Петарда – гэта не цацка
Набліжаюцца навагоднія святы. Мы з нецярпеннем чакаем іх. Асабліва непаўторная навагодняя атмасфера вабіць дзетвару. А як жа – ёлка, падарункі, феерверкі…
Не так даўно абыходзіліся бенгальскімі агнямі і хлапушкамі з рознакаляровым канфеці. На змену ім прыйшлі больш эфектныя, маляўнічыя і відовішчныя петарды, феерверкі, ракетніцы. Аднак, выкарыстоўваючы піратэхнічныя вырабы, многія нават не падазраюць, якой небяспецы яны могуць падвергнуць сваё жыццё. Штогод з-за неасцярожнага абыходжання з піратэхнікай адбываюцца пажары, пакутуюць дарослыя і дзеці. Так пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў у ноч на 1 студзеня 2013 года ў краіне траўмы атрымалі 11 чалавек, у тым ліку – трое дзяцей. У Ляхавіцкім раёне такіх няшчасных выпадкаў не дапушчана.
Пазбегнуць іх і ў гэтым годзе – задача акцыі “Бяспечны Новы год”, якая праходзіць у Ляхавіцкім раёне з 9 па 28 снежня. Работнікі Ляхавіцкага РАНС наведвалі прадпрыемствы і арганізацыі горада, агульнаадукацыйныя ўстановы, месцы масавага знаходжання лю-дзей; прайшлі тэматычныя выступленні, адбылася дэманстрацыя тэматычных відэаматэрыялаў.
Каб навагодняя радасць не была перакрэслена надзвычайнымі сітуацыямі, усім трэба прытрымлівацца элементарных правілаў пажарнай бяспекі.
Набывайце піратэхнічныя вырабы толькі ў заводскай упакоўцы. Звяртайце ўвагу на тэрміны прыдатнасці, патрабуйце ў прадаўца сертыфікат яе адпаведнасці. Інструкцыя па ўжыванні павінна быць на рускай (беларускай) мове. Захоўвайце піратэхнічныя вырабы далёка ад награвальных прыбораў у месцах, недаступных для дзяцей (не дазваляйце дзецям гуляць з імі!). Не разбірайце і не падвяргайце іх механічнаму ўздзеянню, не пераносьце ў кішэнях, пад адзеннем. Не выкарыстоўвайце піратэхнічныя вырабы, якія маюць дэфекты: падмоклыя, з расколінамі і іншымі пашкоджаннямі; паблізу жылых дамоў, пры моцным ветры. Не нахіляйцеся над імі падчас выкарыстання, не запускайце паўторна ў выпадку адмовы альбо згарання кнота. Строга выконвайце інструкцыю!
Ірына ТУКАЙ,
спецыяліст РАНС.