Ляхавічанкі будуць прадстаўляць раён у вобласці

Фіналісты конкурсу

Фінальным акордам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года- 2014” стала ўрачыстае ўшанаванне педагогаў. За званне лепшага змагаліся 19 педагогаў Ляхавіччыны з 9 школ і 4 дзіцячых садоў.

Сёлета конкурс праходзіў у новым фармаце – адразу ў 7 намінацыях. На суд раённага журы яго ўдзельнікі прадставілі відэаўрокі і відэапрэзентацыі. Такім чынам, падзяліцца сваім майстэрствам маглі як настаўнікі дысцыплін гуманітарнага напрамку, так і выкладчыкі дакладных навук, настаўнікі пачатковых класаў, замежнай мовы, выхавальнікі дашкольных устаноў. Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка былі аб’яднаны ў адну намінацыю.

Па словах загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святланы Маргаевай, канкурсанты пры правядзенні ўрокаў і заняткаў прадэманстравалі высокі прафесіяналізм, трывалыя веды па псіхалогіі і педагогіцы, валоданне сучаснымі сродкамі навучання і выхавання, уменне зацікавіць і ўтрымаць увагу рабят. Відэапрэзентацыі пацвердзілі, што педагог – не проста наватар, які пастаянна самаўдасканальваецца, павышае свой прафесіянальны ўзровень, але вельмі теленавіты і творчы прадстаўнік інтэлігенцыі.

Прыемна, што ў конкурсе праявілі сябе не толькі жанчыны-настаўнікі, але і прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва – настаўнік рускай мовы і літаратуры Мядзведзіцкай СШ Іван Шпак і настаўнік фізікі Ліпскай СШ Пётр Юркавец.

Фіналісты раённага этапу конкурсу педагог гімназіі Іна Сасімчык, СШ №1 Вольга Караваевіч і Наталля Арцюшкевіч, СШ №2 Наталля Сапега-Панько, выхавальніца ясляў-сада №3 Алена Гардзейчык удзельнічалі ў абласным этапе конкурсу.

Ганаровае права прадстаўляць раён у вобласці заваявалі настаўніца інфарматыкі СШ №1 Наталля Арцюшкевіч і настаўніца медыцынскай падрыхтоўкі СШ №2 Наталля Сапега-Панько. Педагогі не проста паўдзельнічалі ў адборачным туры абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства, а выйшлі ў яго фінал. Дасягненне нашых зямлячак стала яшчэ больш важкім, калі стала вядома, што са 111 заявак, пададзеных для ўдзелу, абласное журы адабрала толькі 39. Наперадзе ў нашых фіналістаў майстар-класы для педагогаў вобласці, урок у незнаёмай сітуацыі і самапрэзентацыя ўдзельнікаў.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўручыў падзякі ўсім канкурсантам, а фіналістам – дыпломы і каштоўныя падарункі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *