Пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларусі дваццаць сёмага склікання будзе праходзіць з 12 студзеня па 10 лютага ўключна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі ёсць тры спосабы вылучэння. Першы – ад палітычных партый. «Прычым структурныя падраздзяленні партый могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ў адпаведныя Саветы: абласная арганізацыя – у абласны, раённая – у раённы, гарадская – у гарадскі. Гэта найбольш просты і найменш працаёмкі спосаб», – сказаў Мікалай Лазавік.

Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты могуць таксама працоўныя калектывы, да якіх прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні. Як растлумачыў сакратар ЦВК, для таго каб вылучыць свайго кандыдата ў абласны, Мінскі гарадскі Савет, у працоўным калектыве павінна быць не менш як 150 работнікаў. Для таго каб прапанаваць прэтэндэнта на месца ў раённы, гарадскі (гарадоў абласнога падпарадкавання) Савет, калектыў павінен налічваць не менш як 75 чалавек. Пры вылучэнні кандыдатаў у Саветы пярвічнага ўзроўню неабходна, каб у працоўным калектыве налічвалася не менш як 20 работнікаў. «Прычым працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата ў Савет адпаведнага ўзроўню. Прадпрыемства або арганізацыя павінна знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі або раёна», – дадаў Мікалай Лазавік.

Трэці, самы працаёмкі спосаб вылучэння, – збор подпісаў. Законам устаноўлены патрабаванні, што тым, хто прэтэндуе на месца ў Мінскім гарадскім і абласным Савеце трэба сабраць не менш як 150 подпісаў выбаршчыкаў, у раённым, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання) – не менш як 75, а ў Савет пярвічнага ўзроўню – не менш як 20. Перш чым збіраць подпісы, трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу, парадак гэтай працэдуры дакладна прапісаны ў заканадаўстве.

Пасля заканчэння вылучэння дакументы адзіным пакетам падаюцца ў выбарчую камісію. Мікалай Лазавік удакладніў, што дэкларацыю аб даходах і маёмасці не прадастаўляюць тыя, хто прэтэндуе на месца ў Савеце пярвічнага ўзроўню. Астатнім яна патрэбна абавязкова. Калі ў кандыдата ў дэпутаты няма афіцыйных даходаў, у дэкларацыі ён павінен указаць крыніцу, за кошт якой жыве. Пры наяўнасці судзімасці, у тым ліку пагашанай, гэтыя звесткі ўказваюцца ўсімі прэтэндэнтамі на дэпутацкі партфель. «Наяўнасць пагашанай судзімасці не перашкаджае вылучэнню, але выбаршчыкі павінны быць аб гэтым праінфармаваны», – падкрэсліў сакратар ЦВК.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *