Збожжа даспявае
І гэта некалькі сумна – глядзець і бачыць, як зерневыя палеткі мяняюць сваю ізумрудную сакавітасць на спелыя адценні залатога. Паступова, аднак, настойліва і з кожным днём усё больш, больш і больш. А сум таму, што разам з зеленню палёў бяжыць і лета. За гарызонтам знікла ўжо, лічы, яго каляндарная трэць. Прыведзеныя вышэй летуценныя разважанні, канешне ж, маюць права на існаванне, аднак, не больш і не ў дачыненні да сельскагаспадарчай галіны вытворчасці, для якой макаўка лета (а да яе – рукой падаць) характарызуецца яшчэ і стартам зернеўборачнай кампаніі.
Для параўнання вернемся на год таму. Жніво-2009 стартавала ў раёне 9 ліпеня. Піянерамі тады выступілі працаўнікі СВК “Дарава”, а выпрабавальным палігонам для зернеўборшчыкаў і зернеўборачнай тэхнікі стаў тады азімы ячменны палетак. Названая культура летась упершыню з “незапамятных” часоў з’явілася на аграрнай карце Ляхавіччыны. Пачынанне мела працяг: з леташніх 200 гектараў – 25 у СВК “Дарава” і 175 у ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – пад сёлетнюю ўборку пасяўны клін азімага ячменю адчувальна павялічаны. Знайшлося і больш ахвотнікаў да яго. Іншая справа – не ўсё пасеянае вытрымала тэставае выпрабаванне сёлетняй суровай зімой. Частку давялося перасейваць нечым іншым. Так што на этап перадуборкі выйшла 230 гектараў азімага ячменю: у СВК “Дарава” – 5, ЗАТ “Белпрампрыбор” – 25, РСУП “Нача” – 28, СВК “Тальмінавічы” – 30 і ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – 142.
Упаўне верагодна, што нехта з названых тыдні праз 2 і адкрые сезон зернеўборкі-2010.
Ці гатовы да яго гаспадаркі раёна? З такім пытаннем карэспандэнт “ЛВ” звярнуўся ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Парк зернеўборачнай тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах Ляха-віччыны сёння раўняецца 60 “камбайнавым” адзінкам. Гэта даволі заметны мінус у абсалютным параўнанні з сезонам мінулым. Частка “вялікаўзроставых” агрэгатаў трапіла пад спісанне. А са шматфункцыянальных КЗР-10, якія раней выкарыстоўваліся таксама і для зернеўборкі, гэта функцыя зараз знята на карысць кормаўборкі, выкарыстання ў якасці сілавых шасі для выканання іншых відаў сельгасработ. Да сезона зернеўборкі аграпрамысловы комплекс раёна папоўніцца мінімум 11 камбайнамі: гомельскай вытворчасці КЗС-1218, іх “малодшымі сваякамі” КЗС-10. Частка з названай партыі ўжо прыбыла: свае камбайны атрымалі СВК “Жарабковічы”– у колькасці 2 штук, а таксама “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Шлях новы”, “Ляхавіцкі” і Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.
Іван КАВАЛЕНКА.