В гостях у поликлиники г.Ляховичи /фото/

У холе паліклінікі.

Прыступка за прыступкай па зручнай лесвіцы – і трапляеш у новую раённую паліклініку. Пасля мадэрнізацыі з рэканструкцыяй яе агульная плошча перавышае 3 тысячы квадратных метраў.

Установа аховы здароўя стала першым сёлетнім грандыёзным наваселлем для Ляхавіччыны. Кошт новабудоўлі – 24 мільярды бюджэтных рублёў. На ўрачыстае адкрыццё напрыканцы студзеня сабралася нямала гасцей.

Сёння паліклініка працуе ў звычайным рэжыме: у будныя дні з 8 да 20 гадзін, суботу – з 9 да 15 гадзін. Разабрацца ў паліклінічных лабірынтах навічкам, магчыма, дапаможа экскурсія. Правесці яе карэспандэнтам “ЛВ” дапамаглі загадчыца паліклінікі Валянціна Аўдзей і старшая медыцынская сястра Таццяна Сакун.

Сцены, столь, падлога – усё ў светлых танах, якія ствараюць спрыяльную атмасферу для выздараўлення. Валянціна Аўдзей адзначыла, што нават мэбля падбіралася вельмі дасканала – яна новая і аднолькавая ва ўсіх кабінетах, на калідорах – зручныя сядзенні.

Паліклініка пачынаецца з гардэроба (іх тут, дарэчы, два). Рэгістратур – цэлых тры: акрамя агульнай, уласныя ёсць у гінекалагічным і дзіцячым аддзяленнях.

Рэгістратура змяніла адрас.

А цяпер, як у казцы: направа пойдзеш – у кабінеты тэрапеўтаў трапіш. Тут жа даўрачэбны і кабінет памочніка ўрача. У другім крыле (дзе раней размяшчалася старая паліклініка) – хірургічнае аддзяленне. Ёсць і свой уваход. Праекціроўшчыкі з будаўнікамі пастараліся на славу: з двух кабінетаў можна трапіць у аперацыйны, дзе хірургі накладваюць гіпс, робяць перавязкі, зашываюць раны і г.д.

— Як добра, што ў Ляхавічах цяпер такая паліклініка! Умовы выдатныя і чэргаў стала менш. Не трэба цэлы дзень чакаць, пакуль трапіш да доктара, – заўважае пацыент хірургічнага аддзялення Іван Капко з Ганчароў.

Амаль што побач і рэнтгенкабінет. Так што не давядзецца бегчы ў іншы будынак, каб прайсці абавязковую раз у год флюараграфію. Яшчэ ў гэтым “адсеку” працуюць псіхіятр-нарколаг, пры ўваходзе справа – кабінет псіхіятра.

На другім паверсе размясціліся кабінеты вузкіх спецыялістаў: эндакрынолага, оталарынголага, акуліста.

Оталарынголаг Васілій Гарбачоў вядзе прыём у новым кабінеце.

У оталарынголага Васілія Гарбачова пацыентаў шмат, за змену іншы раз даводзіцца да 80 чалавек прымаць (усяго паліклініка разлічана на прыём 420 чалавек за змену). Доктар усё паспявае, тым больш з такім памочнікам – спецыяльным комплексам медыцынскай тэхнікі і прыстасаванняў пад агульнай назвай “рабочае месца ЛОР-урача” (у медустановах Брэстчыны такіх некалькі). Тут жа – міні-хірургічны кабінет, дзе праводзяцца медыцынскія маніпуляцыі ў вушах, носе, горле.

Такая ж сістэма пакояў і ў кабінеце акуліста. Яго гаспадыня Таццяна Усцюшкова не хавае радасці:

— Канешне, працаваць у такіх надзвычай камфортных умовах значна лепш. Тым больш, што ў хуткім часе з’явіцца і новае медыцынскае абсталяванне – ”рабочае месца акуліста”, што дазволіць дакладней ставіць дыягназ, праводзіць лячэбныя і прафілактычныя маніпуляцыі.

На гэтым жа паверсе прышчэпачны і працэдурны кабінеты, дзе гаспадараць медыцынскія сёстры Алена Сокал і Вольга Мінец. Побач можна прайсці прафагляд і трапіць на прыём да дэрматавенеролага, на ўрачэбна-кансультатыўную камісію.

Таццяна Усцюшкова: працаваць у такіх выдатных умовах – задавальненне.

Другое крыло паверха аддадзена стаматалагічнай службе.

Ёсць і пакой медперсаналу.

— Вельмі камфортны. Тут можна адпачыць, пачытаць у вольны час, нават пачаёўнічаць ці паабедаць, – расказвае Таццяна Сакун.

У гінекалагічным аддзяленні паліклінікі – два кабінеты акушэр-гінеколага, хірургічны і аглядны кабінет. Дарэчы, чаргі мы не ўбачылі. Патлумачыла такую сітуацыю пацыентка паліклінікі Валянціна Антонава:

– Добра, што можна заказаць талончык па тэлефоне ў рэгістратуры на зручны час.

Як расказала загадчыца паліклінікі, такая сістэма надзвычай запатрабаваная і гараджанамі, і вяскоўцамі і, канешне, дапамагае здымаць праблему чэргаў і да іншых спецыялістаў.

Калі левы бок першага паверха – тэрапеўтычнай накіраванасці, то правы – педыятрычнай. Тут размясцілася дзіцячая кансультацыя, працэдурная. Ёсць кабінет для здаровага дзіцяці і нават калясачная.

Паліклінічная аптэка запатрабавана

Добрым суседам і зусім не лішнім кватарантам стала аптэка, размешчаная ў фае ля ўваходу.

Здаецца, прадугледжана ўсё для зручнасці пацыентаў. Такі падыход да здароўя грамадзян неабходна цаніць, берагчы той падарунак, які ляхавічане атрымалі, дзякуючы дзяржаўнаму клопату, прафесіяналізму праекціроўшчыкаў, будаўнікоў і, канешне ж, медыкаў.

І ўсё ж, якія б зручныя ні былі створаны ўмовы, хочацца зычыць усім бываць як мага радзей у паліклініцы і, пажадана, толькі для дыспансерызацыі ці прафілактыкі. Лепш быць хранічна здаровым!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Медработнікам адпачынак не перашкодзіць.

Паспелі асвоіць новы кабінет урач-рэнтгенолаг Валерый Птах і рэнтген-лабарант Таццяна Пілецкая.

Гіпс пацыенту накладваюць урач Аляксандр Прыходзька і медсястра Тамара Сокал.

У працэдурнай гаспадарыць медсястра Вольга Мінец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *