З новым “Верасам” у Ляхавічах!
Сезон вялікіх наваселляў у Ляхавічах прадаўжаецца. Літаральна месяц таму пасля рэканструкцыі з мадэрнізацыяй адкрылася паліклініка, крыху раней навасельцаў прыняў новы будынак РАУС. І вось 7 сакавіка адбылася падзея, якую вельмі чакалі многія жыхары не толькі горада, але і раёна. Надзвычай папулярны фірменны магазін “Верас” СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – абноўлены, па-сучаснаму аформлены, рэканструяваны – гасцінна сустракаў пакупнікоў.
Магазін закрыўся на рамонт сёлета 26 студзеня. Тады дырэктар малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі паабяцаў: на тое, каб палепшыць умовы ў гэтай гандлёвай кропцы і для пакупнікоў, і для прадаўцоў, устанавіць новае абсталяванне, правесці рамонтныя работы, спатрэбіцца крыху больш за месяц. Будаўнічая брыгада завода на чале з вядучым інжынерам-будаўніком Уладзімірам Азімкам, энергетычная служба разам з вядучым інжынерам-энергетыкам Сяргеем Страмавусам, галоўным інжынерам прадпрыемства Аляксандрам Клапатком, і, канешне, калектыў магазіна (22 чалавекі) пры падтрымцы і непасрэдным кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста па гандлі Тамары Гірыловіч спрацавалі выдатна. І напярэдадні 8 сакавіка жанчыны (а гэта пераважная большасць пакупнікоў) ды і цэлы горад атрымалі шыкоўны падарунак.
— Нязручнасці, што адчувалі ляхавічане з закрыццём гэтай гандлёвай кропкі, – часовыя. Цяпер “Верас” – сучасны магазін, праведзеная рэканструкцыя перш за ўсё палепшыла ўмовы менавіта для пакупнікоў. Тут любы пакупнік знойдзе выдатнае спалучэнне якасці прадукцыі, яе кошту, умоў і культуры абслугоўвання. Важна, што рамонт поўнасцю зроблены за кошт прадпрыемства. І гэта сведчыць пра гаспадарскі падыход дырэкцыі да пытанняў мадэрнізацыі як на заводзе, так і на аб’ектах фірменнага гандлю – адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які прыняў удзел у адкрыцці “Вераса”.
Задаволены вынікам і Вячаслаў Жукоўскі:
— Стараліся не адставаць ад графіка, разумеючы, наколькі “Верас” неабходны для пакупнікоў. Упэўнены, што з такім калектывам мы здольны забяспечыць высокі ўзровень абслугоўвання.
Напэўна, ўжо многія паспелі пераканацца ў перавагах абноўленага магазіна. А тым, хто яшчэ гэтага не зрабіў, цікава даведацца, які ён цяпер “Верас”.
Магазін, дзякуючы яркаму афармленню, бачны здалёк. Гандлёвая зала павялічылася і стала надзвычай прасторнай, што, па словах Тамары Гірыловіч, дазволіла ў некалькі разоў – да 4 тысяч найменняў – пашырыць асартымент тавара. Амаль увесь ён напрамую пастаўляецца ад вытворцаў, мінуючы пасрэднікаў. Значна больш месца адведзена пад хлебабулачную і малочную прадукцыю, у тым ліку і Ляхавіцкага малочнага завода, замарожаныя мясныя і курыныя паўфабрыкаты. Як і раней у наяўнасці свежая садавіна і агародніна, прычым у вялікім асартыменце. Ад бакалеі, кансерваванай прадукцыі, салодкіх пачастункаў і ўвогуле вочы разбягаюцца. Засталіся ў продажы тавары прамысловай групы і спадарожныя, да якіх прывыклі пастаянныя пакупнікі.
Канешне, для нас, пакупнікоў, не апошнім фактам на карысць рэканструкцыі стала і работа адразу 4 касавых апаратаў па разліку, адзін з якіх устаноўлены ў аддзеле гатовай мясной прадукцыі.
Самае прыемнае, што засталося ад “старога” магазіна, – гэта зладжаны, дружны калектыў прафесіяналаў. Ветлівасць, гасціннасць, добразычлівасць, уменне даць карысную параду – якасці, якімі валодаюць работнікі магазіна. А новая форма ў зялёнай каляровай гаме кожнаму з іх пасуе і асацыюецца з вясной.
Няма ніякіх сумненняў, што пакупнік выйграе ад такога рамонту “Вераса” і, напэўна, дзякуючы спажывецкаму інтарэсу да гандлёвай кропкі, сродкі, выдаткаваныя на рэканструкцыю акупяцца даволі хутка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.