворчасці гінуць людзі. Парушэнне працоўнай дысцыпліны і патрабаванняў аховы працы, ужыванне алкаголю ў рабочы час, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы – асноўныя прычыны вытворчага траўматызму. У значнай ступені ад кожнага работніка залежыць, вернецца ён здаровым з работы ці не.
Эдуард СЛІВА, галоўны дзяржаўны інспектар Баранавіцкай міжраённнай інспекцыі працы.