Скарб «Ляхавіцкага»
Справаздачна-выбарны сход у сельгаскааператыве прайшоў, як кажуць, на адным дыханні. Альтэрнатывы кандыдатуры Аляксандра Вітко на пасаду старшыні СВК “Ляхавіцкі” не было: павага і давер членаў кааператыва да Аляксандра Іванавіча складваліся дзесяцігоддзямі ў працоўных буднях. Вітко гаспадарыць надзейна і перспектыўна.
Лепшы ў раёне машынна-трактарны парк, мехдвор, мехмайстэрні – у Вітко. Самы сучасны комплекс, дзе ўтрымліваецца малочны статак па новых тэхналогіях, – тут жа. Як і самая высокая ў раёне ўраджайнасць зерневых і зернебабовых, бульбы. Можна працягваць пералік дасягненняў СВК “Ляхавіцкі”, якія сталі магчымымі, дзякуючы ўмеламу, мудраму, прафесійнаму кіраўніцтву старшыні.
Як вядома, тутэйшыя землі не вельмі ўрадлівыя, але і гэта не перашкода для атрымання выдатнага ўраджаю. З года ў год тут працуюць над павелічэннем урадлівасці глебы, і сёлета будзе ўнесена 15,5 тысячы тон арганікі, у дастатку атрымае зямля і мінеральных тукаў. Плюс высокая культура земляробства ў іншых аспектах, і вынік – выдатная ўраджайнасць зерневых – 56,7 цэнтнера з гектара і 3-е месца ў вобласці. Самая лепшая кукуруза таксама расце на палях “Ляхавіцкага”, яе сабрана летась 1700 тон. Рапс даў 854 тоны насення – 2-е месца ў вобласці. А што датычыць бульбы, то тутэйшыя сарты “брыз” і “скарб” – сапраўдны скарб: летась накапалі са 160 гектараў 4,5 тысячы тон клубняў.
Трымаючы справаздачу перад сваімі працаўнікамі, Аляксандр Іванавіч прыводзіў шмат лічбаў. Напрыклад, рэалізавана прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці на 56 мільярдаў 611 мільёнаў рублёў – на 10,5 мільярда больш леташняга. Чысты прыбытак склаў 8 мільярдаў 770 мільёнаў рублёў – гэта вынік паўсядзённай працы калектыву.
Старшыня расказаў пра многія нюансы, якія трымаліся пад кантролем і прынеслі добрыя дывідэнды. Напрыклад, прададзена дзяржаве зерня на тысячу тон больш, чым у годзе папярэднім, але, па прапанове старшыні, некаторая частка ўраджаю была пакінута ў засеках. Цэны значна падраслі, і цяпер продаж зерня дае добры прыбытак. Такая гаспадарская жылка старшыні і спецыялістаў, і ўсіх работнікаў вымушае думаць, супастаўляць, лічыць. Эфектыўна выкарыстоўваць кармы (падлічана іх колькасць, зрасходаваная на вытворчасць тоны малака і цэнтнера прываг, зроблены пэўныя высновы), вядома колькі грошай недабрана за якасць прадукцыі. На новым комплексе 100 працэнтаў надоенага малака залічана гатункам экстра, а на Рачканскай МТФ – 100 працэнтаў вышэйшым гатункам. Калі ў дзень прадавалі па 17 тон малака, то з-за розніцы цэн гублялі каля 8 мільёнаў рублёў. А вось гаруча-змазачных матэрыялаў за справаздачны год зрасходавана на 56 тон менш – вынік адказнасці і сумленнасці механізатараў. Тэма эканоміі і беражлівасці, на думку старшыні, вельмі актуальная, і ў гаспадарцы яна адна з асноўных. Скажам, каб высушыць зерне кукурузы, патрэбна патраціць шмат паліва. Па падліках, будзе танней скарыстацца дапамогай сельскагаспадарчай авіяцыі і распыліць спецыяльнае рэчыва. Сёлета запланавалі пабудаваць 4 катэджы для маладых спецыялістаў – гаспадарчым спосабам: эканомія відавочная.
Непатрачаныя грошы ператвараюцца ў закупленыя ўдабрэнні, новую тэхніку і прычапныя прылады, павышаную зарплату. Апошняя, як вядома, адзін з асноўных паказчыкаў, па якіх можна меркаваць пра эканамічны стан сельгаскааператыва. У “Ляхавіцкім” даярка на малочным комплексе ў сярэднім атрымлівае 7 мільёнаў 150 тысяч рублёў, механізатар – 5 мільёнаў 500 тысяч, крыху менш вадзіцель, сярэдняя зарплата па гаспадарцы склала за мінулы год 5 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Што зарабілі – тое атрымалі.
Рэальна ацэньваючы магчымасці сельгаскааператыва, старшыня перакананы: трэба вышэй узнімаць “планку”. Даіць па 8 тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы – упаўне магчыма, як і давесці сярэднясутачныя прывагі БРЖ да 800 грамаў, а з кожнага гектара хлебнай і зернебабовай нівы сабраць па 59 цэнтнераў зерня.
Зразумела, не ўсё так гладка, каб без праблем – так не бывае. Але свой нявыкарыстаны патэнцыял тут ведаюць, як і шляхі яго задзейнічання. Несумненна, яны справяцца.
Завяршаючы сваю справаздачу, Аляксандр Вітко зазначыў:
— У нас усё добра: ёсць грошы, намечаны планы далейшай работы і ёсць жаданне іх рэалізаваць. Дзякуй вам, людзі, за працу…
Старшыня назваў некалькі дзясяткаў імён перадавых работнікаў і падкрэсліў, што кожны працаўнік заслугоўвае ўдзячнасці і павагі. Не многім удалося так, як старшыні Вітко, стварыць калектыў аднадумцаў – трывалы, на-дзейны, дзейсны. Галоўныя спецыялісты – сапраўды галоўныя, бо кожны з іх на сваім рабочым месцы прафесіянал, які здольны павесці за сабой калектыў, калі спатрэбіцца. А радавыя работнікі – умельцы, адказнейшыя працаўнікі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які прысутнічаў на сходзе, у сваім выступленні адзначыў коратка і ёміста: “Сапраўдны гаспадар мае і вартую каманду…”
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.