Заўсёды на варце Ляхавіцкія міліцыянеры
З дня ў дзень вось ужо на працягу 97 гадоў міліцыянеры стаяць на варце правапарадку і спакою грамадзян. Надзея і апора, гарант бяспекі, прафесіяналы сваёй справы – далёка не поўны пералік азначэнняў, якія характарызуюць міліцыю. Участковыя інспектары, супрацоўнікі крымінальнага вышуку, аператыўна-дзяжурнай службы, ДАІ і іншых падраздзяленняў РАУС вядуць барацьбу са злачыннасцю ва ўсіх яе праявах. Прымірэнне, як і прафілактыка, – таксама частка іх работы. На каго, як не на міліцыянераў, спадзяюцца многія ў крытычных сітуацыях. Людзі спасылаюцца на іх надзейнасць і дапамогу, а, значыць, давяраюць ім.
Ляхавіцкі РАУС па выніках мінулага года прызнаны лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны і атрымаў пераходны кубак імя Валерыя Асташонка за высокую эфектыўнасць аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў па прафілактыцы і раскрыцці злачынстваў. Дастойная ўзнагарода за дастойную работу ўсіх, хто годна нясе міліцэйскую службу. Факт, згадзіцеся, прыемны. Тым больш, што перамогу такога кшталту наш райаддзел заслужыў трэці год запар.
Такі добры вынік абавязкова павінен мець працяг. Тым больш, што умовы для работы райаддзела не проста палепшыліся, а сталі самымі сучаснымі. Падарунак, які атрымалі ляхавіцкія вартавыя правапарадку, дарагога варты. Шыкоўны будынак на вуліцы Дзесюкевіча, 43 у райцэнтры – новы адрас РАУС. Усё ў сучасным стылі, з прымяненнем навейшых тэхнічных сродкаў і з улікам спецыфікі работы.
– Веды, вопыт, энергія, дысцыплінаванасць і падпарадкаванасць літары закона, неабыякавасць нашых супрацоўнікаў служаць адной важнай мэце: выконваць свае прафесійныя абавязкі так, каб землякі жылі, працавалі і адпачывалі спакойна. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх падраздзяленняў, адказнасці кожнага, значнай і выніковай прафілактычнай рабоце, жаданню і ўменню міліцыянераў працаваць з людзьмі, дасягнуты такія поспехі, – гаворыць пра сваіх калег начальнік РАУС, палкоўнік міліцыі Аляксандр Ермакоў.
І не дзіўна, што прозвішчы супрацоўнікаў РАУС – сярод лепшых міліцыянераў Брэстчыны ў сваіх падраздзяленнях. На іх раўняецца і маладое папаўненне, якое, дарэчы, штогод прыходзіць у аддзел.
Пераемнасць пакаленняў, падтрыманне добрых традыцый – яшчэ адна адметнасць асабовага саставу. Ветэраны службы заўсёды жаданыя госці ў аддзеле, іх вопыт і веды запатрабаваныя сённяшнімі вартавымі правапарадку.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.