Дарога да мамы

Мне вельмі падабаецца адчуванне дарогі. Падабаецца, як за акном аўтобуса змяняюцца краявіды, як дакранаецца сваімі гарачымі промнямі да твару сонца, і вочы самі па сабе заплюшчваюцца ад яркага святла.
Але аднойчы (гэта было больш за 20 гадоў назад) мне здавалася, што аўтобус “Мінск—Баранавічы” – яго называюць людзі “кругасветным”, бо ідзе ён не напрамкі, а праз Клецк, Нясвіж, Сіняўку, – да Ляхавіч едзе неяк вельмі марудна. Я, стаўшы сталічнаю студэнткаю, упершыню вярталася дамоў. Ехала да МАМЫ, якую не бачыла ўжо цэлы ты-дзень! Не памятаю, якое было тады надвор’е, бо ўвесь час ехала з заплюшчанымі вачыма, уяўляючы ЯЕ, маю Маму. Ужо недзе ля Русінавіч я ўстала з месца, каб хаця не мінуць свой прыпынак. На пяты паверх бегла, не адчуваючы цяжару студэнцкай сумкі са сталічнымі гасцінцамі.
Сваіх слёз не магла растлумачыць ні сабе, ні тату, ні малодшаму брату. А Маме іх і не трэба было тлумачыць – яна ўсё зразумела сама і проста прытуліла мяне да сябе.
Мама. Мамачка. Не ведаю як, але сваім мацярынскім сэрцам ты заўсёды адчуваеш, калі мне добра, а калі дрэнна, калі мае поспехі ацанілі, а калі не заўважылі. І хоць кажуць, што больш падобная я на тату, паміж табою і мною існуе такая моцная, ні з чым непараўнальная сувязь, якая і завецца Матчынай лю-боўю.
Сёння, калі я сама маю маленькую дачушку, мне вельмі хацелася б, каб потым, праз гады, і для яе самай трапяткой і шчымлівай была дарога да Мамы.
Таццяна ФІЛІПОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *