Перамога Фёдара Лойкі

Яны, сваёй Радзімы вартавыя,
Змаглі навалу чорную зламаць.
На іх грудзях, як сведкі баявыя,
Медалі чыстым
золатам гараць.
Вера ДЫДЫШКА.

У Ляхавічах Фёдара Фёдаравіча добра ведаюць і паважаюць: заслужаны чалавек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны – такіх па праву называюць гонарам зямлі беларускай. У яго жыцці было шмат выпрабаванняў, і Фёдар Лойка прайшоў праз іх годна.

Песня пра маці

Дзеці пасміхаюцца: трэба ж, ніхто з іх не мае песеннага голасу, а дзядуля Фёдар – душа хору ветэранаў. Аб’ездзіў разам з самадзейным калектывам “Сівізна” ўвесь раён, не раз завітвалі і да суседзяў – у Ганцавічы, Клецк, Баранавічы, нават у Брэсце спявалі нашы ветэраны.

Ох, рабяткі, і люблю я песню! – гаворыць дзядуля. – Не паверыце, маладзею, калі чую пераборы баяна, а душа так і просіць зацягнуць любімую…

А любімая ў яго – песня пра маці, якая адправіла на вайну чатырох сыноў. Калі спявае яе Фёдар Фёдаравіч, то зморшчынкі вакол яго добрых вачэй пачынаюць блішчаць слязой. Ён успамінае сваю матулю, лёс у якой быў вельмі падобны на сюжэт любімай песні. Яна праводзіла на вайну трох сыноў. Прычым, першым пайшоў з хаты самы меншы і самы любімы – Фёдар, якому яшчэ не было і 15 гадоў – не на вайну, а за лепшай доляй – у Ліду, вучыцца ў рамеснае вучылішча. Прайшоў толькі першы курс навучання, як пачалася вайна.

Ужо чутна была ваенная кананада, сябры спешна вярталіся дамоў: хто самастойна, па каго прыехалі бацькі ці сваякі. Фёдар спачатку разгубіўся, не ведаў, куды падацца, а пасля вырашыў ісці ў Маскву. Нейкім цудам удалося трапіць на таварняк, дабраўся да Куйбышава, а далей быў Ульянаўск, дзе юнак усё ж закончыў вучылішча і пайшоў працаваць памочнікам машыніста цягніка. Кавалак хлеба зарабляў сумленна, нягледзячы на тое, што быў малы і вельмі худы, работу сваю выконваў спраўна. Няшчасце напаткала: у цеплавозе ўзарваўся бак, і хлопец моцна апарыўся кіпенем.

…У бальнічнай палаце ціха. Увесь у бінтах, Фёдар стараецца не плакаць ад болю і суму: перад вачамі яго вёсачка Канюхі, маленькая хатка і матуля на парозе.

Выздараўліваў цяжка і доўга, а калі стаў на ногі, то, перш чым на работу, пайшоў у ваенкамат з просьбай адправіць на фронт. Крыху не дарос да прызыўнога ўзросту, аднак у 43-м прыйшла павестка.

Ішоў хлопец па вайне

Чыта-2: навокал тайга, падраздзяленне зенітнай артылерыі. Тут пачыналася вайсковая служба Фёдара Лойкі. Паўгода вучобы праляцелі хутка, рыхтаваўся на фронт, але захварэў. Зноў шпіталь, цяпер у горадзе Пенза. А як пайшоў на папраўку, атрымаў загад застацца тут старшыной да поўнага выздараўлення. Гэта не ўваходзіла ў планы Фёдара: хацеў на фронт. Улічваючы, што ён з Заходняй Беларусі і вучыўся ў польскай школе, накіравалі ў другую Польскую армію ў якасці інструктара палка. Адначасова спасцігаў ваенную спецыяльнасць дальнамершчыка. Адказная задача ўскладалася на плечы маладога байца Лойкі: ад таго, наколькі дакладна ён вызначыць адлегласць да варожага аб’екта, які трэба было знішчыць зенітчыкам, залежаў часам зыход аперацыі. У яго ўсё атрымлівалася: вызначаныя каардынаты не давалі прамахнуцца. І кожны раз ён рызыкаваў сабой, бо дальнамершчыкі былі мішэнямі для снайпераў.

Так з баямі дайшоў да Балтыкі, пасля вызваляў Варшаву.

Многія эпізоды вайны – атакі, абарона, узяцце варожых вышынь, калі да смерці “чатыры крокі” – і сёння вяртаюцца ў снах.

– Памятаю сяброў-аднапалчан, многія з якіх загінулі на маіх вачах, – расказвае Фёдар Фёдаравіч, зноў і зноў перажываючы тыя імгненні, змахвае з твару скупую мужчынскую слязу. – Маладымі засталіся навек…

Яму ж было наканавана далей ісці па вайне, выконваць місію салдата-вызваліцеля. На подступах да Берліна было асабліва цяжка: фашысты трывала замацаваліся на сваіх апошніх рубяжах.

Палку, дзе служыў Фёдар Лойка, заставалася да Берліна 16 кіламетраў. Пасля бясконцых баёў, з якімі выйшлі на ўзлесак, раптам наступіла цішыня. На фронце кароткія перадышкі кожны салдат выкарыстоўвае па-свойму: хто піша запаветныя радкі дамоў, хто шукае і не знаходзіць баявога сябра, а хто проста адпачывае. Фёдар агледзеўся: прыгожы лес, беластволыя бярозы, а з-пад апалага лісця выглядаюць першацветы, далей – луг, неба сіняе… Такая ж вясна прыходзіць і ў яго родную старонку. І зноў успомнілася маці, маленькая хатка пад ліпамі, браты, якія таксама на фронце.

Думкі перапыніла бязладная страляніна і гоман, крыкі “Ура! Перамога!”. Спачатку не паверыў сваім вушам, а пасля і сам з радасці выпусціў у неба абойму патронаў – салют Перамозе.

– Што рабілася! – успамінае Фёдар Фёдаравіч. – Салдаты, афіцэры, камандзіры плакалі і смяяліся ад шчасця: дажылі, дачакаліся! А як было балюча хаваць тых, хто загінуў у апошнія гадзіны вайны…

У контрразведку  выпадковых не бяруць

Аднак, для Фёдара Лойкі вайна не закончылася. Неўзабаве яго выклікалі ў штаб і прапанавалі службу ў контрразведцы. Ведаў, што туды не бралі выпадковых людзей, а толькі правераных справай. Чакала новая і небяспечная работа: прайграўшы такую жорсткую вайну, недабітыя ворагі працягвалі дыверсіі, многія затаіліся. У 1946 годзе Фёдара Лойку дэмабілізавалі і накіравалі ў родныя мясціны для работы ў міліцыі.

Ехаў, ішоў – спяшаўся Фёдар дамоў. Найпершая думка была пра маці: ці жывая? Які лёс братоў? А вось і Канюхі, невялічкая хатка пад ліпамі. Баяўся, што выскачыць сэрца, калі адкрываў пахіленыя, рыпучыя дзверы. Мама! Яна глядзела на высокага, стройнага, прыгожага салдата, грудзі якога ўпрыгожвалі ордэны і медалі, і ніяк не магла прызнаць у ім свайго малодшанькага… Усе тры сыны яе вярнуліся з вайны. Вось яно – шчасце.

Ужо назаўтра Фёдар Лойка прыступіў да сваіх абавязкаў у раённым аддзеле міліцыі. Суткамі прападаў на рабоце: то ў адным канцы тады Баранавіцкай вобласці, то ў другім падымалі галовы недабітыя фашысты і здраднікі. Небяспека падсцерагала на кожным кроку. Запланавалі сакрэтную баявую аперацыю па знішчэнні банды, якая трымала ў страху жыхароў навакольных вёсак. Якраз тады, калі Фёдара Лойку накіравалі ўчастковым інспектарам у Стоўбцы, гэтая банда арудавала ў тых мясцінах. Выдатна спланаваў аперацыю ўчастковы, дапамог вопыт разведчыка. Побач такія ж, як ён, адчайныя хлопцы. Галоўнага бандыта ўзялі, у прамым сэнсе, цёпленькім, з ложку, без адзінага стрэла. З ягонымі памагатымі было лягчэй: без каманды войска гіне…

Зампаліт

Фёдар Лойка ніколі не марыў быць ваенным, тым больш работнікам праваахоўных органаў, а стаў ім назаўжды. Перамаглі, відаць, пачуццё абавязку і цвёрдае перакананне, што ты павінен быць там, дзе патрэбен Радзіме.

Неўзабаве ён пачаў збірацца ў далёкую дарогу – у горад Тула ў якасці оперупаўнаважанага па транспартных здарэннях. Служыў у Арле, пасля на Урале, у войсках МУС. Завочна закончыў Ленінградскую ваенна-палітычную школу і атрымаў новае прызначэнне – на Поўнач, намеснікам начальніка адной з калоній для асоба небяспечных рэцыдывістаў.

І зноў пачалося, дакладней, прадоўжылася жыццё пад прыцэлам.

У сібірскім краі ён жыў з сям’ёй, у якой ужо гадаваліся трое дзяцей. Усім было складана: тайга, да бліжэйшага населенага пункта дзясяткі кіламетраў. Дзеці раслі падобнымі на сваіх бацькоў – такія ж сумленныя, абавязковыя, загартаваныя. Не стала нечаканасцю ні для каго, калі сын, таксама Фёдар, пасля тэрміновай службы мараком падводнага флоту паступіў на юрыдычны факультэт. Бацька быў задаволены: будзе яму замена. А пакуль сам спраўна нёс службу.

…Два небяспечныя рэцыдывісты вырашылі арганізаваць пабег, захапілі ў заложніцы дзвюх настаўніц, якія працавалі ў школе на тэрыторыі калоніі.

Зампаліт пайшоў на перамовы з рэцыдывістамі без усялякай зброі, а яны пагражалі жанчынам востра заточанымі шыламі. Што гаварыў ім зампаліт, засталося “за кадрам”, але адну з жанчын, у якой было двое дзетак, згадзіліся адпусціць. У гэты час група захопу абяззброіла злачынцаў…

Сын за бацьку

Падыходзіў час ісці на заслужаны адпачынак. Часцей стала сніцца родная Беларусь, маленькая вёсачка, дзе ў дзяцінстве бегаў басанож. Так было да той пары, пакуль Фёдар-малодшы не прыехаў працаваць замест бацькі – справу перадаў у надзейныя рукі. Тады ж сын ажаніўся: нявесткай стала адна з выратаваных настаўніц – Тамара, якая прайшла “баявое хрышчэнне” ў паядынку з рэцыдывістамі.

Фёдар Лойка спыніўся з сям’ёй у Ляхавічах і яшчэ 26 гадоў адпрацаваў на прадпрыемствах горада. А калі сын даслужыўся да пенсіённага ўзросту, паклікаў яго з сям’ёй да сябе. Так і жывуць цяпер душа ў душу.

Пры выпадку цікаўлюся жыццём-быццём свайго земляка. Заўсёды дзіўлюся, адкуль Фёдар Фёдаравіч Лойка чэрпае сілу духу? У свае без малога 89 гадоў ён выглядае моцным і бадзёрым. У дзень сустрэчы толькі вярнуўся з дачы: марозны дзень пакінуў на твары прыгожы румянец, а настрою дадала навіна, што ў госці едзе ўнук Андрэй. Едзе з Арлоўшчыны, каб праведаць любімага дзядулю. А яшчэ ў гэты дзень планавалася рэпетыцыя хору, на якую Фёдар Фёдаравіч заўсёды ідзе, як на свята. Ён любіць жыццё і любоў гэтая ўзаемная.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *