Гераіня сучаснага раману
Такая ўсмешка не забываецца, яе не зблытаеш ні з якой іншай – прамяністая, шчырая і надзвычай прыгожая. Як і сама яе ўладальніца. Ласкавы і ў той жа час задумлівы позірк, павага і цярплівасць у адносінах да людзей, патрабавальнасць – да сябе, натхненне – у рабоце, разважлівасць і паслядоўнасць – у дзеяннях і нязменнае жаданне быць карыснай і патрэбнай іншым, ні ў якім разе не скарацца праблемам і цяжкасцям. Такая яна ва ўсім – наша зямлячка, прывабная і абаяльная жанчына, клапатлівая мама, любячая і любімая дачка і сястрычка, надзейная сяброўка, цікавы суразмоўца, педагог па прызванні і таленавіты выхавацель – ляхавічанка Наталля Баўтрукевіч. Імя Наталля – азначае “родная”, можа таму яе жыццё практычна непарыўна звязана з малой радзімай – Ляхавічамі, з ціхай і ўтульнай вуліцай 60 гадоў Кастрычніка.
На працягу 20 гадоў Наталля Леанідаўна па звыклай дарозе штораніцу ідзе да сваіх гарэзлівых і цікаўных вучняў у гімназію, дзе навучае іх мілагучнай роднай мове і знаёміць з творчасцю беларускіх паэтаў і празаікаў. Як гэта нялёгка — знайсці агульную мову і інтарэсы з сённяшнімі вучнямі, якія думаюць па-іншаму, многія аспекты жыцця ўспрымаюць зусім не так, як іх равеснікі яшчэ дзесяцігоддзе таму. Але для Наталлі Баўтрукевіч гэта не праблема, а наадварот цікавы момант спасцігання ісціны, думак, рабят і самой сябе. Зусім невыпадкова яна выбрала прафесію настаўніка.
А які разнастайны свет яе захапленняў і інтарэсаў! За знешнім спакоем хаваецца вялікая энергетыка і прыцягальнасць.
Сёння Наталля Баўтрукевіч – суботні госць “ЛВ”.
— Наталля, у адносінах да тых, хто побач, Вы заўсёды праяўляеце ўваж-лівасць, жаданне пачуць і зразумець. А што цэніце ў людзях?
— Для мяне важна, каб у людзях прысутнічалі шчырасць і надзейнасць. Калі чалавек падвёў хаця б адзін раз, то няма ўпэўненасці, што гэта не паўторыцца зноў. Атрым-ліваю задавальненне ад зносін з аптымістамі, тымі, каму ўласціва пачуццё гумару. А падхалімаў і ганарліўцаў не цярплю.
— Ваша прафесія – увасабленне мары дзяцінства?
— Так. Памятаю, што першыя ролевыя гульні былі толькі “ў настаўніцу”. Правярала імправізаваныя сшыткі, малявала на шафе крэйдай, выстаўляла адзнакі ў журнале. Потым вельмі хацелася быць падобнай на сваю першую настаўніцу Алену Антонаўну Жукаву (вучылася Наталля ў СШ №1) — добрага, адкрытага, сумленнага чалавека.
— Ці памянялася з цягам часу ўяўленне пра прафесію настаўніка?
— Лічу, што ва ўсе часы настаўнік павінен не толькі шмат ведаць, прычым у розных галінах, але і ўмець данесці гэтыя веды дзецям, быць выхаваным, прыемным і ветлівым у зносінах і паводзінах. Абсалютна ўпэўнена, што педагог у адказе за кожнае вымаўленае ім слова, любіць справу, якой займаецца, і, канешне, сваіх вучняў. А яшчэ ён здольны арганізаваць, заахвоціць, нават заінтрыгаваць, своечасова пахваліць і, не абражаючы, зрабіць заўвагу.
— Ад якіх памылак у першую чаргу засцерагаеце сваіх вучняў?
— Ёсць вучні, якія радуюць сваіх бацькоў, настаўнікаў, але ёсць і такія, хто не хоча вучыцца. А без ведаў у жыцці немагчыма. Таму заўсёды гавару рабятам, каб не марнавалі час на непатрэбныя рэчы, бо час – скарб, якім не варта раскідвацца. І яшчэ неабходна смела і настойліва рухацца да дасягнення сваёй мэты. Усё атрымліваецца толькі ў настойлівых і апантаных, няхай сабе шляхам спроб і памылак. Як ні дзіўна, я не толькі выхоўваю і вучу жыццю сваю дачку Юлію, але і многаму вучуся ў яе.
— Наталля, як вы лічыце: цяперашнія вучні адрозніваюцца ад тых, якія былі, напрыклад, 10 гадоў таму?
— Значных адрозненняў няма. І ўсё ж сённяшняе пакаленне маладых – асаблівае, вельмі дасціпнае, цікаўнае і, у добрым сэнсе слова, амбіцыёзнае. Некаторыя дарослыя кажуць, што цяпер юнакі і дзяўчаты значна адрозніваюцца ад іх маладых. Лічу, што ў гэтым яны памыляюцца. Проста кожны час накладае свой адбітак на лю-дзей, на іх паводзіны і адносіны да жыцця.
— Што Вы робіце, калі напаткае дрэнны настрой?
— Сказаць шчыра, сумаваць няма часу. Калі ўсё ж такое здараецца, то імкнуся заняцца якой-небудзь надзвычай і важнай справай, каб пераключыцца на пазітыў. Магу патэлефанаваць блізкаму па духу чалавеку, пагаварыць. А калі настрой сапсаваны надоўга – проста трэба перажыць гэта. Рана ці позна замест чорнай паласы абавязкова з’явіцца белая.
Яшчэ асабіста мяне ў такіх сітуацыях выратоўваюць любімыя кнігі.
— Творчасць якіх пісьменнікаў і паэтаў найбольш блізкая?
— З задавальненнем перачытваю творы Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Някляева, Івана Буніна, Барыса Пастэрнака, Антона Чэхава, Эрнэста Хемінгуэя, Стэфана Цвэйга. Гэтыя аўтары ў творах перадаюць глыбіню перажыванняў чалавека, перакананасць у сцвяр-джэнні святла і дабрыні.
— Чым яшчэ любіце займацца ў вольную хвіліну?
— Яго так не хапае – вольнага часу. Здаецца, толькі села на паўгадзіны пачытаць, а твор захапіў так, што не адарвацца: забываеш пра ўсё астатняе. Акрамя чытання атрымліваю непараўнальную асалоду ад зносін з прыгажосцю – дзецьмі, кветкамі і добрымі людзьмі… І абавязкова займаюся спортам.
— Апошняе прызнанне пацвярджае Ваш знешні выгляд. Хто і што дапамагае трымаць сябе у такой выдатнай форме?
— Яго Вялікасць спорт. І, скажу па праўдзе, вучні не даюць нам, настаўнікам, старэць, мы павінны заўсёды мець належны выгляд, быць у тонусе і абавязкова не губляць пачуццё гумару. А для жанчыны і ўвогуле іншага месца, чым на вышыні, быць не можа.
— Наталля, Вы з братам Генадзіем двайняты. Ці адчуваеце адзін аднаго на адлегласці, і як гэта ўплывае на жыццё?
— Зразумела, што з моманту нараджэння мы з Генам заўсёды былі разам: вучыліся ў адным класе, сядзелі за адной партай, адзін за аднаго заўсёды заступаліся і, канешне, падтрымлівалі. Прафесіі выбралі розныя. Зараз Генадзій разам з сям’ёй жыве ў Мінску. У нас вельмі добрыя і даверлівыя адносіны, так увогуле нас і малодшага брата выхоўвалі мама і тата. Безумоўна, мы адчуваем адзін аднаго на адлегласці. Заўсёды адчуваю яго падтрымку, хвалююся за яго і , упэўнена, ён за мяне таксама.
— Наталля, калі б была магчымасць нешта памяняць у жыцці, што гэта было б?
— На розных этапах свайго жыцця, пры магчымасці, многае памяняла б. Напэўна, не так адносілася б да часу – яго вельмі мала, а ляціць так імкліва. І, галоўнае, больш увагі ўдзяляла б родным.
— Наталля, Вашы пажаданні чытачам “ЛВ”.
— У першаю чаргу зычу шчасця, здароўя, здзяйснення ўсіх мар. Кахайце і будзьце каханымі. А яшчэ аптымізму. Аптыміст выйграе ў любой, нават самай складанай сітуацыі.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.