Мой голас уліваецца ў голас маёй рэспублікі

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае права кожнага грамадзяніна ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў – як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў. Артыкул 38 вызначае права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на падставе ўсеагульнага, роўнага, прамога ці ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні.

23 сакавіка мы прыйдзем на выбарчыя ўчасткі, каб вызначыць, каму давяраем прадстаўляць нашы інтарэсы ў прадстаўнічай уладзе. Кожны скажа сваё важкае слова, меркаванне кожнага будзе ўлічана.

Сёння нашы землякі разважаюць, чаму яны збіраюцца ісці на выбары.

Ванда ПРУСЕВІЧ, настаўніца замежнай мовы, член грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў трох апошніх скліканняў па Будаўнічай выбарчай акрузе № 2:

– Удзел у выбарах асабіста для мяне – гэта канстытуцыйны абавязак, доўг і неабходнасць, як для грамадзяніна, патрыёта, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Абранне дэпутатам дапамагло зразумець, што за мной стаяць людзі, якім неабходна падтрымка. Таму заўсёды знаходзіла час на сустрэчы з выбаршчыкамі. Прыслухоўвалася да іх парад, заўваг і імкнулася выконваць наказы.

Звяртаючыся да дэпутата, спадзяешся на паспяховае вырашэнне ўзнікшых пытанняў. Яму давяраеш, упэўнены ў яго кампетэнтнасці і неабыякавасці да праблем выбаршчыкаў. Лічу, што гэта перакананне асабліва важнае для людзей сталага ўзросту, пенсіянераў – для каго дэпутат – блізкая і ўплывовая інстанцыя. Асабіста я ведаю, за каго аддам свой голас. У маім кандыдаце ў дэпутаты – афіцэры – ёсць усе якасці, неабходныя для народнага абранніка: паважлівыя адносіны да іншых, кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць.

Станоўчай лічу і тую акалічнасць, што кандыдатам ў абласны Савет дэпутатаў з’яўляецца наш зямляк. Ляхавічане заўсёды праяўлялі свядомую грамадзянскую пазіцыю і актыўна ўдзельнічалі ў рэферэндумах і выбарах. Упэўнена, што і сёлетняя сакавіцкая выбарчая кампанія адзначыцца высокай яўкай выбаршчыкаў. Маім землякам не ўсё роўна, якім будзе новы склад мясцовых законатворцаў.

Алла ТУРКІНА, галоўная медыцынская сястра УАЗ “Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца”:

– Як законапаслухмяны грамадзянін сваёй краіны , неабывякавы чалавек заўсёды справай гонару лічыла і лічу ўдзел у выбарах дэпутатаў. І сёлетняя кампанія не стане выключэннем. Каб быць упэўненным у заўтрашнім дні, будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў, неабходна прымаць удзел у такой важнай грамадска-палітычнай падзеі як выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. З 2010 года у нашым мікрараёне створаны выбарчы ўчастак Інтэрнацыянальны № 6, які размяшчаецца ў гімназіі. Гэта вельмі зручна для выбаршчыкаў – усё побач, недалёка ад месца пражывання.

Выбары – гэта не асабістая справа, а свядомы ўдзел кожнага ў палітычным і гра-мадскім жыцці свайго горада, вобласці, краіны. Наш райцэнтр апошнім часам вельмі папрыгажэў, стаў абноўленым і добраўпарадкаваным. А колькі зроблена дзяржавай для паляпшэння медабслугоўвання ляхавічан. Адна новая палік-лініка чаго вартая!

А яшчэ я і мае суседзі спадзяёмся, што ў нашым доме будзе зроблены рамонт.

Хочацца выбраць дастойнага прадстаўніка, які канкрэтнымі справамі апраўдае аказаны давер.

Ганна КАРАЧУН, навучэнка 32 групы аддзялення ветэрынарнай медыцыны Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа:

– Дзень 23 сакавіка чакаю з нецярпеннем і асаблівым хваляваннем. Упершыню ў жыцці прыму ўдзел у такой значнай і адказнай палітычнай кампаніі – выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Я родам з Івацэвіцкага раёна, а цяпер жыву і вучуся ў Ляхавічах, галасаваць буду на Чкалаўскім выбарчым участку № 7, дзе кандыдатам у дэпутаты зарэгістравана загадчыца агранамічнага аддзялення ЛДАКа Ірына Чура.

З гонарам успамінаю, як атрымлівала свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А цяпер не менш урачыстая падзея – прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць голас за дастойнага прадстаўніка маіх інтарэсаў у раённым і абласным Саветах дэпутатаў.

Генрых ТРАЦЦЯК, Герой Сацыялістычнай працы, старшыня раённага савета ветэранаў:

– Для мяне выбары – заўсёды значная і святочная падзея, у якой я прымаю самы актыўны ўдзел. 23 сакавіка прыйду на Вялікалотаўскі ўчастак для галасавання, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак. Не хачу, каб без майго ўдзелу вырашалася будучыня краіны і раёна. Ніколі не быў раўнадушным назіральнікам за палітычным і грамадскім жыццём – больш за 30 гадоў выбіраўся дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. А зараз падтрымаю цяперашніх кандыдатаў, якія, стаўшы народнымі выбраннікамі, спадзяюся, будуць абараняць інтарэсы насельніцтва і працаваць дзеля росквіту роднага краю.

Прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі таксама займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю: уваходзяць у склад участковых выбарчых камісій, будуць прысутнічаць на ўчастках як назіральнікі.

Юлія ДАБРАВОЛЬСКАЯ, спецыяліст па кадрах ДП “Нача”, удзельніца абласнога этапу рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”:

– Сказаць, што на выбары іду, каб выканаць абавязак грамадзяніна, будзе не поўным вызначэннем маёй пазіцыі. Мне, маладой маці, не ўсё роўна, хто будзе прадстаўляць інтарэсы маёй сям’і ў мясцовай уладзе. Канстытуцыя дала кожнаму з нас права ўдзельнічаць у кіраўніцтве краінай праз выбары прадстаўнічай улады.

Зрабіўшы выбар сёння, мы закладваем падмурак паспяховага заўтрашняга дня.

Радуе, што жаночае прадстаўніцтва сярод кандыдатаў у дэпутаты павялічваецца з кожнымі выбарамі. Як член выбарчай камісіі ведаю, што кожны голас вызначальны пры падвядзенні вынікаў. Абавязкова прыйдзе на ўчастак і мая маленькая дачушка – няхай расце неабыякавым і актыўным чалавекам.

Ніна ПРЫХАЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Беларусь – дэмакратычная дзяржава. У адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў нашай краіне з’яўляецца народ. Грамадзяне маюць магчымасць рэалізаваць сваё права на кіраванне дзяржавай, у тым ліку праз выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Выбары – гэта таксама экзамен для ўлады. Тое, з якой актыўнасцю насельніцтва пой-дзе на выбары, характарызуе ўзровень даверу людзей органам заканадаўчай і выканаўчай улады. Гэта свайго роду ацэнка эфектыўнасці работы ўлады на месцах.

Ляхавіцкі раён мае багатае гістарычнае мінулае і ў той жа час стабільна развіваецца сёння. Рэалізуюцца ў жыццё новыя планы і праекты. Аблічча і ўтрыманне многіх населеных пунктаў нашага раёна значна змяніліся ў выніку рэалізацыі дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады. Горад Ляхавічы падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013” набыў свой непаўторны каларыт і прыгажосць. Сучасныя ўтульныя будынкі, акуратныя дарожкі, плошчы і скверы, мноства кветак – усё гэта прыкметы нашага роднага горада. І, канешне ж, наша галоўнае багацце – людзі, працавітыя, гасцінныя, мудрыя.

Свой выбар кожны павінен зрабіць асэнсавана на карысць кандыдатаў, якія валодаюць глыбокімі ведамі і багатым практычным вопытам работы, здольных адгукацца на клопаты і просьбы тых, чые інтарэсы яны прадстаўляюць – гэта значыць, народа.

Пераканана, што мае землякі вызначаюцца высокай грамадзянскай адказнасцю за дабрабыт кожнага чалавека і стан спраў у краіне. Таму яны абавязкова прыйдуць на ўчасткі для галасавання і выкажуць сваё волевыяўленне.

Зрабіце свой выбар!

One thought on “Мой голас уліваецца ў голас маёй рэспублікі

  • 18/03/2014 в 23:54
    Permalink

    Конечно, надо идти на выборы, чтобы выбрать достойного кандидата.Выборы в местные Советы — особенные. Мы выбираем людей, которые живут, работают, руководят рядом с нами. А если проигнорируете выборы — морального права критиковать деятельность избранных депутатов не будете иметь. Я иду на выборы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *