Ляховичи: на новогоднее представление были приглашены самые активные ребята района

«Казка ля ёлкі»

”Тайну старога люстэрка” раскрылі на раённым навагоднім прадстаўленні больш як 100 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Лепшыя з лепшых вучні едуць на галоўную ёлку раёна! Гэта паведамленне абляцела ўсе школы, і рабяты ведалі, што білетам у гэтую навагоднюю казку з’яўляецца выдатная вучоба, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, перамогі на прадметных алімпіядах і ў спартыўных спаборніцтвах. Свята ладзілася ў зале ГДК. Многія апранулі маскарадныя ўбранні, дзяўчынкі – бальныя сукенкі, старэйшыя хлопчыкі – строгія касцюмы. І ўсе ў чаканні, што адбудзецца навагодні цуд, як водзіцца…

Ён пачаўся з выступлення старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, які шчыра віншаваў рабят, дзякаваў за іх поспехі, пажадаў новых перамог, выдатных адзнак, спаўнення задуманага. І “загадаў”, каб Дзед Мароз кожнаму ўдзельніку балю выдаў з казачных скарбаў падарункі.

А потым казачнае дзейства пачалося на сцэне, дакладней, у зале. “Дабро перамагло зло”, і навагодні сюжэт працягваўся ўжо ля прыгажуні-ёлкі: карагоды, песні, пляскі, вершы дарылі дзеці Дзеду Марозу і Снягурачцы, а ў адказ атрымлівалі пачастункі і падарункі. Такое ўражанне, што не толькі малодшыя ўдзельнікі прадстаўлення, але і старэйшыя шчыра верылі ў навагоднія цуды. Вось яны і збыліся. Дзякуючы за гэта творчым работнікам цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, культуры.

Напярэдадні Новага года казачныя ранішнікі і балі-маскарады праходзяць паўсюдна. Ні адно дзіця не застанецца без віншаванняў і падарункаў. Як расказала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Жанна Лешык, валанцёры СШ № 2 г. Ляхавічы сабралі грошы, купілі падарункі і наведаліся дамоў да дзяцей-інвалідаў. Дабрачынную ёлку правялі валанцёры і для інвалідаў дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Падрыхтавала і перадала праз арганізацыю Чырвонага Крыжа 87 падарункаў для дзяцей-інвалідаў з Ляхавіччыны жыхарка Чэхіі. Яна не захацела называць сваё імя, проста зрабіла дабро, бо гэта так прыемна…

Тое, што пад Новы год чакаюць цуда не толькі дзеці, але і дарослыя, сведчыць і яшчэ адно мерапрыемства, якое адбылося ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сапраўдны баль-маскарад ладзілі людзі пенсіённага ўзросту. На свята прыйшлі мушкецёры, піраты, доктар Айбаліт, прыгажуня-Вясна і матухна-Зіма, нават вясёлы “цыганскі табар”. Пасля імправізаванага прадстаўлення, якое нікога не пакінула раўнадушным, пажылыя ўдзельнікі свята сабраліся за кубачкам кавы…

Бываюць цуды пад Новы год!

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *