Славім цябе, Беларусь!
Са святам! Гэтыя словы ў суботу 3 ліпеня гучалі з вуснаў прадстаўнікоў розных пакаленняў, але абавязкова ўзнёсла і ганарова. Ляхавіччына, як і ўся Беларусь, адзначала сваё галоўнае, важнае і важкае свята святаў — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў. А родны горад, памаладзеўшы, папрыгажэўшы, абагрэты летнім сонейкам і асветлены шчырымі ўсмешкамі ляхавічан, вітаў землякоў.
Пад гукі аркестра ўрачыстасці распачаліся з шэсця мнагалюднай калоны з плошчы Леніна па галоўнай вуліцы горада да плошчы Перамогі. Менавіта ля помніка воінам, загінуўшым у час самай страшнай вайны ХХ стагоддзя, адбыўся мітынг-рэквіем «Усім сэрцам пакланіся».
Першыя словы пашаны і кветкі ад удзячных нашчадкаў — ім, нашым дарагім вызваліцелям — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Як жа кранаюць душу і непакояць сэрца размераныя ўдары метранома. Не толькі людзі, але і, здаецца, прырода замерла, застыла ў хвіліне маўчання, аддаючы даніну павагі тым, хто загінуў за свабоду і незалежнасць Радзімы, за магчымасць нашчадкаў жыць пад мірным небам у квітнеючай краіне. Да помніка загінуўшым воінам ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, сённяшніх салдат, якія і ў новым стагоддзі ганарова выконваюць свой грама-дзянскі абавязак.
З Днём Рэспублікі і чарговай гадавінай вызвалення Ляхавіччыны ад фашысцкіх захопнікаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў Узброеных Сіл краіны, усіх гараджан і вяскоўцаў шчыра і пранікнёна павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. «1109 дзён шматпакутная ляхавіцкая зямля знаходзілася пад гнётам фашыстаў, 4983 мірныя жыхары былі расстраляны, закатаваны, знявечаны, 13 населеных пунктаў карнікі спалілі, 416 воінаў загінулі падчас вызвалення раёна — гэта вынік акупацыі нашага краю. Вось які дарагі кошт Перамогі», — ад-значыў Дзмітрый Бурдук.
Кіраўнік раённай вертыкалі ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама 95-гадоваму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аляксею Шагуну. Намеснік ваеннага камісара раёна Аляксей Навіцкі павіншаваў са святамі і ўручыў юбілейныя медалі “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.” за значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, ушанаванне памяці загінуўшых, арганізацыю юбілейных мерапрыемстваў Дзмітрыю Бурдуку, Уладзіміру Круку, Генрыху Траццяку, Васілію Праўлоцкаму, Генадзію Лойку, Васілію Падзіне.
Па традыцыі стройным маршам прайшлі па плошчы Перамогі сённяшнія абаронцы Айчыны. Святочныя залпы і марш-парад – сведчанне пераемнасці пакаленняў, лепшых традыцый беларускай арміі, дэманстрацыя моцы і абарана-здольнасці нашых Узброеных Сіл.
Пасля мітынгу асноўныя святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся на стадыёне “Колас”. “Табе, Беларусь, гэту песню спяваю” – гэтым музычным творам народная эстрадная студыя “Экспрэс” адкрыла тэатралізаванае прадстаўленне “Свабода і незалежнасць – святыя для кожнага з нас”. Усіх удзельнікаў урачыстасцей вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна падзякаваў ветэранам за мірнае сёння, выказаў словы ўдзячнасці тым, хто ўносіць свой уклад у працвітанне Радзімы, і павіншаваў прысутных са святам. Дзмітрый Бурдук уручыў шэрагу супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы за творчы ўклад у падрыхтоўку матэрыялаў пра Ляхавіцкі раён у кнігу-альбом “Брэстчына, накіраваная ў будучыню”. Ганаровымі граматамі і падарункамі ўзнагароджаны калектывы ЗАТ “Ляхавіцкі завод металапластмас”, УП “Ляхавіцкае ПМС”, ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, якія занялі адпаведна 1-е, 2-е, 3-е месцы ў раённым конкур- се на лепшы санітарны стан і добраўпарадкаванне падведамасных тэрыторый і гандлёвых сетак сярод аб’ектаў малога прадпрымальніцтва. Адзін цікавы эпізод змяняў не менш насычаны па змесце і арыгінальнасці наступны. Калектывы мастацкай самадзейнасці і асобныя выканаўцы Ляхавіччыны прадставілі лепшыя канцэртныя нумары, выклікаючы сваімі выступленнямі дружныя апладысменты шматлікіх гледачоў. Надзвычай відо-вішчным, мажорным і запамінальным стала дэфіле духавога аркестра вайсковай часці № 7404 з Баранавіч. Вялікую цікавасць і непадробны інтарэс выклікалі ў гараджан і гасцей Ляхавіч і паказальныя выступленні кінолагаў гэтай вайсковай часці.
Тут жа, на стадыёне, размясцілася, як заўсёды, арыгінальная выстава народных майстроў з сельскіх дамоў культуры і цэнтра паза-школьнай работы. Паглядзець было на што.
З раніцы і да позняй ночы ў месцах масавага святкавання працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны, якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод дзяцей і дарослых.
На стадыёне заключным акордам святкавання стала грандыёзнае шоу народнага ансамбля “Фіеста” (горад Баранавічы).
А вечарам гараджане і госці зноў сустрэліся, на гэты раз на плошчы Леніна на танцавальна-забаўляльнай праграме з удзелам папулярнай групы – народнай эстраднай студыі “Экспрэс”. Як сімвал яднання нацыі, магутнасці і працвітання роднай Бацькаўшчыны ў 22 гадзіны 55 хвілін ляхавічане разам з усёй краінай падчас акцыі “Праспяваем гімн разам” у многагалоссі спявалі: “Мы беларусы – мірныя людзі…” Апоўначы над старажытным, але такім маладым, мірным і ўтульным горадам, над роднымі Ляхавічамі, зорнае неба расквеціў вясёлкавымі фарбамі святочны салют.
Галіна КАНЬКО.