Эфект Ганзіева


Гэтымі днямі прымаюць віншаванні пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2009 годзе. Сярод іх — і нашы землякі. Сёлета найбольшае прадстаўніцтва сярод конкурсных пераможцаў мае ЗАТ «Белпрампрыбор» — аж чатыры працаўнікі: аператары свінакомплексу Раіса Кулак, Марыя Кулак, Таццяна Мішкевіч і галоўны заатэхнік Элі Ганзіеў. Віншуем і жадаем новых вытворчых дасягненняў.
Пра гэтага чалавека ў асяроддзі жывёлаводаў ходзяць легенды. Маўляў, дзе б ні працаваў Элі Ганзіеў, там заўсёды поспех, удача, узаемаразуменне і жорсткая дысцыпліна. Менавіта апошняе патрабаванне галоўны заатэхнік ЗАТ ”Белпрампрыбор” лічыць асноўным. Каго гэта не задавальняе, той яму не спадарожнік, – так было заўсёды. Ён стварыў моцны калектыў аднадумцаў, які, дарэчы, ужо ў першы год работы паказаў, што пры жаданні і мэтанакіраванай працы можна атрымаць выдатныя вынікі. Напрыклад, на Галаўнінскай малочнатаварнай ферме, дзе ўтрымліваецца 395 кароў, дояць амаль па 21 літру малака ў дзень ад кожнай рагулі. Гэты паказчык (з нязначнай карэкціроўкай) ма-юць намер трымаць на працягу года. Атрымліваць такія надоі стала магчымым дзякуючы граматнаму фарміраванню статка: кожны месяц расцельваецца па 10 працэнтаў кароў ад агульнай колькасці, пад пастаянным кантролем работа зааветспецыялістаў і асемянатараў па аднаўленні статка. Гадуюцца высокапрадукцыйныя цялушкі, якіх толькі летась 119 галоў уведзена, а сёлета малочны статак павялічаны на 60 кароў.
Ні адно з пытанняў дзейнасці жывёлагадоўчай галіны не ўпускаецца. Скажам, тут жа, на ферме гадуюцца 700 цялят. Усё пагалоўе сваё: цялушак пакідаюць для дарошчвання, а бычкоў прадаюць іншым гаспадаркам. Выхад цялят на 100 кароў складае 96 працэнтаў пры амаль 100-працэнтнай захоўваемасці. Зразумела, што ў гэтай справе многае залежыць ад адказнасці жывёлаводаў. Тамара Стасюк і Мікалай Наскавец, якія працуюць на дарошчванні маладняку, пад строгім кантролем трымаюць гадаванцаў, дабіваюцца 800- грамовых сярэднясутачных прываг.
Сёлета у сельгаспрадпрыемстве з мэтай далейшага павелічэння пагалоўя плануюць закупляць маладняк яшчэ і з аса-бістых падсобных гаспадарак грамадзян.

Каб паспяхова гаспадарыць, зразумела, патрэбна шмат іншых спрыяльных фактараў, адзін з якіх – кармавая база. За 2 апошнія гады па ініцыятыве і пад кантролем Элі Ганзіева праведзена перазалужэнне 150 гектараў пашы шматкампанентнымі травамі. А гэта – багаты травастой для статка на ўвесь перыяд пасьбы. Заўсёды збалансаваныя рацыёны кармлення кароў і зімой. Як вынік – сярэдні надой на карову летась склаў 6640 кілаграмаў малака, а сёлета за першае паўгоддзе ўжо маюць 3373 кілаграмы. Перспектыва – 7000 кілаграмаў малака ад каровы па выніках года. Над гэтым цяпер і працуе калектыў даярак, пастухоў, даглядчыкаў, слесараў, спецыялістаў усіх рангаў.
І зноў у Элі Сайдамавіча маса патрабаванняў, якія ён прад’яўляе да калектыву. Але на пачатку ён арганізаваў вучобу жывёлаводаў. Спецыялісты з раённага вучэбна-вытворчага камбіната правялі тэарэтычныя і практычныя заняткі з работнікамі фермы – хоць, здаецца, усё вядома, але не пашкодзіць. Перад дойкай абавязкова дэзінфіцыруецца малакаправод. У кожнага слесара заўсёды ў наяўнасці лакмусавая паперка, пры дапамозе якой робіцца праверка на рэшткі інгібітараў. Праз дзень каровы падсцілаюцца свежым пілавіннем, а ад даярак патрабуецца абавязковае захаванне правіл машыннага даення. Усё гэта ў канчатковым варыянце дае магчымасць атрымліваць малако гатунку “экстра”. За чэрвень яго здадзена на малаказавод 39,1 працэнта ад агульнай колькасці, за месяц дадаткова ў касу гаспадаркі пакладзена 14 мільёнаў рублёў.
У залежнасць ад якасных паказчыкаў прадукцыі пастаўлена і зарплата даярак: пры ўдалым раскладзе спраў кожная з іх можа атрымаць па 350-400 тысяч рублёў толькі за якасць прадукцыі. Існуюць ільготы для сваіх работнікаў: можна ў кошт зарплаты, калі трэба, набыць цяля, купляць малако, кармы для асабістай падсобнай гаспадаркі. У той жа час, як адзначае Элі Ганзіеў, ён мае права за парушэнне тэхналагічных працэсаў, дысцыпліны пазбавіць любога работніка жывёлагадоўчай галіны да 50 працэнтаў гэтых надбавак.

– Мне не даводзілася прымаць такіх мер, – расказвае галоўны заатэхнік, – бо ў калектыве існуе ўзаемаразуменне, падтрымка і пачуццё адказнасці.
Ён з гонарам называе імёны даярак: Галіна Патапчык, якая працуе на раздоі першацёлак і летась мела па 7000 кілаграмаў малака ад кожнай з іх, Святлана Новік, якая за паўгода надаіла найбольш малака – па 3748 кілаграмаў, Надзея Слабкевіч, Ірына Мельнік, Людміла Вітко, Марыя Адуева, Лілія Сельмановіч, Алена Юха, Таццяна Коцік, Вольга Гаўрыленка, Валянціна Дзянішчык, Людміла Жагунь, Аляксандр Кулак, які ўзначальвае ферму. Заўсёды можна спадзявацца на поспех, калі за работу бяруцца ветурач Ігар Канцылярчык, тэхнік-асемянатар Наталля Вабішчэвіч. Адказныя людзі працуюць пастухамі – браты Фёдар і Ігар Адуевы, Сяргей Куніцкі і Валянцін Куніцкі, Павел Шыла, Уладзімір Пракапенка.
– Прыемна працаваць, – зазначае Элі Ганзіеў, – калі цябе разумеюць і падтрымліваюць ва ўсіх пачынаннях і справах. Я маю на ўвазе нашага дырэктара Віталія Гаўрылава, які не проста цікавіцца, як дабіліся ў калектыве поспеху, а прасочвае перспектыву, як замацаваць дасягнутае і ісці далей. Ён смела ўкладвае сродкі ў развіццё жывёлагадоўлі, бо давярае нашаму калектыву.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *