Как провели каникулы школьники Ляховичского района
“Пакарміце птушак”, “Гарадскія пейзажы”, “Моцнае звяно”, “Дарожны лабірынт”. Што аб’ядноўвае гэтыя назвы? Зімовыя канікулы! Шмат мерапрыемстваў ладзілася для рабят раёна падчас іх. Самыя галоўныя і запатрабаваныя – навагоднія прадстаўленні, ранішнікі, касцюміраваныя балі і дыскатэкі. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Зубік, у кожнай навучальнай установе план мерапрыемстваў быў распрацаваны такім чынам, каб на працягу ўсяго дня – з 9 да 18 гадзін (іншы раз і да 20) – рабяты знайшлі для сябе нешта цікавае і карыснае. У многіх школах першая палова дня была аддадзена выхаваўчым праграмам, другая – забаўляльным, спартыўным. Не жадаюць рабяты падчас канікулаў развітвацца з заняткамі ў сваіх любімых гуртках – калі ласка!
У межах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” былі арганізаваны краязнаўчыя паходы аднаго дня па цікавых мясцінах раёна, экскурсіі на прадпрыемствы і ва ўстановы, каб дзеці ведалі не толькі пра мінулае Ляхавіччыны, але і пра тое, чым жывуць землякі сёння. Вучні Свяціцкай школы падчас патрыятычнай акцыі “Абеліск” навялі парадак ля помнікаў загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны. Рабяты з Ліпскай СШ сумесна з райкамам БРСМ правялі акцыю “Падай руку сябру”.
Многія пабывалі ў Белавежскай пушчы, Міры, Нясвіжы, Лядовым палацы ў Баранавічах, Мінску і па іншых маршрутах. Неабыякавыя і ініцыятыўныя прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Падорым усмешку дзецям”, а юныя цімураўцы і валанцёры дапамагалі ветэранам вайны і працы, адзінокім састарэлым, інвалідам.
У час канікулаў у СШ № 1 прайшоў “круглы стол” “Прэзентацыя прафесій”, у СШ № 2 выпушчаны бюлетэнь “У свеце прафесій”.
“Трапны стралок”, “Здаравячок”, “Кветкаводы”, “Спадчына”, “Азімут”, “Вясёлыя ноткі” – гэта аб’яднанні па інтарэсах, пасяджэнні якіх рабятам з Крывошынскай СШ надзвычай падабаюцца. У школе багаты на экспанаты музей, таму экскурсія “Пазнай свой край”, як заўсёды, выклікала цікавасць.
Не сумавалі і гімназісты. Пачаткоўцы ўдзельнічалі ў віктарыне “Зімушка-зіма”, конкурсе малюнкаў “А ў нас за акном”, экскурсіі “У гасцях у Дзядулі Мароза”, спартландыі “Моцныя, смелыя, спрытныя”. Старшакласнікі пабывалі на прадпрыемствах горада, а члены атрадаў міласэрнасці наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дапамагалі ім.
Працавалі і дзённыя лагеры – на гэты раз у шасці навучальных установах (СШ №1, Навасёлкаўскай, Начаўскай, Тальмінавіцкай, Тухавіцкай, Востраўскай СШ), дзе адпачывалі і набіраліся сіл 112 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Юныя аматары спорту большую частку канікулаў правялі ў трэніроўках, удзельнічалі ў спаборніцтвах па футболе, валейболе, настольным тэнісе, шашках і шахматах, армрэслінгу. На жаль, надвор’е не дазволіла пакатацца на лыжах, санках і каньках.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.