«Самае важнае – настрой людзей»,– перакананы старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар

На гэты раз на маршруце традыцыйных рабочых сустрэч губернатара з журналістамі была Пружаншчына. На прэс-канферэнцыю старшыні абласнога выканаўчага камітэта Канстанціна Сумара рэдактары газет, тэлебачання, радыё Брэстчыны прыехалі ў раён, які не можа не ўразіць сваімі дасягненнямі, дагледжанасцю, добраўпарадкаванасцю. Экскурсія па музеі “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”, паездка па Ружанах, магчымасць адчуць камфорт руху па аб’язной дарозе вакол Белавежскай пушчы, наведванне ААТ “Жураўлінае”, Кляпацкага камбікормавага завода, вёскі Мокрае, прыгажосці і дагледжанасці якой можа пазайздросціць горад, мясцовага вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад-сярэдняя школа” замацавалі выдатнае ўражанне. Сапраўды, сіла зямлі – у людзях, сіла людзей – ад зямлі.

Прэс-канферэнцыя адбылася ў грамадска-культурным цэнтры “Мікалаеўскі” ў вёсцы Мокрае.

Спачатку губернатар расказаў аб развіцці Брэстчыны ў гэтым годзе. Вынікі 11-ці месяцаў назваў нядрэннымі, хаця падкрэсліў, што яны яго не задавальняюць.

Канешне, у першую чаргу, закрануў пытанне мадэрнізацыі, якую назваў не кароткачасовай з’явай, а доўгатэрміновай праграмай, якая будзе працягвацца ў наступныя гады. У вобласці ў стадыі мадэрнізацыі больш за 1230 прадпрыемстваў. Важна не толькі замяніць абсталяванне, але навесці ўзорны парадак у захаванні тэхналогіі, забяспечыць высокую дысцыпліну вытворчасці. Гэты працэс Канстанцін Сумар назваў эканамічнай мадэрнізацыяй. І падкрэсліў, што якасць і кошт прадукцыі, а, значыць, канкурэнтаздольнасць і запатрабаванасць яе ў многім залежаць ад мадэрнізацыі.

Спыніўся кіраўнік вобласці і на такой актуальнай задачы, як зніжэнне энергаёмістасці прадукцыі, затрат на сыравіну і матэрыялы.

Канстанцін Сумар адзначыў, што ў эканоміцы вобласці ёсць рост асноўных паказчыкаў развіцця: аб’ёмаў прамысловай вытворчасці (3 працэнты), рознічнага тавараабароту (16,3), інвестыцый у асноўны капітал (20,6). Аб’ёмы экспартных паставак за 10 месяцаў у нас выраслі амаль на 16 працэнтаў. Дзякуючы гэтаму, сфарміравана станоўчае знешне-гандлёвае сальда ў размеры больш за 153 млн. долараў. У Брэстчыны па-ранейшаму самы высокі тэмп росту экспарту сярод рэгіёнаў краіны. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў, што вобласць з’яўляецца адным з лідараў па аб’ёмах паставак на экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання: амаль чвэрць гэтых экспартных паставак – з Брэстчыны.

Што датычыць сельскагаспадарчай галіны, то для яе дынамічнага развіцця ў вобласці зроблена многае. Кіраўнік Брэстчыны засяродзіў увагу на рабоце па рэканструкцыі і будаўніцтве малочнатаварных фермаў: на сённяшні дзень амаль 92 працэнты МТФ рэканструяваны, на астатніх 16 работы працягваюцца. Больш паловы дойнага статка вобласці ўтрымліваецца на сучасных МТФ.

Сярод сёлетніх сельскагаспадарчых “абновак” – 15 зернесушыльных комплексаў, больш за тысяча адзінак тэхнікі – на суму звыш 800 млрд. рублёў.

Але, як падкрэсліў Канстанцін Сумар, не дасягнуты запланаваныя паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса.

Што датычыць будаўніцтва, то за 10 месяцаў пабудавана 7,2 тысячы новых кватэр (больш палова з іх – для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з дзяржпадтрымкай).

Рэальная зарплата павялічылася на 19,4 працэнта да аналагічнага леташняга перыяду.

Ідзе актыўная праца па стварэнні новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. На канец кастрычніка ў аблвыканкаме быў заключаны 161 інвестыцыйны дагавор на агульную суму 12,5 трыльёна рублёў. Паспяхова рэалізавана 30 інвестдагавораў на суму амаль 590 мільярдаў рублёў. Сярод найбольш значных праектаў у вобласці – комплекснае асваенне і распрацоўка сілікатных пяскоў і мелу ў Маларыцкім раёне.

Кіраўнік вобласці прывёў прыклад і шматлікіх сацыяльных аб’ектаў. Сёлета на Брэстчыне ўведзены ў эксплуатацыю 3 установы дашкольнай адукацыі. За кошт бюджэтнага фінансавання завершана будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, у Баранавіцкім, Пінскім раёнах і г. Іванава, у стадыі завяршэння – у абласным цэнтры. Наваселле справілі фізкультурна-спартыўныя комплексы ў Століне і Альшанах, першая чарга стадыёна для хакею на траве ў Баранавічах, 6 пляцовак для заняткаў масавым спортам, у тым ліку і ў Ляхавічах.

Канстанцін Сумар гаварыў пра вялікую работу па падтрымцы аховы здароўя ў горадзе і сельскай мясцовасці. Дарэчы, адзін са шматлікіх аб’ектаў – Ляхавіцкая паліклініка, на рэканструкцыю якой з абласнога бюджэту накіравана больш за 24 млрд. рублёў.

Для ўстаноў аховы здароўя Брэстчыны сёлета закуплена медыцынскае абсталяванне на суму больш за 50 млрд. рублёў.

Сярод прыярытэтных накірункаў развіцця эканомікі ў наступным годзе старшыня абласнога выканаўчага камітэта назваў развіццё прамысловага комплексу, на долю якога прыходзіцца амаль трэць аб’ёму валавой дабаўленай вартасці вобласці. Галоўнае – мадэрнізацыя традыцыйных вытворчасцяў і стварэнне новых – па выпуску прадукцыі з высокім дабаўленым коштам.

Канстанцін Сумар падкрэсліў, што асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю харчовай прамысловасці і дрэваапрацоўкі. Прадугледжваецца рэалізацыя буйнога інвестыцыйнага праекта – будаўніцтва цэха па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў на Бярозаўскім сыраробным камбінаце, расшырэнне вытворчасці на Кобрынскім масларобна-сыраробным заводзе, будуе цэхі па вытворчасці мяккіх сыроў і тварагу “Савушкін прадукт”, плануецца далейшае тэхнічнае перааснашчэнне на Бярозаўскім мясакансервавым і Брэсцкім мясакамбінаце і многае іншае.

У галіне апрацоўкі драўніны будзе расшырана рэалізацыя паспяховых праектаў на “Івацэвічыдрэў” і “Пінскдрэў”. У тэкстыльнай і швейнай вытворчасці працягнецца мадэрнізацыя Баранавіцкага вытворчага баваўняна-папяровага аб’яднання, Пінскага завода штучнай скуры.

У аснове большасці праектаў – стварэнне новых прадуктаў і вытворчасцяў, якія забяспечаць канкурэнтаздольнасць і эканамічную трываласць.

Будзе развівацца будаўніцтва. Шмат новага і вельмі патрэбнага будзе зроблена ў ахове здароўя, адукацыі, культуры. Як неаднаразова падкрэсліваў Канстанцін Сумар, галоўная задача таго, што робіцца ў вобласці і будзе рабіцца ў наступным годзе і ў больш аддаленай перспектыве, – дабіцца павышэння якасці жыцця людзей.

Дыялог губернатара з журналістамі быў вельмі шчырым, зацікаўленым і канструктыўным. Канстанцін Андрэевіч даў адказы на ўсе зададзеныя пытанні. Ён выказаў сваё стаўленне да таго, што моладзь часта аддае перавагу інтэрнэту, а не газеце, радыё, тэлебачанню; запэўніў, што зусім не супраць, нават наадварот, каб Пінск стаў сталіцай рэспубліканскіх “Дажынак-2015”; што, магчыма, не толькі Жабінка, але і Маларыта стане горадам-спадарожнікам абласнога цэнтра (але спачатку трэба вызначыць і спраектаваць месцы забудовы, у тым ліку інжынерныя камунікацыі, а потым будаваць).

Канстанцін Сумар, адказваючы на пытанне аб захаванні гістарычных каштоўнасцяў, падкрэсліў, што ў гэтым плане ўжо зроблена многае і работа будзе працягвацца.

Праблемы на некаторых прадпрыемствах кіраўнік вобласці звязвае з тым, што там несвоечасова правялі мадэрнізацыю. А на пытанне, калі жыхарам Баранавіцкага раёна можна будзе ў асабістых гаспадарках трымаць свіней, адказаў адназначна: калі гэта дазволяць рэспубліканскія ветэрынарныя службы. І дадаў, што цяпер можна трымаць птушак, кароў, цялят. А калі можна будзе купляць свіней, то маладняк будзе прадавацца комплексамі вобласці.

Пытанне ад ляхавіцкай раёнкі датычыла тэмы, якая часам з’яўляецца ў грамадстве, – называецца яна ўтрыманствам. Канстанцін Андрэевіч нагадаў, што на адной з рэспубліканскіх нарад засяроджваў увагу на гэтым. Грамадства не павінна станавіцца грамадствам спажыўцоў. Стварыць умовы камфортнага пражывання ў той ці іншай мясцовасці – гэта задача ўлады, а ў астатнім “трэба самім наводзіць парадак”. І прывёў прыклад: часам зімою, калі нельга заехаць у двор з-за снегу, людзі наракаюць на гэта, але не возьмуць у рукі лапату і не расчысцяць сумёты…

На пытанне, якія падзеі для кіраўніка вобласці сёлета сталі галоўнымі, Канстанцін Сумар адказаў лаканічна: па-першае, мы не расхісталі сваю эканоміку, у ёй ёсць паступальны рух; па-другое, дэмаграфічны аспект – Брэстчына адзіная сярод абласцей мае натуральны прырост насельніцтва (плюс 207 чалавек); нашы людзі ў любой сітуацыі застаюцца людзьмі, яны вельмі многае зрабілі, яны не губляюць чалавечнасць і жывуць на Брэстчыне ў міры і згодзе. Канстанцін Андрэевіч не рабіў сакрэту з таго, што для яго даражэй усяго, – гэта настрой людзей, якія ідуць на работу, з работы, потым адпачываюць – задаволеныя і шчаслівыя.

А для ляхавічан гэтае сцвярджэнне сёлета мае надзвычай канкрэтнае ўвасабленне – наш абноўлены да «Дажынак» прыгожы і ўтульны райцэнтр стаў такім, дзякуючы больш 100 мільярдам рублёў з абласнога і раённага бюджэтаў, укладзеных у рэканструкцыю, рамонт, добраўпарадкаванне. У гэтага клопату рысы сённяшніх “памаладзелых” жылых дамоў, заасфальтаваных вуліц, добраўпарадкаваных плошчаў, новага-старога кінатэатра, стадыёна, паліклінікі, якая вось-вось прыме пацыентаў…

Канстанцін Сумар падкрэсліў, што ад работы журналістаў многае залежыць і ў рабоце народна-гаспадарчага комплексу, і ў настроі людзей. І што “усе мы, зыходзячы са сваіх сіл і магчымасцяў, зрабілі многае, каб нашы вынікі былі такія, а не меншыя”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *