Цвёрдасць “Тытана” і вікторыя над “Вікторыяй”
Можна было б выкарыстаць і новамоднае слова ньюсмейкер. Але скажам прасцей: у раёне асноўным пастаўшчыком спартыўных навін становіцца каманда па футболе ў залах “Меліяратар” Ляхавіцкага ПМС. Наш удзельнік адкрытага чэмпіянату горада Баранавічы тур за турам пацвярджае заканамернасць сваіх прэтэнзій на турнірнае лідарства. У мінулую суботу, праўда, здарылася асечка. Крыўдная, як ацаніў яе дырэктар прадпрыемства Сяргей Юшкевіч. Двойчы па ходу гульні з баранавіцкім “Тытанам” “Меліяратар” вёў: спачатку 2:0, затым, пасля абмену галамі, стала 3:1. Магчыма, недацярпелі, а ў шэрагу выпадкаў і фартуна аказвалася не на баку ляхавічан. У выніку фінальны свісток прагучаў пры ліку 3:4 на карысць “Тытана”. Гэта быў перанесены з-за ўдзелу “Меліяратара” ў кубкавых спаборніцтвах матч. Ён жа стаў і першым паражэннем ляхавічан у фінальнай стадыіі турніру
А ўжо ў нядзелю, згодна рэгламенту, праходзілі планавыя гульні. На гэты раз ”Меліяратару” супрацьстаяла “Вікторыя” з горада Баранавічы. На той момант каманда ўзначальвала турнірную табліцу спаборніцтва і, безумоўна, не збіралася здаваць пазіцыю. Не лёс, “Меліяратар” быў супраць, а абгрунтаванасць сваіх прэтэнзій каманда пацвердзіла выніковай гульнёй. Атака атрымалася, і ў варотах “Вікторыі” пабывала 8 мячоў. Баранавіцкія футбалісты здолелі адказаць толькі пяццю трапнымі ўдарамі. Прыгожая перамога вывела нашых землякоў на першы радок турнірнай табліцы.
Дзве апошнія гульні атрымаліся рознымі па малюнку, мелі прынцыпова розны вынік. Але і ў першым, і ў другім выпадках, на погляд Сяргея Юшкевіча, вельмі добра праявіў сябе на паркеце Дзяніс Леснік.
26 студзеня пройдуць сустрэчы чар-говага тура чэмпіянату, дзе “Меліяратар” памераецца сіламі і майстэрствам з камандай Баранавіцкага завода станкапрылад.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з http://futsalby.by/komandy/meliorator/