Я — грамадзянін сваёй Беларусі /фота/

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Іван Вялічка і Уладзімір Тамашук з юнакамі і дзяўчатамі, якім толькі што ўручаны пашпарты.

Дзесяць гадоў запар па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праходзіць усебеларуская патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі. Сёлета ў дваццацігадовы юбілей Асноўнага Закона краіны, напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў мерапрыемствы асабліва ўрачыстыя і масавыя. Канешне, адна з галоўных падзей падчас акцыі – уручэнне маладым грамадзянам пашпарта Рэспублікі Беларусь.

13 сакавіка святочныя мерапрыемствы прайшлі і ў гарадскім Доме культуры. Юнакі і дзяўчаты з Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, вучні гарадскіх і сельскіх школ, актывісты раённых арганізацый РГА “Белая Русь” і БРСМ, ветэраны вайны і працы сабраліся на ўрачыстасці, прымеркаваныя да юбілею Канстытуцыі. Да моладзі звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч, які пажадаў рабятам стаць дастойнымі грамадзянінамі сваёй краіны, вучобай, спартыўнымі дасягненнямі і актыўнай жыццёвай пазіцыяй уносіць уклад у развіццё раёна, вобласці, краіны.

Вячаслаў Сельмановіч разам з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Віктарам Чарняком уручылі 19 юнакам і дзяўчатам пашпарты, маляўнічае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, у якім у даступнай і папулярнай форме тлумачацца артыкулы Асноўнага Закона, а таксама кнігу ”Ляхавічы: з мінулага ў будучыню”.

Пашпарт – важны дакумент, які дае права лічыцца паўнапраўным грамадзянінам сваёй Радзімы. Але разам са шматлікімі правамі ён прадугледжвае і абавязкі перад сваім народам, дзяржавай. Менавіта пра гэта гаварыла вучаніца Начаўскай СШ Таццяна Чаранкевіч – адна з тых, каму ўручылі пашпарт.

Апладысментамі і кветкамі прысутныя сустракалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Івана Вялічку і Уладзіміра Тамашука.

Самым актыўным, ініцыятыўным рабятам старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Генрых Траццяк і першы сакратар райкама ГА БРСМ Тамара Пракап’юк уручылі членскія білеты гэтай масавай маладзёжнай арганізацыі. Сваіх старэйшых сяброў бээрэсэмаўцаў віталі піянеры.

Нямала ў зале было юнакоў і дзяўчат, для якіх сакавік 2014 года – асаблівы: яны ўпершыню ў жыцці прымуць удзел у выбарах. Да іх звярнуўся самы малады прадстаўнік дэпутацкага корпуса раёна 26 склікання дырэктар Ляхавіцкага ПМС Сяргей Юшкевіч. А навучэнка ЛДАКа Марыя Пашкевіч ад імя сваіх равеснікаў запэўніла, што сённяшнім маладым неабыякавы лёс любімай Беларусі, і выбары для іх – ганаровы абавязак.

Пажаданні гасцей, урачыстыя гукі гімна, патрыятычныя канцэртныя нумары пакінулі яскравыя ўражанні ў юнакоў і дзяўчат. А заўсёдным напамінам пра гэту значную падзею будзе галоўны дакумент грамадзяніна – пашпарт.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Навучэнка ЛДАКа Марыя Пашкевіч упершыню прыме ўдзел у выбарах.

One thought on “Я — грамадзянін сваёй Беларусі /фота/

  • 19/03/2014 в 10:27
    Permalink

    Хорошая традиция. Вырастет мой ребёнок- обязательно станет участником такого торжества

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *