Ляхавіччына: летась гаспадаркі раёна рэалізавалі дзяржаве малака менш, чым у годзе папярэднім

Малочная жывёлагадоўля раёна “кульгае”: летась сельгаспрадпрыемствы раёна рэалізавалі дзяржаве 43409 тон малака — 95,5 працэнта да ўзроўню 2012 года. Па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Шытава, прычыны, якія адмоўна паўплывалі на сітуацыю, відавочныя. Першая тая, што сельгаспрадпрыемствы знізілі пагалоўе кароў: на 1 студзеня 2014 года іх налічваецца 10502 — мінус 235 буронак. Гэтая “эпідэмія” асабліва закранула СВК “Тальмінавічы” (мінус 150 кароў), ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”(мінус 54), ад 9 да 25 жывёлін менш стала ў статках СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”, “Шлях новы”.

Вытворчасць малака знізілі ўсе гаспадаркі, за выключэннем СВК “Ляхавіцкі”. Напрыклад, у ЗАТ “Белпрампрыбор” недабралі ад кожнай каровы 1439 кілаграмаў малака, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 318, больш чым на 200 кілаграмаў малака ад каровы недадаілі ў СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Тальмінавічы”, у аграрным каледжы. У выніку дапушчана зніжэнне валавай вытворчасці прадукцыі ў 8 гаспадарках з 11, а надой на адну карову склаў 4677 кілаграмаў – на 236 кілаграмаў менш, чым у годзе папярэднім.

Адзін з асноўных паказчыкаў – таварнасць малака, якая павінна быць на ўзроўні не менш як 91 працэнт. Аднак, агульнараённая лічба – 87,7 працэнта, большага дабіўся толькі ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзе таварнасць малака склала 92,1 працэнта.

Не дапускаецца ўтрыманне ў малацэ саматычных клетак, антыбіётыкаў і інгібіруючых рэчываў. Дарэчы, у раёне арганізавана дастаўка проб малака ў абласную лабараторыю, аднак летась гэтая магчымасць спаўна выкарыстана не была. Мала таго, многія гаспадаркі з-за ўяўнай “эканоміі” сродкаў не даследуюць дойны статак, а пасля страчваюць мільёны на тым, што атрымліваюць няякаснае малако. Летась сельгаспрадпрыемствы раёна рэалізавалі дзяржаве гатункамі экстра і вышэйшым 78 працэнтаў малака, пры тым, што кожнай гаспадарцы ставілася задача давесці гэты паказчык да 80 працэнтаў. Мала клапаціліся пра якасць малака ў СВК “Дарава”, “ Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Як вынік — недабралі мільярды рублёў.

Колькасныя і якасныя паказчыкі залежаць і ад кармоў, ад таго, наколькі рацыянальна збалансаваны рацыёны. На гэты зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы ў раёне нарыхтавана грубых кармоў 93 працэнты, сакавітых – 120, канцэнтратаў – 78 працэнтаў да патрэбы. Як паказалі даследаванні, значная частка кармавых запасаў мала прыгодная да ўжывання. Але і такіх кармоў дэфіцыт: у СВК “Тальмінавічы” іх хопіць толькі да канца студзеня, у “Ліпнянцы”, магчыма, да сярэдзіны лютага. Гэтым гаспадаркам без старонняй дапамогі не перазімаваць. Як зазначае Аляксандр Шытаў, над стварэннем нармальнай кармавой базы ў кожнай гаспадарцы патрэбна працаваць круглы год. Стварэнне лугапашавых угоддзяў – адзін з важнейшых напрамкаў. Летась закладзена 1598 гектараў пашы інтэнсіўнага тыпу, што складае ўсяго 0,15 гектара на карову. Улічваючы, што асноўныя пашавыя ўгоддзі ўжо састарэлі, гэтага яўна недастаткова для паспяховага вядзення малочнай жывёлагадоўлі.

Яшчэ адзін паказчык, які прама ўплывае на павелічэнне вытворчасці малака, — атрыманне прыплоду. Летась выхад цялят на 100 кароў і цялушак на 5 галоў меншы, чым у годзе папярэднім, і роўны 84. Асноўная прычына – недастатковы кантроль з боку кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў за аднаўленнем статка. А заключаецца ён у незбалансаванасці рацыёнаў для матачнага пагалоўя, адсутнасці паточна-цэхавай сістэмы ў малочнай жывёлагадоўлі, у несвоечасовым правядзенні прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў, а таксама ў тым, што дысцыпліна ў працоўных калектывах часам патрабуе сур’ёзнай карэкціроўкі. Для паспяховага вядзення работы па аднаўленні статка мэтанакіравана вырошчваецца рамонтны маладняк, сярэднясутачныя тэхналагічныя прывагі якога павінны складаць 700 грамаў. Летась па раёне яны склалі 615 грамаў, а ў многіх гаспадарках і таго менш. І зноў, на думку спецыялістаў, прычына ў тым, што не даглядзелі, не дадалі, не зрабілі, а калі зрабілі, то абы з рук. Так, як, напрыклад, рыхтавалі МТФ да зімы, а цяпер прыціснулі маразы і на многіх выйшлі са строю сістэмы водапаення і гноевыдалення, там скразнякі, там не зачыняецца…

Калі прааналізаваць прычыны недабору, то яны атрымліваюцца аднаго накірунку – абыякавасць, безадказнасць, незацікаўленасць як кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, так і радавых работнікаў. Магчыма, варта перагледзець не толькі рацыёны кармлення?

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *