Пракуратура Ляхавіцкага раёна на варце законнасці
«Прычынна — выніковая сувязь»
Пракуратурай раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі ў 2013 годзе ажыццёўлены комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, замацаванне станоўчых тэндэнцый у крымінагеннай сітуацыі, павышэнне ўзроўню прафілактычнай работы, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы. З улікам прынятых мер адзначаецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў у параўнанні з 2012 годам практычна на 20 працэнтаў.
У той жа час, нягледзячы на прымаемыя меры, у выніку ўпушчэнняў у пытаннях прафілактычнай дзейнасці дапушчаны рост злачыннасці ў сферы сямейна- бытавых адносін, у тым ліку ўчынена забойства.
Па-ранейшаму п’янства, алкагалізацыя насельніцтва з’яўляюцца аднымі з самых значных фактараў, якія негатыўна ўплываюць на стан крымінагеннай абстаноўкі. Кожнае другое злачынства ўчынена асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Райвыканкамам прыняты дзейсныя меры па рэалізацыі плана мерапрыемстваў па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Разам з тым, падчас праверкі выканання патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і заканадаўства, накіраванага на прафілактыку правапарушэнняў, п’янства выяўляліся парушэнні ў дзейнасці сельскіх выканаўчых камітэтаў. У Начаўскім і Навасёлкаўскім на момант праверкі не было даных аб колькасці правапарушэнняў, учыненых на падведамасных ім тэрыторыях, не арганізавана належным чынам работа па выяўленні асоб, якія маюць патрэбу ў абмежаванні дзеяздольнасці, выяўляліся факты фармальнага падыходу да інфармацыі РАУС у сельвыканкам.
У УП “Ляхавіцкая ПМК-17” не заўсёды належную ацэнку атрымлівалі факты прыцягнення работнікаў да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы, знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, не высвятляліся абставіны ўжывання спіртных напіткаў. На неналежным узроўні арганізавана работа камісіі па барацьбе з п’янствам у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.
Адным з ключавых напрамкаў пракурорскай дзейнасці працягвае заставацца нагляд за выкананнем заканадаўства. У 2013 годзе пракуратурай раёна праведзена 30 праверак, якія паказалі, што па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні патрабаванняў заканадаўства, накіраванага на захаванне ўласнасці, антыкарупцыйнага, прыродаахоўнага заканадаўства.
Пракурорам у суд накіравана 25 іскавых заяў на суму больш за 53 мільёны рублёў.
Падчас праверак выяўлены парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства ў Ляхавіцкай цэнтральнай райбальніцы, райаграсэрвісе. Найбольш распаўсюджанымі па-ранейшаму застаюцца парушэнні пры афармленні пісьмовых абавязацельстваў па захаванні абмежаванняў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”. Пры гэтым за ўчыненне карупцыйных правапарушэнняў і правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, па ініцыятыве пракуратуры 6 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Пытанням захавання патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” у пракуратуры раёна ўдзяляецца павышаная ўвага. Пры праверках у органах выканаўчай улады, на прадпрыемствах вывучаюцца звароты і аналізуюцца меры, якія прымаюцца па аднаўленні парушаных правоў.
Так, падчас праверкі райаграсэрвісу ўстаноўлена, што работа са зваротамі тут не арганізавана на належным узроўні, заяўнікам даваліся нематываваныя адказы, не растлумачваўся парадак абскарджання. Па выніках праверкі пракуратурай раёна ўнесена прадстаўленне дырэктару райаграсэрвісу, вінаватыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
У СВК “Шлях новы” і СВК “Дарава” не вялася асобна справаздача па зваротах грамадзян і адміністрацыйных працэдурах. Не заўсёды даваліся адказы на звароты грамадзян і яны пачалі звяртацца ў пракуратуру. Адпаведна, прыняты меры рэагавання да вінаватых асоб.
Пракуратурай раёна пастаянна аналізуецца стан дэбіторскай запазычанасці арганізацый раёна. У шэрагу арганізацый неналежным чынам арганізавана работа па яе спагнанні. Прэтэнзійная работа не вядзецца ў ПМК-17, райаграсэрвісе. Не ўсе СВК маюць дагаворы, якія пацвярджаюць утварэнне запазычанасці, што можа прывесці да немагчымасці яе спагнання.
Пытанням захавання ўласнасці не ўдзялася належная ўвага ў райаграсэрвісе. Не заўсёды ў поўным аб’ёме прымаліся меры па спагнанні з вінаватых работнікаў сум матэрыяльнай страты, прычыненай па іх віне наймальніку, учыненне карупцыйнага правапарушэння галоўным бухгалтарам і злачынства (службовага падлогу) намеснікам галоўнага бухгалтара.
Пры правядзенні праверкі ў райпо ўстаноўлены парушэнні заканадаўства аб абароне правоў спажыўца, у продажы знаходзілі пратэрмінаваны тавар, адсутнічала ўся неабходная інфармацыя на ўпакоўцы тавараў.
У 2013 годзе выяўлены шэраг парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку суб’ектамі рыбаводства і рыбалоўства (ПГУП “ГордТранс-Плюс”, ПГУП “Ціхі плес”, ТДА “Бетасфера Плюс”). Так, “Бетасфера Плюс” не выконваюцца належным чынам абавязкі па ахове арандаваных рыбалоўных угоддзяў, не арганізавана платнае аматарскае рыбалоўства, прадугледжанае дагаворам арэнды вадасховішча “Мінічы”, не створаны ўмовы для ажыццяўлення аматарскай лоўлі рыбы.
Усе парушэнні заканадаўства, выяўленыя пракуратурай, атрымалі аб’ектыўную ацэнку і знайшлі адлюстраванне ў актах пракурорскага рэагавання. Асноўнай мэтай сваёй работы мы бачым не толькі выяўленне і рэальнае ўхіленне выяўленых недахопаў, але таксама і ліквідацыю прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць іх дапушчэнню. У 2014 годзе пракуратура раёна будзе працягваць работу па абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый, забеспячэнні законнасці і правапарадку.
Сяргей ДЗЯЖКО,
пракурор раёна.