Ляхавіччына:будзем сеяць лён

Сёлета ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» сумесна з сельгаспрадпрыемствамі раёна плануе пасеяць 1900 гектараў даўгунцу.

Згодна рэспубліканскай праграмы “Лён”, на Ляхавіцкім ільнозаводзе працягваецца рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасці. Сёлета да ўборачнай павінен запрацаваць новы цэх. Зразумела, што маштабы вытворчасці павялічацца, а, значыць, спатрэбіцца больш сыравіны. Як расказаў дырэктар ільнозавода Дзмітрый Скакун, вытворчая магутнасць прадпрыемства складзе 10300 тон ільнотрасты. Разлічваць на паступленне сыравіны з-за межаў раёна? Але ж на Ляхавіччыне заўсёды рос лён, ды яшчэ які! Гаспадаркі-вытворцы даўгунцу, асобныя майстры-льнаводы былі вядомымі на постсавецкай прасторы, за свае дасягненні атрымлівалі высокія ўрадавыя ўзнагароды. І цяпер, як кажуць, ім усе карты ў рукі, дакладней, картаграмы і схемы севазвароту палёў раёна. З імі яшчэ з восені спецыялісты райсельгасхарчу аб’ехалі сельгаспрадпрыемствы, на асобных участках узялі пробы зямлі, намецілі план дзеянняў. Лён любіць слабакіслыя глебы і толькі пры захаванні поўнага комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў можа даць чаканы ўраджай. Яшчэ адна вельмі важная ўмова: на першапачатковае пасяўное поле лён можа вяртацца як мінімум праз 5 гадоў. Гэта значыць, што план севазвароту неабходна распрацоўваць дасканала, дакладна і абавязкова выконваць яго.

Ільнозавод, які мае ў сваім карыстанні 1914 гектараў зямлі (прычым, не ўсе аднолькава прыгодныя для вырошчвання льну), самастойна справіцца з праблемай захавання севазвароту не можа, таму сельгаспрадпрыемствы раёна выдзяляюць участкі зямлі пад лён. Напрыклад, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 300 гектараў, СВК “Жарабковічы” – 250, столькі ж СВК “Шлях новы”, ДП “Нача” і СВК ”Канюхі” па 100 гектараў. Некаторыя гаспадаркі (СВК “Канюхі”, “Тальмінавічы”, “Шлях новы”) вырошчваюць лён самастойна, іншыя толькі даюць у арэнду зямлю, на якой працуюць ільнозавод і льнонасенстанцыя. Прыкладна такая схема павінна працаваць і сёлета.

Як расказаў дырэктар ільнонасенстанцыі Аляксей Раманаў, летась яго калектыў вырошчваў лён на палях СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы”, дзе плантацыі даўгунцу займалі 250 гектараў. Ураджай атрымалі адзін з лепшых: 12 цэнтнераў з гектара льновалакна, 6,1 цэнтнера – ільнонасення. Сёлета, па словах дырэктара, элітнага насення хопіць, каб засеяць усе запланаваныя плошчы, і яшчэ ёсць магчымасць 106 тон рэалізаваць ільнасеючым гаспадаркам за межы раёна.

Што датычыць забеспячэння мінеральнымі ўдабрэннямі пад гэту сельгаскультуру, то плануецца паставіць у гаспадаркі раёна 817 тон складаназмешаных тукаў, што адпавядае 4,3 цэнтнера на кожны гектар – норма. Праўда, пакуль што ўдабрэнні значацца толькі на паперы.

СВК “Канюхі” назапасіў добры вопыт самастойнага вырошчвання гэтай культуры, штогод значыцца ў ліку лепшых ільнасеючых гаспадарак вобласці і нават рэспублікі. Тут перакананы, што вырошчваць лён выгадна. Але завод не мае сродкаў разлічыцца з ільнасеючымі сельгаспрадпрыемствамі – з ім не разлічваюцца спажыўцы.

Вялікія перспектывы звязваюць на льнозаводзе з завяршэннем мадэрнізацыі. Акрыленыя добрымі пераменамі, працаўнікі рыхтуюць тэхніку да пасяўной. Дарэчы, машынна-трактарны парк прадпрыемства знасіўся, рамонтнікі з двух агрэгатаў ладзяць адзін.

— Пасяўную кампанію з дапамогай ільнасеючых гаспадарак яшчэ правядзём, – гаворыць Дзмітрый Скакун. – А вось з уборкай будзе складана: плошчы вялікія, а ў нас мала прэсаў, церабілак, трактароў. Спадзяёмся на тое, што адначасова з мадэрнізацыяй вытворчасці па дзеючай праграме атрымаем і тэхніку.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *