Патрабуецца эфектыўнасць
Складальнікамі эфектыўнасці з’яўляюцца мадэрнізацыя, прыцягненне інвестыцый і строгая дысцыпліна. Гэтыя тэмы былі самымі абмяркоўваемымі на сходзе гаспадарчага актыву раёна.
Традыцыйнаму на пачатку года сходу актыву папярэднічала надзвычай важная і вельмі прыемная падзея – адкрыццё пасля рэканструкцыі з мадэрнізацыяй раённай паліклінікі. Гэта чарговае сведчанне дзяржаўнага клопату з’яўляецца аптымістычным працягам аднаўлення, новага будаўніцтва, добраўпарадкавання Ляхавіччыны.
На раённым сходзе гаспадарчага актыву, які адбыўся ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры, былі прааналізаваны вынікі работы народнагаспадарчага комплексу Ляхавіччыны ў 2013 годзе. Кіраўнікі органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся, каб зрабіць высновы, вызначыць задачы і шляхі вырашэння праблем для ўпэўненага і мэтанакіраванага развіцця.
Намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык, які прыняў удзел у рабоце сходу, адзначыў, што для далейшагу руху наперад галоўнае – эфектыўная работа ўсіх галін вытворчай і сацыяльнай сферы. Актыўная гатоўнасць выкарыстоўваць наяўныя рэзервы, строгае захаванне тэхналогіі ў вытворчасці сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, рацыянальнае выкарыстанне як дзяржаўных, так і ўласных сродкаў, агульная зацікаўленасць у канчатковым выніку – асноўныя, па меркаванні Леаніда Цупрыка, складальнікі паспяховага развіцця раёна і сёлета, і на перспектыву. Сярод патрабаванняў дня – мадэрнізацыя, прыцягненне інвестыцый, строгая дысцыпліна – усё, што ўплывае на эфектыўнасць.
Брэстчына – адзіная ў рэспубліцы вобласць, у якой зарэгістраваны прырост насельніцтва. А ў Ляхавіцкім раёне яго колькасць змяншаецца. На думку намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка, гэтае пытанне ўшчыльную звязана з магчымасцю працаваць і атрымліваць за гэта матэрыяльнае ўзнагароджанне – дастойную зарплату, іншымі словамі. Таму для нашага раёна вельмі актуальнай праблемай з’яўляецца стварэнне новых вытворчасцяў, новых рабочых месцаў. Адпаведна, на парадку дня – пошук інвестараў.
– Радуе тое, што кіраўніцтва раёна ўсведамляе, у чым ёсць недапрацоўкі, і вызначае, як іх вырашаць. А патэнцыял у багатай на слаўныя традыцыі і вытворчыя здабыткі Ляхавіччыны ёсць, – зазначыў Леанід Аляксандравіч.
На актуальных праблемах дня акцэнтаваў увагу старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Кіраўнік раёна дэталёва прааналізаваў леташнія недапрацоўкі і акрэсліў магчымасці выпраўлення сітуацыі, гаварыў пра тое, у якім накірунку неабходна развіваць эканоміку.
Ляхавіцкі раён аграрны, таму сельскагаспадарчая тэма была сярод галоўных. Як прагучала ў дакладзе, за мінулы год тэмп росту валавой прадукцыі аграсектара склаў 89,9 працэнта да ўзроўню 2012 года пры прагнозе 106 працэнтаў. Вячаслаў Сельмановіч канстатаваў: па вытворчасці прадукцыі на ўзровень 2012 года не выйшлі ўсе сельгасарганізацыі раёна, а, напрыклад, па СВК “Тальмінавічы” гэты паказчык склаў 67,7 працэнта, “Ліпнянка” – 70,1. І гэта мінус не толькі для аграрнага сектара, але і для перапрацоўчай прамысловасці, якая на Ляхавіччыне напрамую звязана з сельскай гаспадаркай. У разліку на аднаго сельгаспрацаўніка выпушчана валавой прадукцыі на 171 мільён рублёў у супастаўных цэнах (91 працэнт да 2012 года). Лепшы паказчык у ЗАТ “Белпрампрыбор” (245 мільёнаў рублёў), “Шлях новы” (203), “Ляхавіцкі” (197), “Жарабковічы” (190), а самы нізкі – у “Ліпнянцы”, “Востраве-Агра” – па 98 мільёнаў рублёў. І як індыкатар зробленага – сярэднямесячная заработная плата. Для параўнання: у “Ляхавіцкім” яна складае 4771 тысячу рублёў, у “Тальмінавічах” – 2321.
Па выніках работы за 11 месяцаў мінулага года са стратамі спрацаваў “Белпрампрыбор”.
На 5,7 працэнтных пункта ў раёне знізілася рэнтабельнасць продажу сельгаспрадукцыі. Яе самы высокі ўзровень дасягнуты ў “Жарабковічах”, “Шляху новым” і “Ляхавіцкім”.
Кіраўнік раёна спыніўся на рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Сярод асноўных станоўчых момантаў у нашым раёне – увод у эксплуатацыю новых сушыльных комплексаў, сучасных малочнатаварных фермаў у “Ляхавіцкім” і “Шляху новым” абнаўленне камбайнавага парку. Разам з тым, з 7 заданняў па аб’ёмах вытворчасці сельгаспрадукцыі выкананы толькі 3: па вытворчасці цукровых буракоў, ільновалакна і рэалізацыі жывёлы на забой. Як заўважыў Вячаслаў Сельмановіч, не варта спасылацца толькі на неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Свой “уклад” у невыкананне заданняў унесла дрэнная арганізацыя работ у некаторых сельгаспрадпрыемствах. Мелі месца недапрацоўкі і парушэнні галіновых рэгламентаў пры апрацоўцы глебы, сяўбе і ўборцы сельгаскультур. Як вынік – летась недаатрымана прадукцыі на 62 мільярды рублёў.
Нямала набалелых пытанняў і ў жывёлагадоўлі. Статак буйной рагатай жывёлы за год скараціўся на 508 галоў і складае 28784. Найбольшы мінус дапушчаны ў “Ліпнянцы” (200 галоў). Знізілі вытворчасць малака ўсе гаспадаркі за выключэннем “Ляхавіцкага”, “Начы”, “Дарава”. Ад кожнай каровы ў сярэднім па раёне надоена 4678 кілаграмаў малака, што ніжэй узроўню 2012 года на 235 кілаграмаў. У дакладзе дадзены падрабязны аналіз прычын змяншэння валавой вытворчасці гэтага стратэгічнага прадукту, і адной з галоўных называлася адсутнасць працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Спецыялісты гаспадарак іншы раз не зацікаўлены ў тым, каб арганізаваць якасную вытворчасць запатрабаванай прадукцыі ў неабходным аб’ёме. Над дысцыплінай трэба працаваць. Гэта датычыцца і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, якім неабходна дэталёва ўнікаць у пытанні тэхналогіі, прапаноўваць шляхі вырашэння тых ці іншых праблем і абавязкова кантраляваць выкананне даручэнняў.
Кадравае пытанне ў многіх сферах вызначальнае. І сельская гаспадарка не выключэнне. Як заўважыў Вячаслаў Сельмановіч, зарплата – гэта важна, але адной заработнай платай маладога спецыяліста ў вёсцы не затрымаеш. Неабходна стварыць усе ўмовы і для работы, і для кар’ернага росту, і для адпачынку. А яшчэ варта наладзіць больш актыўную прафарыентацыйную работу з тымі, хто плануе паступаць у аграрныя навучальныя ўстановы.
Галоўны вектар развіцця прамысловасці ў раёне – фарміраванне канкурэнтаздольнага інавацыйнага прамысловага комплексу, арыентаванага на стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў і рост прадукцыйнасці працы. Гэтыя задачы актуальныя тым больш, што ўсе прамысловыя прадпрыемствы раёна знізілі аб’ёмы вытворчасці.
Ёсць і станоўчае ў прамысловым сектары Ляхавіччыны: выканана заданне па скарачэнні складскіх запасаў гатовай прадукцыі, усе прадпрыемствы галіны, акрамя льнозавода, спрацавалі ў 2013 годзе з прыбыткам, на 3,6 працэнта павялічылася сярэдняя рэнтабельнасць продажу (лепшыя паказчыкі на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ТАА “Трансэлектракамплект”).
Па выніках 2013 года ў раёне стратна спрацавалі льнозавод, ПМК-17, РКБА і “Белпрампрыбор”.
Адной з нявырашаных праблем кіраўнік раёна назваў нізкую прадукцыйнасць працы па дабаўленай вартасці. Для параўнання: на малочным заводзе яна складае 34 тысячы долараў, ільнозаводзе – 2,2 тысячы долараў. З мэтай павышэння дабаўленай вартасці, зніжэння матэрыялаёмістасці, павелічэння рэнтабельнасці продажу ў 2014 годзе прадоўжыцца мадэрнізацыя вытворчасці на кожным прадпрыемстве. Інакш выжыць ва ўмовах узрастаючай канкурэнцыі немагчыма.
Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі – адзін з галоўных параметраў, які забяспечвае фінансавую стабільнасць. За студзень-ліпень 2013 года экспарт тавараў у 17 краін свету склаў усяго 87 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2012 года.
Дакладчык спыніўся на плюсах і мінусах будаўнічага комплексу раёна, асноўных накірунках сацыяльнай палітыкі. У прыватнасці, гаварыў пра рост заработнай платы, стварэнне належных умоў для далейшага паляпшэння якасці адукацыі, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, пра стан правапарадку на тэрыторыі раёна.
Пра вынікі работы за мінулы год і задачы на гэты гаварылі пракурор раёна Сяргей Дзяжко, дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Андрэй Ляшчэня, старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Аляксандр Трыбухоўскі, дырэктар Свяціцкай СШ Людміла Бародка, старшая медсястра аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы Галіна Маневіч. На тэме барацьбы са злачыннасцю акцэнтаваў увагу намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Віктар Савіч.
Што неабходна для таго, каб бягучы год стаў больш выніковым, чым папярэдні? Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, рэцэпт аздараўлення сітуацыі нескладаны: кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў павінны наладзіць кантроль і улік, забяспечыць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну, арганізаваць сваю работу і работу падначаленых, стварыць такія ўмовы, каб кожны член калектыву ішоў на работу з добрым настроем і ўпэўненасцю ў значнасці свайго ўкладу ў агульны вынік.
Старшыні райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч уручылі лепшым з лепшых, хто сваімі працоўнымі дасягненнямі і творчымі здабыткамі прымнажае гонар і славу Ляхавіччыны, ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы. Узнагародамі адзначаны арганізацыі, якія прызнаны пераможцамі па выніках спаборніцтваў на лепшую арганізацыю аховы працы, раённай спартландыі, конкурсу на лепшае навагодняе афармленне.
Самадзейныя артысты і творчыя калектывы падарылі ўдзельнікам сходу канцэртную праграму.
У фае ГДК экспанавалася выстава прадукцыі, якую выпускаюць прадпрыемствы Ляхавіччыны. Можна было прадэгуставаць ”смачныя прапановы” ад малочнага, кансервавага заводаў, кааппрама.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.