Любімы доктар

Ведаю яе ўсё сваё жыццё. Нават маленькай дзяўчынкай звала паважліва так, як сёння: Клаўдзія Сямёнаўна. На ціхай ляхавіцкай вуліцы Жданава ў двары дома з лістоўніцай часта гучаў акардэон. Тут жыла сям’я Клімашэўскіх: Барыс Сяргеевіч – выкладчык музычнай школы, Клаўдзія Сямёнаўна – урач, загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, іх дочкі-школьніцы Іра і Света і бабуля Іванаўна – маці Клаўдзіі Сямёнаўны. У доме часта пахла пірагамі, у невялікіх пакойчыках былі прапісаны ўтульнасць і парадак, а пад дахам заўсёдная ”хранічная” атмасфера цеплыні, добразычлівасці і любві, уласцівая тэрыторыі, на якой жыве простае чалавечае шчасце.
Для ўсіх “жданаўскіх” суседзяў Клаўдзія Сямёнаўна была хуткай дапамогай. У любы час сутак да яе, інфекцыяніста, як само сабою зразумелае, стукаліся ў дзверы: з галаўным болем, высокай тэмпературай, чырвоным горлам, прыступам астмы, парэзанай рукой, апёкам, балючым жыватом. 03 выклікалі рэдка, ды і навошта, калі побач сваё 03 – добразнаёмае, безадмоўнае, аўтарытэтнае. Дзіўная акалічнасць: нават калі Клімашэўскія пераехалі ў новую кватэру, Клаўдзія Сямёнаўна для многіх былых суседзяў так і засталася першай медыцынскай інстанцыяй, галоўным кансультантам на тэму зда-роўя-нездароўя.
Памятаю яе ў белым халаце, белай шапачцы, з абавязковым фанендаскопам на шыі і заўсёднай шчырай, уласцівай ёй адной усмешкай. Калісьці, больш за паўстагоддзе таму, маладому доктару даводзілася ставіць пацыентам дыягназы, якія сёння, на шчасце, існуюць толькі тэарэтычна. Ды і ўмовы, дзе мясцілася інфекцыйнае аддзяленне, камфортнымі, ні для медыкаў, ні для пацыентаў не былі. Потым ужо, калі з уводам новай бальніцы з’явіўся для яго асобны корпус з ізаляванымі боксамі, пачалася казка, у якой стала светла, прасторна і вакол кветкі.
Колькі тысяч кіламетраў у літаральным сэнсе гэтага паняцця прайшла Клаўдзія Сямёнаўна па сваёй медыцынскай дарозе. Заўсёды пешшу яна спяшалася на работу, а вечарам такім самым чынам дадому, адмаўляючы магчымасць скарыстацца маршрутным аўтобусам. І прыступкі на другі паверх аддзялення адпаліраваны ў тым ліку і яе лёгкімі крокамі, бо штодня, безліч разоў – уверх-уніз, уніз-уверх.
Пацыенты інфекцыяніста – ад немаўляці да самых старэнькіх людзей. Праяўленні захворванняў самыя спецыфічныя, у многіх могуць выклікаць гідлівасць – толькі не ў медперсаналу. Пра хворыя дзіцячыя жывоцікі, запаўшыя ад абязводжвання арганізму вочы, сып на скуры Клаўдзія Сямёнаўна не забывалася і ў выхадныя, і ў час водпуску. Яна з урачоў, у лепшым сэнсе тыповых для свайго часу, калі абраўшы гэту прафесію, увасаблялі не толькі найвышэйшы прафесіяналізм, але ісцінную міласэрнасць, спагаду, адданасць справе і дабрыню. Клімашэўская можа расказваць пра сваю практыку бясконца, пра сваіх калег – з захапленнем, пра дзяцей і ўнукаў – з пяшчотай. Яна вельмі пазітыўны чалавек, таму побач з Клаўдзіяй Сямёнаўнай заўсёды лёгка і светла.
…35 гадоў таму ў перадапошні дзень жніўня ў падарунак мне яна праспявала песню з прыгожымі словамі “Я назаву цябе зорачкай”. Гэта стала адным са шчымлівых успамінаў майго жыцця, у чым я і прызнаюся сёння, і дадаю шчыра. Дарагая Клаўдзія Сямёнаўна, вы цудоўны чалавек і вы цудоўны ўрач. Вашы калегі неаднойчы тэлефанавалі гэтымі днямі ў рэдакцыю, каб напомніць, што ў вас юбілей, і паўтаралі: Клімашэўская ў медыцыне раёна – з’ява. А гэта, згадзіцеся, дарагога вартае. Радасці вам, дабрыні і ўвагі блізкіх і здароўя, якое вы заўсёды дарылі людзям.
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Любімы доктар

  • 05/09/2010 в 10:37
    Permalink

    Милая, добрая, славная Клавдия Семеновна! Рада видеть Вас в полном здравии. Спасибо Вам за Ваш нелегкий труд, за Ваши бессонные ночи. Вы всегда приходили на помощь в трудные минуты, а я хорошо помню те далекие годы, когда мы жили по ул. Жданова и Вы бежали на помощь всем соседям. Вы никогда никому не отказывали в помощи, лечили нас. Здоровья Вам на многие годы.С ув. Л.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *