Пасля дамашняга каляднага кубка каманда па футзале “Меліяратар” з Ляхавіч прадоўжыла выступленні

«Рэванш  за “дамашняе”  паражэнне.»

Пасля дамашняга каляднага кубка каманда па футзале “Меліяратар” з Ляхавіч прадоўжыла выступленні. Спачатку ў адзін з апошніх дзён “старога” года – удзелам у турніры на кубак Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Спаборніцтвы праходзілі на базе ведамаснага прафілакторыя, маюць гісторыю і вызначаюцца традыцыйна моцным складам каманд-прадстаўнікоў. Апошні раз іх было 6: з Баранавіч, Ліды і наш “Меліяратар” у якасці дэбютанта. З папраўкай, у тым ліку, і на апошні фактар, пятае выніковае месца ляхавічан усхваляць не станем, але паражэннем лічыць не будзем.

Пасля кароткага перапынку ў мінулую нядзелю ўзнавіўся адкрыты чэмпіянат горада Баранавічы па футболе ў залах. У рамках чарговага тура фінальнага этапу спаборніцтваў на паркеце спарткомплексу “Атлант” “Меліяратару” супрацьстаяла каманда з суседніх Ганцавіч. Нагадаем, што іменна ганцаўчане “не пусцілі” нашых футбалістаў у фінал узгаданага каляднага кубка: пасля нічыйнага выніку па заканчэнні гульнявога часу – у серыі пасляматчавых пенальці яны аказаліся больш паспяховымі. Так што, настрой на перамогу ў ігракоў “Меліяратара”, відавочна, прысутнічаў. А гэта – дадатковая самааддача, гульнявая канцэнтрацыя, матывацыя на перамогу. І яна здарылася, а лік 11:4 на карысць дружыны Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм дае падставу назваць перамогу ўпэўненай.

Па словах дырэктара ПМС Сяргея Юшкевіча, на пляцоўцы была каманда, а кожны ігрок – асоба. Выдзяляліся варатар Юрый Кулікоў, які “лавіў усё, што ляцела”, і Аляксандр Ходар, якому, нарэшце, удалося адкрыць свой бамбардзірскі рахунак у складзе каманды.

“Меліяратар” зараз размяшчаецца на другім радку турнірнай табліцы чэмпіянату. Маючы пры гэтым адну гульню ў запасе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://old.kzn.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *