В Ляховичах открыта реконструированная, модернизированная районная поликлиника /фото/
Здаровае наваселле
Мароз і сонца – дзень цудоўны! Для ляхавічан сённяшняя пятніца з яе зімовымі атрыбутамі была цудоўнай шматразова: спраўдзілася доўгачаканая падзея – адкрыта рэканструяваная, мадэрнізаваная раённая паліклініка. Як сказаў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык, больш дакладным будзе назваць аб’ект новабудоўляй.
Нягледзячы на мароз, падзея сабрала вельмі многіх землякоў. Разам з кіраўніцтвам раёна, медыкамі, будаўнікамі тут былі прадстаўнікі многіх працоўных калектываў, гараджане, вяскоўцы. Першае слова – старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу, які гаварыў пра значнасць і важнасць падзеі, падзякаваў абласному выканаўчаму камітэту, асабіста старшыні Канстанціну Сумару і яго намесніку Леаніду Цупрыку, дзякуючы якім гэта шыкоўнае наваселле стала магчымым. І, канешне ж, асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас будаўнікоў.
24 мільярды рублёў з бюджэту ўкладзены ў рэканструкцыю і мадэрнізацыю паліклінікі. Непараўнальна палепшыліся ўмовы для медыцынскіх работнікаў і пацыентаў. Плануецца насычэнне гэтай установы аховы здароўя новым абсталяваннем, што дазволіць праводзіць больш дакладную дыягностыку, узніме медыцынскае абслугоўванне на новы, больш высокі ўзровень. Дарэчы, новая паліклініка разлічана на прыём 420 пацыентаў за змену, што на 70 больш, чым было да гэтага.
Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык падкрэсліў той вялікі дзяржаўны клопат, які на Брэстчыне праяўляецца ў адносінах аховы здароўя. Ляхавіцкая адбудаваная паліклініка – толькі адзін з прыкладаў, але вельмі красамоўны. Леанід Аляксандравіч адзначыў ролю і настойлівасць раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам, якія паспрыялі таму, што гэта падзея адбылася. Пастараліся і будаўнікі. Цяпер справа за медыкамі. І яшчэ намеснік старшыні аблвыканкама падкрэсліў, што абласная ўлада будзе спрыяць таму, каб Ляхавіцкая ЦРБ была аснашчана сучасным медабсталяваннем.
Для начальніка ПМК-13 Міхаіла Шэйды, чыя арганізацыя ў ліку 11 іншых працавала на рэканструкцыі паліклінікі і была галоўным выканаўцам работ, гэты аб’ект чарговы. Але, як падкрэсліў Міхаіл Антонавіч, асаблівы: тут стаяць на варце самага дарагога багацця – здароўя. Менавіта з пажаданнем здароўя ўсім землякам ён перадаў сімвалічны ключ галоўнаму навасельцу – галоўнаму ўрачу ЦРБ Уладзіміру Усцюшкову.
У сваю чаргу, Уладзімір Рыгоравіч ад імя ўсяго калектыву медработнікаў падзякаваў абласной, раённай уладзе, будаўнікам, усім, дзякуючы каму з’явілася выдатная, зусім новая паліклініка ў нашым райцэнтры. І запэўніў, што ў такіх умовах эфектыўнасць працы медыкаў стане больш высокай і выніковай.
Ганаровае права перарэзаць стужку і адкрыць паліклініку было дадзена намесніку старшыні аблвыканкама Леаніду Цупрыку, кіраўнікам райвыканкама Вячаславу Сельмановічу і раённага Савета дэпутатаў Яўгенію Юрлевічу, галоўнаму ўрачу ЦРБ Уладзіміру Усцюшкову.
Госці прайшліся па новым будынку паліклінікі, пад дахам якой, дарэчы, размясцілася і аптэка, зазірнулі ў кабінеты і, канешне, уручылі падарункі навасельцам. Як падкрэсліў Вячаслаў Сельмановіч, актыўнымі спонсарамі ў гэтай важнай справе выступілі многія працоўныя калектывы. Але пра гэта, як і пра саму новую паліклініку, больш падрабязна ў адным з бліжэйшых нумароў “ЛВ”.
…Здароўе – галоўнае багацце чалавека. Хто гэта стане аспрэчваць?! Менавіта здароўя ўсім землякам жадалі падчас адкрыцця ўстановы, якой належыць стаяць на яго варце, усе выступаючыя. Будзь здаровай і ты, такая патрэбная, неабходная, запатрабаваная медыцына!
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.