На жывёлагадоўчых комплексах і МТФ Ляхавіцкага раёна кожны тыдзень праводзяцца санітарныя дні

Патрабаванне да любой вытворчасці – абавязковае захаванне санітарных нормаў. У выпадку малочнай жывёлагадоўлі гэта адна з важнейшых гарантый атрымання высакаякаснай прадукцыі.

Наколькі складана дабіцца парадку на МТФ? Калі пастаянна ўдзяляць увагу навядзенню чысціні, то застаецца толькі работа па яе падтрымцы. Калі ўсё запушчана, то, зразумела, дабіцца парадку цяжка. У гэтым чарговы раз пераканаліся, калі ў “чысты чацвер” наведалі некалькі малочнатаварных фермаў раёна.

На Русінавіцкім малочным комплексе ўжо з пяці гадзін раніцы трактар расчышчаў дарогу і пад’язныя шляхі, каб малакавоз мог без праблем даехаць да малочнага блока. Загадчык комплексу Ігар Бубенчык яшчэ да пачатку дойкі прааналізаваў намечаныя на “чысты чацвер” справы. Тут традыцыя: кожны тыдзень складаецца план работ, якія неабходна выканаць у санітарны дзень, а пасля ў акце адлюстроўваецца зроб-ленае і намячаецца новае. Адразу пасля дойкі пачалася ўборка кароўніка, даільнай залы, ачыстка трубаў малакаправода, інвентару, дэзынфекцыя. У бытавых памяшканнях прыбіраюцца штодня. Напярэдадні адрамантавалі даільную залу, пабялілі сцены ў цэху сухастою, касметычны рамонт мяркуюць правесці і ў астатняй частцы фермы. Пры ўваходзе ў любое вытворчае памяшканне, бытавыя пакоі, кабінеты спецыялістаў ляжаць свежазапраўленыя дэзынфікуючым рэчывам “падушкі” для абеззаражвання абутку. Амаль круглыя суткі працуе пральная машына, аператары заўсёды карыстаюцца чыстымі сурвэткамі і апранаюцца ў чыстае спецадзенне.

Як паведаміў намеснік старшыні СВК “Ляхавіцкі” Уладзімір Ксёнжык, у мінулы чацвер, як і ў любы іншы дзень, на комплексе надоена 8200 тон малака, гатунак – экстра. І нават марознымі днямі такія надоі тут пастаянныя (кожная карова дае ў сярэднім па 20,9 кілаграма малака), як і якасць прадукцыі.

Супрацьлеглае становішча на малочнатаварнай ферме “Літва” СВК “Дарава”. Загадчык МТФ Алег Беляновіч бездапаможна разводзіў рукамі: моцныя маразы значна дабавілі турбот, якіх і так, хоць адбаўляй. То ў адным памяшканні, то ў другім размарожваецца водаправод. Яго, парушаючы ўсе меры бяспекі, грэюць паяльнымі лямпамі – лічаць, што другога выйсця няма.

Час набліжаўся да паўдня, а да ўборкі фермы рукі яшчэ не даходзілі. Транспарцёры старыя, ламаюцца, адзін слесар на ўсе памяшканні не спраўляецца. Падаслаць кароў няма чым. Па словах загадчыка фермы, лепшы варыянт у іх умовах – пілавінне або саламяная сечка – лягчэй для выдалення, але няма ні таго, ні другога. Алег Беляновіч паабяцаў, што памыюць даільнае абсталяванне і малакаправод, а пасля здачы малака – халадзільнік.

– У нас на ферме працуе многа выпадковых людзей, – з горыччу расказвае загадчык МТФ. – Сорамна сказаць, але жанчыны п’юць гарэлку – ім, зразумела, не да таго, каб выконваць свае вытворчыя абавязкі, як належыць. Бывае, прашу выйсці на работу былых даярак, якія даўно на пенсіі. Самай стараннай даярцы-пенсіянерцы Марыі Марчык, якая яшчэ працуе, штодзень абяцаю залатыя горы, каб хоць не пакінула работу, а на справе няма нават прыстойнай зарплаты…

Гаварыць пра якасць малака, атрыманага ў такіх умовах, не даводзіцца – другі гатунак. Па выніках мінулага года толькі 14 працэнтаў надоенага залічана вышэйшым. У пробах перавышаюць дапушчальную норму саматычныя клеткі.

Намеснік начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў расказаў, што кадравая праблема ў гэтай гаспадарцы стаіць надзвычай востра. Неўкамплектавана інжынерная служба, не запоўнены штат ветэрынарна-заатэхнічнай, катастрафічна не хапае радавых работнікаў. Думалі, што праблему вырашыць добраўпарадкаванае жыллё, але сёння, хоць вырас цэлы пасёлак катэджаў і ўсе яны заселены, працаваць няма каму: людзі едуць у Баранавічы шукаць больш аплатнай работы. Заробкі ў сельгаскааператыве мізэрныя. Алег Беляновіч расказаў, што, напрыклад, іх слесару налічваецца зарплата 900 тысяч рублёў і даплачваецца да мінімальнай. Самай “высокааплатнай” даяркай лічыцца Людміла Прыступа, якая працуе на раздоі першацёлак у рэканструяваных памяшканнях і атрымлівае каля 3 мільёнаў рублёў. Зарплата астатніх даярак – “мінімалка”, у лепшым выпадку можа дацягнуць да 2 мільёнаў.

Як зазначае Аляксандр Шытаў, для людзей трэба стварыць належныя ўмовы працы, а тут памяшканні і абсталяванне развальваюцца, на МТФ, у тым ліку і на рэканструяванай, няма нават элементарнай бытоўкі. Работнікам неабходна даць не толькі зручнасці, а і магчымасць зарабіць грошы.

Апошнім адрасам на маршруце дня быў Вялікалотаўскі малочны комплекс СВК “Шлях новы”, уражанні ад наведвання якога засталіся самыя лепшыя. Закончыўшы дойку, аператары і ўсе работнікі комплексу мялі, мылі, чысцілі, прыбіралі. Улічваючы тое, што на двары марозна, слесары трымаюць пад кантролем сістэму падачы вады (дарэчы, гарачая вада ёсць пастаянна). У памяшканнях цёпла, а як толькі адпусцяць маразы, зноў плануецца пабелка сцен і столі ў кароўніках. Прыемна зайсці ў кабінет загадчыцы Валянціны Курловіч: цёпла, растуць вазоны, а на сценах уся неабходная нагляднасць. Тут і распарадак дня, і інфармацыя пра надоі, рацыёны кармлення. На стале пыхкае чайнік – жанчыны якраз збіраліся крыху адпачыць. Зразумела, што ў такіх умовах працаваць прыемна. Таму і вынікі радуюць: летась “Шлях новы” адправіў на малаказавод 92,5 працэнта малака гатункамі экстра і вышэйшым. Уклад Вялікалотаўскага комплексу важкі.

Важнасць правядзення санітарных дзён на малочнатаварных фермах пераацаніць цяжка – гэта першачарговая ўмова для атрымання якаснай прадукцыі. Летась, напрыклад, у тым ліку і з-за таго, што гаспадаркі ўдзялялі недастаткова ўвагі гэтаму пытанню, недаатрымана 5 мільярдаў 35 мільёнаў рублёў выручкі. За такія грошы можна было б набыць 630 тон паліва, якога так не хапае многім сельгаспрадпрыемствам…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *