Як бы не загрыпаваць
У студзені на Брэстчыне, у тым ліку ў Ляхавіцкім раёне, сітуацыя па захворванні на грып і ВРЗ знаходзіцца на дастаткова нізкім узроўні. Пад’ём захворвання чакаецца ў пачатку лютага.
Грып – адзінае на сёння інфекцыйнае захворванне, якое выклікае эпідэміі. На яго хварэюць больш, чым на ўсе інфекцыйныя хваробы разам узятыя. Грып наносіць ні з чым не параўнальную шкоду здароўю і вялікія эканамічныя страты дзяржаве і чалавеку асабіста. Ён займае першае месца сярод прычын часовай непрацаздольнасці.
Гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое часцей за ўсё працякае з высокай тэмпературай, агульнай слабасцю, інтаксікацыяй і абавязкова патрабуе лячэння. Не выпадкова ўрач практычна адразу ж дае “грыпуючаму” вызваленне ад работы або вучобы і прадпісвае пасцельны рэжым. Па-першае, каб аблегчыць стан хворага і пазбегнуць ускладненняў, па-другое, каб інфекцыя не распаўсюджвалася далей.
У мэтах прафілактыкі грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый у раёне штогод праводзіцца імунізацыя насельніцтва супраць грыпу. У 2013 годзе ў раёне прышчэплены 10621 чалавек. Вакцына паступала за кошт сродкаў рэспубліканскага, мясцовага бюджэтаў, аплачвалі вакцынацыю сваіх працаўнікоў некаторыя прадпрыемствы, арганізацыі. На бясплатнай аснове прышчэплена насельніцтва, якое адносіцца да групы рызыкі – дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, парушэннем функцыі нырак, ВІЧ-інфіцыраваныя, асобы старэйшыя за 65 гадоў.
Самы надзейны спосаб абараніць сябе ад грыпу – прышчапіцца.
Калі ж інфекцыі не ўдалося пазбегнуць, прытрымлівайцеся наступных парад. Хвораму лепш за ўсё выдзеліць асобны пакой, а астатнім членам сям’і трэба надзяваць медыцынскія маскі або марлевыя павязкі.
Пакой, дзе знаходзіцца хворы, рэгулярна праветрываць (3-4 разы ў суткі па 20-30 мінут) і рабіць вільготную ўборку. Пры размове, кашлі, чханні вакол хворага ўтвараецца своеасаблівая “заражаная зона” з высокай канцэнтрацыяй патагенных вірусаў. Праветрыванне памяшкання змяншае іх утрыманне ў паветры на 80-90 працэнтаў.
Карысна ставіць у пакоі сподачак з надзёртым часнаком, які выдзяляе асаблівыя фітанцыды – сіла ўздзеяння іх на бактэрыі і вірусы прыраўноўваецца да дзеяння высокіх тэмператур.
Не забывайце пра выкарыстанне супрацьвірусных прэпаратаў (аксалінавай мазі, арпетола, рэмантадзіна і інш.).
Для падтрымання імунітэту прымайце полівітамінныя комплексы і імунастымулюючыя сродкі (настойкі жэньшэню, эхінацэі і інш.).
Ужывайце больш агародніны і фруктаў, багатых вітамінам С. Часцей бывайце на свежым паветры. У перыяд пад’ёму захворвання грыпам абмяжуйце паездкі і кантакты, пазбягайце цесных стасункаў з людзьмі з грыпападобнымі сімптомамі.
Васілій СКАРАХОД,
урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.