Сцеражыся аўтамабіля

У мінулым годзе супрацоўнікі АДАІ на тэрыторыі нашага раёна затрымалі 176 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, прычым 13 з іх – паўторна. З 1100 затрыманых за парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходаў 220 таксама былі “пад градусам”.

З 24 кастрычніка 2013 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення”. Ён прадугледжвае і павелічэнне памераў штрафаў, якія накладваюцца ў адміністрацыйным парадку, і узмацненне мер крымінальнай адказнасці. Так, згодна часткі 4 артыкула 3171, п’яны вадзіцель, па віне якога пацярпелы ў аварыі атрымаў цялесныя пашкоджанні ці загінуў, можа атрымаць да 7 гадоў пазбаўлення волі, за гібель двух і больш чалавек — 10 гадоў. Пры гэтым ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакарання за такія злачынствы не прадугледжваецца. Істотна павялічыліся і штрафы за кіраванне транспартным сродкам нецвярозымі вадзіцелямі і цяпер складаюць ад 50 да 100 БВ. Акрамя таго, раней КоАП абмяжоўваў максімальную суму штрафу – яна не магла перавышаць 100 БВ. Напрыклад, нецвярозы кіроўца, аўтамабіль якога без тэхагляду і страхоўкі, учыняе ДТЗ і ўцякае з месца здарэння. Калі скласці штрафы за кожнае правапарушэнне з пералічаных, то атрымаецца сума большая за 100 БВ. Цяпер мінімальная планка – 200 БВ. Увядзенне больш жорсткага пакарання накіравана на аздараўленне сітуацыі. Прадугледжваецца канфіскацыя аўтамабіля ў вадзіцеля, які на працягу года двойчы затрымліваўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Пасля таго, як п’янага вадзіцеля-“паўторніка” затрымалі супрацоўнікі ДАІ, аўтамабіль, на якім учынена злачынства (а кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення паўторна на працягу года – менавіта злачынства, а не правапарушэнне), памяшчаецца на штрафстаянку. Адносна вадзіцеля ўзбуджаецца крымінальная справа па артыкуле 3171 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пасля следства справа перадаецца ў суд, які і выносіць канчатковы прыгавор. У ім, згодна з уступіўшымі ў сілу 24 кастрычніка 2013 года змяненнямі ў КК і іншыя заканадаўчыя акты, як адно з пакаранняў – “спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку” і патрабаванне перадаць гэты аўтамабіль у даход дзяржавы.

Менавіта па такім сцэнарыі ўпершыню праходзіла падобная справа, галоўным фігурантам якой стаў 43-гадовы жыхар Ляхавіцкага раёна. Ён адзін з тых 176 гора-вадзіцеляў, якія летась затрыманы за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Прычым затрыманы двойчы на працягу года. І на гэты раз дарожны парушальнік паплаціўся за непавагу да закона і да бяспекі сваёй і іншых удзельнікаў дарожнага руху не толькі свабодай, але і значнымі грашовымі выдаткамі. Адкрытае судовае пасяджэнне з удзелам абвінавачваемага, іншых нецвярозых парушальнікаў-кіроўцаў, запрошаных дзеля прафілактыкі, адбылося ў снежні 2013 года. І хоць падчас судовага пасяджэння парушальнік поўнасцю прызнаў сваю віну, пакаранне атрымаў жорсткае: яго аўтамабіль канфіскаваны ў даход дзяржавы, прызначаны штраф у памеры 300 базавых велічынь (39 мільёнаў рублёў), а таксама яму давядзецца год адбыць у месцах абмежавання волі. Акрамя таго, ён пазбавіўся права займаць пасады, звязаныя з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, на працягу 5 гадоў.

Гэты грамадзянін стаў першым ”паўторнікам” у нашым раёне, да якога прыменена жорсткае пакаранне па новым заканадаўстве. Але, на жаль, не апошнім. Напрыканцы мінулага года адбыўся суд над яшчэ адным п’яным за рулём (жыхаром Салігорскага раёна), затрыманым на працягу года паўторна на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.

Дарэчы, спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку распаўсюджваецца і на тэхніку, якая належыць прадпрыемствам і арганізацыям любой формы ўласнасці: п’яны вадзіцель можа пазбавіць свайго работадаўца аўтамабіля ці трактара…

Юрый МАЛЕВІЧ,

начальнік АДАІ РАУС.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *