Дайсці да кожнага чалавека
У мінулую пятніцу ў абласным цэнтры адбыўся семінар ідэалагічнага актыву Брэстчыны. У ім прынялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў кіравання, аблвыканкамаў, ідэалагічнай вертыкалі мясцовых органаў улады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, лідары абласных, гарадскіх і раённых арганізацый РГА “Белая Русь”, БРСМ, рэдактары дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ рэгіёну.
Галоўнай тэмай для абмеркавання сталі асаблівасці ідэалагічнай работы ў сучасных умовах. Пазнаёміцца з яе разуменнем і ўвасабленнем на месцах удзельнікі семінара змаглі падчас выязной работы трох секцый, што праходзіла адначасова ў Брэсце і Кобрыне. У праграме было прадугледжана наведванне шэрагу вытворчых, сацыяльных, культурных і іншых аб’ектаў, у тым ліку грамадскай прыёмнай РГА “Белая Русь”, ЖЭСа № 10 г. Брэста, СП ААТ “Брэстгазаапарат”, ААТ “Кобрынскі МСЗ”, КВУП “Брэстводаканал”, радыётэлецэнтра ТРК “Брэст”, рэдакцыі абласной газеты “Заря”, абласнога краязнаўчага музея, выбарчых участкаў у Кобрынскім раёне і Ленінскім раёне Брэста.
Абмеркаваць і сістэматызаваць убачанае і пачутае ўдзельнікі вучобы мелі магчымасць падчас пленарнага пасяджэння, што прайшло ў Брэсцкім аблвыканкаме. Яго старшыня Канстанцін Сумар акрэсліў галоўную задачу ідэолагаў – дайсці да кожнага чалавека, словам і справай растлумачыць, што ўлада зацікаўлена ў вырашэнні яго праблем, і расказаць, якія канкрэтна крокі робяцца для гэтага.
Наогул жа, абмеркаванне тэмы закранула многія аспекты – ад мадэрнізацыі эканомікі і развіцця сацыяльнай сферы, росту заработнай платы і бюджэтнага субсідзіравання кошту паслуг для насельніцтва да кадравага патэнцыялу і выхавання патрыятызму.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць абмяняцца думкамі з навуковымі супрацоўнікамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь падчас прамога відэамоста.
Дэманструючы развіццё інфар-мацыйных тэхналогій, Канстанцін Сумар правёў інтэрактыўны прыём грамадзян – жыхароў Маларыты, Пінска і Баранавічаў. Сучасныя тэхнічныя магчымасці, падкрэсліў кіраўнік вобласці, дазваляюць эканоміць час, робяць больш зручнымі і плённымі ўзаемаадносіны насельніцтва і ўлады. Тым не менш, нельга адмаўляцца і ад традыцыйных метадаў работы з насельніцтвам: выезды інфармацыйна-прапагандысцкіх груп па месцы жыхарства і ў працоўныя калектывы, “прамыя тэлефонныя лініі”, асабісты прыём грамадзян даюць рэальнае ўяўленне пра сітуацыю, праблемы, да вырашэння якіх, магчыма, трэба падысці больш уважліва.
Падводзячы вынікі семінара, Аляксандр Радзькоў заклікаў ідэолагаў працаваць прафесійна і шчыра: “Ідзіце да людзей. Дайдзіце да кожнага. Тлумачце, што кожны асабіста ў адказе за бяспеку краіны, за спакой, за перспектывы сваіх дзяцей”.
І адна з магчымасцяў праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю – прыйсці на маючыя адбыцца 23 сакавіка выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і прагаласаваць за дастойных кандыдатаў, якія будуць прадстаўляць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у органах заканадаўчай улады. “Вось тады, – падкрэсліў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, – ад рабочага і селяніна да навукоўца, дырэктара і міністра – мы ўсе будзем адной краінай, прыгожай і моцнай дзяржавай”.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота з сайта Брэсцкага аблвыканкама.