Быць гаспадаром на зямлі. У Ляхавіцкім раёне прайшоў Дзень Савета

Добраўпарадкаваная тэрыторыя побач з магазінам у вёсцы Падсаколле – вынік работы райаграсэрвісу і ПМС.

Мэта першага ў гэтым годзе выязнога Дня Савета была акрэслена на пачатку пасяджэння старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам: пабачыць, як наводзіцца парадак, ствараюцца ўмовы для жыцця і працы і выконваюцца сацыяльныя стандарты на тэрыторыі Альхоўскага сельсавета.

Асноўныя мясцовыя прадпрыемствы – райаграсэрвіс і льнозавод. Да паслуг вяскоўцаў комплексны прыёмны пункт, 2 сярэднія школы, дзіцячы сад, 3 сельскія дамы культуры, урачэбная амбулаторыя, ФАП, 3 аддзяленні сувязі, 4 магазіны спажывецкай кааперацыі і прыватная гандлёвая кропка.

Першы населены пункт на маршруце – вёска Задвор’е. У пачатку яе доўгі час псаваў навакольны выгляд напаўразбураны дом. Нарэшце гаспадар згадзіўся з яго зносам, што і зроблена сіламі райаграсэрвісу. З улікам пустуючых участкаў навокал, землі льнозавода павялічацца на 19 гектараў. Увага была звернута на неабходнасць інвентарызацыі участкаў, якія калісьці выдзяляліся для агародных мэт, а з цягам часу сталі садова-агароднымі.

Удзельнікі Дня Савета зазірнулі ў вясковы магазін “Над возерам”. Дарэчы, асартымент тавараў быў разнастайны ва ўсіх наведаных у той дзень магазінах райпо на тэрыторыі сельсавета. Парадавала выкладка тавараў, задаволіў і санітарны стан памяшканняў. А вось цэны на некаторыя тавары, мякка кажучы, здзівілі… Так, свежыя агуркі вяскоўцам прапаноўваліся па цане 50 тысяч рублёў за кілаграм…

Дзень Савета не мог пакінуць па-за ўвагай сітуацыю на Ляхавіцкім ільнозаводзе, да заканчэння мадэрнізацыі якога засталося няшмат часу. Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун расказаў пра аб’ёмы выкананых работ, будаўніцтва новых вытворчых аб’ектаў, новае абсталяванне, якім яны будуць “заселены”, пра планы і перспектывы: палепшаныя ўмовы працы, павелічэнне прадукцыйнасці працы і заработнай платы і інш.

Відавочна змянілася тэрыторыя побач з аўтобусным прыпынкам вёскі Альхоўцы. На месцы кустоўя і старых дрэў “выраслі” домікі для працаўнікоў, вядзецца работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Па словах старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, неабходны гаспадарскі падыход да ўсяго. Трэба адыходзіць ад шэрасці, змяняць яе на эстэтычную выразнасць.

У памяшканні Альхоўскага сельвыканкама абсталяваны выбарчы ўчастак №27, які цалкам гатовы прыняць выбаршчыкаў не толькі ў асноўны дзень галасавання 23 сакавіка, але і падчас датэрміновага.

На машдвары райаграсэрвісу ў Малым Гарадзішчы – чысціня і парадак.

Наведаныя сацыяльна-значныя аб’екты – пошта ў Альхоўцах, ФАП і бібліятэка ў Малым Гарадзішчы – пакінулі прыемныя ўражанні. Бачна, што неабыякавыя і адказныя спецыялісты стараюцца зрабіць жыццё вяскоўцаў больш зручным. Але для павышэння якасці абслугоўвання мала асабістай зацікаўленасці. Так, патрабуецца неадкладны рамонт падлогі ў бібліятэцы Малога Гарадзішча, даху ў Альхоўскім Доме культуры. Старшыня райвыканкама звярнуў увагу і на неабходнасць змены месцазнаходжання кацельні ў гэтым жа аб’екце культуры: сумеснае знаходжанне яе і танцавальнай залы не дабаўляе ні эстэтыкі, ні бяспекі.

У параўнанні з чыстымі і акуратнымі цэнтральнымі вуліцамі вёскі Альхоўцы, яе ускраіна, здаецца, засталася без увагі… Каля агароджаў бутэлькі, смецце… Да слова, праблема стыхійных сметнікаў актуальная не толькі для асобна ўзятага сельсавета – для ўсяго раёна. Пакеты са смеццем можна сустрэць у самых нечаканых месцах, нават пры ўезде ў горад. І гэта не таму, што камунальнікі не выконваюць сваіх абавязкаў. А з-за таго, што, на жаль, знаходзяцца такія, у каго падымаецца рука выкінуць сваё смецце ў недазволеным месцы. Камунгас заключае дагавор на вываз смецця і з сельсаветамі. Рашэннем райвыканкама зацверджаны нормы накаплення цвёрдых камунальных адходаў для жыхароў вясковых і гарадскіх шматпавярховых дамоў незалежна ад іх месцазнаходжання (1,78м3 у год на чалавека), і для прыватнага сектара (2,1 м3 у год на чалавека). Для жыхароў шматпавярховікаў гэта паслуга на сённяшні дзень каштуе каля 6 тысяч рублёў у месяц, для жыхароў прыватнага сектара – каля 7 тысяч рублёў.

Вёска Падсаколле знаходзіцца на трасе, праязджаючыя па ёй аўтамабілісты складаюць уяўленне пра ўвесь раён. У тэму была размова пра развіццё прыдарожнага сэрвісу. Для магазіна “Спадарожнік” яна самая што ні ёсць актуальная. Тым больш, што паміж некалькімі населенымі пунктамі гэта адзіная гандлёвая кропка.

Непазнавальна змянілася і тэрыторыя насупраць магазіна. Раней тут было густое кустоўе, напаўразбураныя фундаменты. Па словах старшыні райсавета, 3 дні на аб’екце шчыравалі работнікі райаграсэрвісу і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Тэрыторыя абгароджана, і планы наконт яе вялікія: устанавіць абеліск у памяць дзяцей вайны.

У зоне адказнасці сельвыканкама і стан дарог, і парадак на могілках, і скарачэнне колькасці пустуючых і старых дамоў. З 32 пустуючых дамоў на тэрыторыі сельсавета 2 разабраны ў мінулым годзе. На чарзе – напаўразваленыя дамы ў вёсцы Волька.

Ідзе рэкультывацыя палігона цвёрдых бытавых адходаў у Малым Гарадзішчы. У далейшым зямля будзе перададзена гаспадарцы.

На пленарным пасяджэнні, якое праходзіла ў Малагарадзішчанскім СДК, пра сацыяльна-эканамічнае развіццё сельсавета і работу па паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва гаварыў старшыня сельвыканкама Вячаслаў Кулак. Была прааналізавана работа ўсіх службаў, якія маюць дачыненне да арганізацыі жыццядзейнасці наведанага рэгіёну. Мяняць падыходы да справы – дзейнічаць па-гаспадарску, прадумана, прымаць рацыянальныя рашэнні, – такім быў асноўны акцэнт, зроблены старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам і старшынёй райсавета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Падчас Дня Савета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *