В Ляховичах Масленицу праздновали, весну звали /фото/
Прыўзняты настрой, песні і прыпеўкі, гумар і танцы – так сустракаў гасцей у мінулую нядзелю стадыён “Колас”, дзе праходзіла народнае гулянне “Гуканне вясны”.
Калектывы мастацкай самадзейнасці і асобныя выканаўцы з гарадскіх і сельскіх устаноў культуры радавалі сваёй творчасцю землякоў. Гульні, забавы, конкурсы прыйшліся даспадобы, як і выстава работ народных умельцаў. Здзівілі майстры з аматарскага аб’яднання “Робім самі” Крывошынскага СДК, якія прадставілі плеценыя кошыкі, цукерніцы і іншыя рэчы. Прычым мала хто здагадаўся, што матэрыял для пляцення – звычайная газетная папера…
А яшчэ былі спартыўныя спаборніцтвы, дзе можна праверыць спрыт, сілу, трапнасць. Як заўсёды, папулярнасцю карысталіся бяспройгрышная латарэя, смачныя пачастункі ад райпо, у тым ліку, бліны – традыцыйны атрыбут Масленіцы.
Масленічны тыдзень завяршыўся даравальнай нядзеляй. А з 3 сакавіка ў праваслаўных вернікаў пачаўся Вялікі пост, які прадоўжыцца да 19 красавіка.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.