Канстанцін Сумар, старшыня аблвыканкама: Час не чакае. Работу трэба фарсіраваць

4 студзеня старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар пабываў у рабочай паездцы ў Ляхавіцкім раёне. Адным з галоўных адрасоў на маршруце быў мясцовы льнозавод. Кіраўнік вобласці пракантраляваў ход будаўнічых работ і рэканструкцыі на прадпрыемстве, якое ўключана ў рэспубліканскую праграму мадэрнізацыі льнаводчай галіны. За час, што прайшоў пасля наведвання губернатарам Брэстчыны сумесна са старшынёй Камітэта дзяржкантролю краіны Аляксандрам Якабсонам ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” (напрыканцы верасня), тут многае змянілася. Будуецца памяшканне будучага цэха, куды ўстановяць ужо закупленае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне для вытворчасці льновалакна. Непадалёку ўзводзіцца шоха для захоўвання трасты. Адначасова мяняецца дах на старых будынках.

Канстанцін Сумар сённяшнія тэмпы работ па мадэрнізацыі на льнозаводзе лічыць нядрэннымі. Хаця адзначыў, што сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкаму давялося прыкласці шмат намаганняў, каб працэс рухаўся хутчэй: “Уся праблема не ў будаўніках, а ў тым, што паўтара года мы чакалі праект ад мінскага інстытута. І дагэтуль не маем поўнасцю гатовага праекта”. Названая прычына ў далейшым можа прывесці да фінансавых выдаткаў: будаўніцтва зацягваецца, а матэрыялы з кожным месяцам даражэюць.

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што да ўраджаю 2014 года новы вытворчы комплекс ільнозавода павінен запрацаваць. Графікі будаўніцтва аб’екта пакуль выконваюцца. Ну, а праблемы праектнага кшталту Канстанцін Сумар прапанаваў вырашыць перадачай пэўнай часткі работ “Брэстпраекту”.

У дзень наведвання прадпрыемства будаўніцтва ішло поўным ходам, у тым ліку і на ўзвядзенні шохі – тут можна гаварыць аб апярэджэнні графіка. 15 студзеня чакаецца паступленне фермаў пад яе дах. Завезлі матэрыял і для даху над новым цэхам. У стадыі вырашэння – “панэльнае” пытанне. Генеральны дырэктар ААТ “Пінсксаўгасбуд” Валерый Мелеш запэўніў губернатара ў своечасовым і якасным выкананні будаўнічых работ, гаварыў аб узнікаючых праблемах і шляхах іх вырашэння. На будаўніцтве задзейнічаны ляхавіцкая ПМК-13, ганцавіцкая ПМК-14, пінская СПМК-35.

Цана пытання ўсёй мадэрнізацыі з рэканструкцыяй вытворчасці на Ляхавіцкім ільнозаводзе – больш за 170 мільярдаў рублёў. У гэтай суме – сродкі з абласнога бюджэту, крэдытная лінія ў “Белаграпрамбанку” – крэдытны рэсурс выдаткоўвае рэспубліка.

Як падкрэсліў Канстанцін Сумар, работа патрабуе дакладнасці і гаспадарскага падыходу. Канкрэтныя заданні губернатар даў генеральнаму дырэктару “Брэстаблаграсэрвіс” Уладзіміру Махначу, будаўнікам, праекціроўшчыкам, кіраўніцтву раёна і завода. Да канца студзеня трэба аддаць пляцоўку пад мантаж абсталявання.

Дарэчы, першым паспяховым вопытам мадэрнізацыі льнаводчай вытворчасці на Брэстчыне стаў Пружанскі льнозавод. “Ляхавіцкі будзе адзін да аднаго як Пружанскі: тэхналагічна – не горшым, па якасці – таксама”, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. Значыць, непараўнальна палепшацца якасць прадукцыі, умовы, прадукцыйнасць працы, адпаведна вырасце і зарплата. Губернатар паставіў яшчэ адну задачу, якую трэба вырашаць адначасова з будаўніцтвам і рэканструкцыяй: аптымізацыя тэрыторыі прадпрыемства і яе добраўпарадкаванне.

У гэты ж дзень Канстанцін Сумар у райвыканкаме правёў рабочую нараду, на якую былі запрошаны кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Як адзначыў губернатар, новы старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч па-гаспадарску пачынае дзейнасць. Разам з тым, Канстанцін Андрэевіч удакладніў: “Хацелася б падвесці пэўныя вынікі з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і старшынямі сельскіх Саветаў, таму што не ўсё адразу яны выконваюць. Пагаварыць з імі пра дапушчаныя недахопы і тыя задачы, якія пастаўлены на гэты год”.

Старшыня аблвыканкама паўтарыў, што Ляхавіцкі раён, якому трэба запрацаваць больш “маторна”, можа і павінен дасягнуць высокіх, вартых вынікаў. Адна з галоўных умоў гэтага – у кожным сельгаспрадпрыемстве павінен быць гаспадар. Не толькі той, хто мае адпаведны дыплом, пасаду і стаж, а сапраўдны гаспадар. Рабі, як для сябе, – будзе добра і для людзей. Гэтай праверанай жыццём мудрасцю кіраўнік вобласці падзяліўся падчас нарады.

Канстанцін Сумар на прыкладзе добраўпарадкавання фермы СВК “Востраў-Агра”, з наведвання якой пачаў сваю паездку па Ляхавіцкім раёне, паказаў зусім не гаспадарскі падыход да справы. Наогул, тэма добраўпарадкавання фермаў і прыфермскіх тэрыторый гучала падчас нарады неаднойчы, закраналіся праяўленні безгаспадарчасці і абыякавасці па многіх адрасах. Вынікам памылак і пралікаў сталі не лепшыя паказчыкі і нізкая зарплата ў СВК “Дарава”, ліпнянскія рэаліі, начаўскія і райаграсэрвісаўскія праблемы, нават “Шлях новы” не стаў выключэннем і трапіў у спіс “недахопшчыкаў” па некаторых жывёлагадоўчых тэмах. Губернатар падкрэсліў вельмі непрыемную акалічнасць: толькі Ляхавіцкі раён праваліў праграму рэканструкцыі і мадэрнізацыі малочнатаварных фермаў…

Сярод праблем раённага маштабу – фарміраванне прадукцыйнага статка. Магчыма, на карысць справы было б стварэнне спецыяльнай групы па яго аднаўленні.

Асаблівая ўвага была засяроджана на эканамічным аспекце. Канстанцін Сумар падкрэсліў жыццёва-важную неабходнасць аздаравіць аграпрамысловы комплекс раёна. Там, дзе займаюцца эканомікай, нават маленькія гаспадаркі маюць прыбытак, і прыкладаў такіх шмат, адзначыў губернатар.

Патрабуюцца колькасць і якасць прадукцыі, патрабуецца дакладнае захаванне тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Возьмем галіну, якая штодня дае жывыя грошы, – малочную. Напрыклад, СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы” закрываюць многія свае фінансавыя патрэбы і выплачваюць зарплату менавіта “малочнымі” грашыма. Губернатар падкрэсліў, што спрадвеку для селяніна кароўка стратнай не была. А вось у некаторых гаспадарках, дзе няма належнага парадку, умудраюцца малочную галіну зрабіць нерэнтабельнай.

Там, дзе жывёлу не дыферэнцыруюць па прадукцыйнасці, не даводзіцца гаварыць пра дыферэнцыраванае кармленне. А кармленне, як вядома, аснова выніку. Няправільным рацыёнам, няякаснымі кармамі псуецца ўся генетыка статка. “Вам вельмі сур’ёзна трэба заняцца тэхналогіяй у жывёлагадоўлі”, – канстатаваў губернатар.

Засяроджвалася ўвага на нізкай якасці кармоў для статка. З-за гэтага на вытворчасць адзінкі жывёлагадоўчай прадукцыі колькасць кармоў значна перарасходуецца, што выліваецца ў дзясяткі мільярдаў “лішніх” рублёў. Такой арыфметыкі не павінна быць, калі мы хочам развівацца.

Старшыня абласнога выканаўчага камітэта акцэнтаваў увагу на ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў у жыцці рэгіёна. Яны абавязаны ўзяць на сябе вырашэнне пытанняў сацыяльнай сферы, добраўпарадкавання населеных пунктаў, паўсюднага навядзення парадку. Быць сярод людзей, ведаць іх праблемы і спрыяць вырашэнню – расклад вядомы, і абыякавасці тут быць не павінна.

Губернатар пацікавіўся ў старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча яго бачаннем праблем і тым, што ўжо зроблена і што плануецца зрабіць, каб паправіць стан спраў у эканоміцы і вытворчасці Ляхавіччыны. Вячаслаў Сельмановіч назваў складальнікі, якія, на яго думку, будуць спрыяць поспеху і на якія не патрабуюцца грашовыя затраты. У першую чаргу, неабходна наладзіць улік, кантроль і дысцыпліну – агульную і тэхналагічную. Выніковая ўвага эканоміцы – адна з галоўных умоў паспяховасці.

Пастаўленыя задачы, канешне, павінны выконвацца. Пакуль жа маем тое, што маем: напрыклад, замест таго, каб пастаўляць на перапрацоўчае прадпрыемства 91 працэнт малака вышэйшай якасці,  у нас гэты паказчык – 84. Раён мінусуе і па вытворчасці малака, і па таварнасці, і па шэрагу іншых паказчыкаў. У любой праблемы, перакананы Вячаслаў Сельмановіч, ёсць свой адрас і канкрэтнае “прозвішча”. І тут жа прыводзіць прыклад “нядобрага вопыту”: на фермах і прыфермскіх тэрыторыях аб’яўлены штотыднёвыя санітарныя дні. Але ў пераважнай большасці выпадкаў гэта застаецца на паперы…

Прагучалі прэтэнзіі ў адрас ветэрынарнай службы на адсутнасць жорсткага кантролю за ўтрыманнем жывёлы, да кіраўніцтва райсельгасхарчу і сельгаспрадпрыемстваў – па многіх пытаннях арганізацыі вытворчасці.

Ішла канкрэтная размова і аб падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ, гатоўнасці тэхнікі (рэальная дата пастаноўкі на лінейку гатоўнасці – 1 сакавіка), забяспечанасці ўдабрэннямі.

Давядзецца вельмі напружана працаваць: губернатар напомніў, што час не церпіць, яго трэба фарсіраваць.

Брэстчына даволі самадастатковая вобласць. Як адзначыў Канстанцін Сумар, 80 працэнтаў сыравіны ў нас сваёй, і мы ж на месцы яе перапрацоўваем. Гэта такая “падушка бяспекі”, якая гарантуе жыццядзейнасць пры любой эканамічнай сітуацыі ў свеце. Частка вобласці – Ляхавіцкі раён – не павінен адставаць: яму па сілах і магчымасцях быць лідарам.

І завяршыў кіраўнік вобласці нараду пранікнёнымі словамі: нас гэта зямля нарадзіла, выхавала, і нам трэба зрабіць усё магчымае для яе росквіту і для таго, каб пасля не было сорамна за свае справы перад нашчадкамі.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

/a

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *