Каб першы лёд не стаў апошнім
За мінулы зімовы сезон у краіне з-за парушэння правілаў паводзін на лёдзе загінула 756 чалавек, з іх – 51 дзіця.
У Ляхавіцкім раёне абышлося без ахвяр. Такая станоўчая дынаміка назіраецца ў нас з 2011 года.
На адным і тым жа вадаёме можна сустрэць чаргаванне льдоў, якія пры аднолькавай таўшчыні валодаюць рознай трываласцю і грузападымальнасцю. Дарэчы, тонкі лёд адрозніць даволі лёгка. Ён мае малочна-каламутны або шэры колер, звычайна наздраваты, правальваецца без папераджальнага патрэсквання. Лёд больш тонкі на плыні, асабліва хуткай, на глыбокіх і адкрытых для ветру месцах, над цяністым і тарфяным дном, ля забалочаных берагоў; у месцах выхаду падводных ключоў, пад мастамі, у вузкіх пратоках; паблізу сцёкаў у вадаёмы цёплых і гарачых вод прамысловых і камунальных прадпрыемстваў; там, дзе расце чарот, трыснёг і іншыя водныя расліны.
Ні ў якім выпадку нельга хадзіць па краі тонкага лёду і па зацярушаным снегам падчас адлігі. Бяспечным для пераходу з’яўляецца лёд з зеленаватым адценнем і таўшчынёй не менш як 7 сантыметраў. Карыстацца пляцоўкамі для катання на каньках дазваляецца пасля праверкі трываласці лёду, таўшчыня якога павінна быць не менш як 12, а пры масавым катанні – не менш як 25 сантыметраў. Правяраць трываласць лёду ўдарамі нагі вельмі небяспечна, для гэтага трэба выкарыстоўваць рыбацкі свідар, пешню або лыжную палку.
Перш чым паехаць на падлёдную лоўлю рыбы або адправіцца ў лыжны паход, прыгатуйце няхітры выратавальны сродак – шнур даўжынёй 12–15 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам 400–500 грамаў (напрыклад, мяшочак з пяском) на другім – і не забудзьцеся ўзяць яго з сабой.
Калі па неасцярожнасці вы ўсё ж праваліліся пад лёд, ні ў якім выпадку не панікуйце, не рабіце рэзкіх рухаў, стабілізуйце дыханне. Раскіньце рукі ў бакі і паспрабуйце зачапіцца за край лёду, надайце целу гарызантальнае становішча па накірунку плыні. І – выбірайцеся.
Калі бачыце, што чалавек праваліўся пад лёд, найперш тэлефануйце па нумары 101. Паспрабуйце дапамагчы самі. Трэба ўзяць доўгую палку, дошку, шэст ці вяроўку (можна звязаць шалікі, адзенне і іншае) і асцярожна паўзком рухацца да палонкі, шырока расстаўляючы рукі і ногі і штурхаючы наперад выратавальныя сродкі. У некалькіх метрах ад палонкі кінуць чалавеку вяроўку, край адзення ці падаць палку. Асцярожна выцягнуць пацярпелага на лёд і разам, паўзком выбірацца з небяспечнай зоны. Трэба як мага хутчэй даставіць пацярпелага ў цёплае месца, зняць з яго мокрую вопратку, энергічна расцерці цела (да пачырванення скуры). Напаіць гарачым чаем і ні ў якім разе не даваць алкаголь. Выклікаць ”хуткую”.
Ляхавіцкі РАНС настойліва рэкамендуе, асабліва рыбакам і паляўнічым, выконваць меры засцярогі. Паважаныя дарослыя, растлумачце дзецям, чаму нельга гуляць каля вады, выходзіць на яшчэ не трывалы лёд.
Дзмітрый НОВІК,
старшы інжынер
Ляхавіцкага РАНС.