Шчыры дзякуй нашым медыкам!
Час ад часу кожнаму з нас даводзіцца звяртацца да медработнікаў. Лёс распарадзіўся так, што я часта хварэю. І кожны раз, атрымліваючы дапамогу, пераконваюся, што, акрамя прафесіяналізму і лякарстваў, медыкі лечаць нас яшчэ і сваёй дабрынёй, спагадай і душэўнай цеплынёй.
Больш за 30 гадоў адпрацавала на “хуткай дапамозе” і ўжо каля 7 гадоў працуе фельчарам на Рачканскім ФАПе Леаніда Болтуць. Яна гатова прыйсці на дапамогу ў любы час дня і ночы, а яшчэ заўсёды знойдзе суцяшальныя і падбадзёрваючыя словы, якія паскараюць выздараўленне. Шчырую ўдзячнасць хочацца выказаць і работнікам “хуткай дапамогі”. Менавіта ад іх аператыўнасці і кваліфікаваных дзеянняў часта залежыць жыццё людзей.
Зладжаны і добразычлівы калектыў падабраўся ў тэрапеўтычным аддзяленні нашай раённай бальніцы. Ім кіруе маладая, душой адданая справе загадчыца Аксана Вечар. Лечачыя ўрачы аддзялення Міхаіл Куляшоў, Ірына Волкава, Аляксандр Саракавік – сапраўдныя прафесіяналы. Іх трывалыя веды, падмацаваныя багатым працоўным вопытам, паставілі на ногі сотні пацыентаў.
Надзейныя памочнікі ўрачоў – медсёстры тэрапеўтычнага аддзялення: старшая Таццяна Гурыновіч, працэдурная Марына Бурвель, а таксама Святлана Лойка, Алена Башко, Алена Кульчык, Людміла Шагун, Людміла Варанчак, Наталля Чайкоўская, Галіна Дзімідзенка, Алена Чарамных. Яны сваім прафесіяналізмам, дабрынёй і чуласцю дапамагаюць пацыентам набыць упэўненасць у заўтрашнім дні.
Шмат робіць для хворых і малодшы медперсанал, які забяспечвае ўтульнасць і чысціню.
Жыццё і здароўе – самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. І сэрца напоўнена ўдзячнасцю нашым медыкам на чале з галоўным урачом ЦРБ Уладзімірам Усцюшковым за іх нялёгкую, але такую неабходную працу. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць ім самага лепшага: шчасця, здароўя, дабрабыту, і няхай у іх сем’ях пануюць лад і згода.
З павагай, Сабіна МІКЛАШЭВІЧ, в. Рачканы.