З песняй па жыцці. У Ляхавіцкай школе мастацтваў да 70-годдзя вызвалення Беларусі прайшоў фестываль
Гісторыя напоўнена мноствам падзей: гераічных, радасных, сумных. Але песня заўсёды суправаджае чалавека. З дзяцінства і да сталасці мы крочым з ёю па жыцці. Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у дзіцячай школе мастацтваў прайшоў фестываль “З песняй не развітаюся ніколі”. Пачалося падарожжа ў чароўны свет музыкі з папуры “З ваеннай лірыкі” ў выкананні выкладчыкаў Ірыны Тулейка і Ірыны Клімашэўскай. Нібы на машыне часу, перанесліся слухачы ў партызанскі атрад, дзе падчас невялікага зацішша байцы спявалі знакамітую “Зямлянку”… Песні Вялікай Айчыннай вайны — музычны летапіс гераізму нашага народа, яны непадуладныя часу і праз дзесяцігоддзі прадаўжаюць жыць, трывожыць і хваляваць людзей. У іх заключана памяць сэрца. Якая цішыня ўсталявалася ў зале, калі на фартэпіяна выконвалі знакамітую мелодыю “Нам нужна одна Победа” першакласнікі школы мастацтваў Назар Шклянік і Мікалай Жытко! Пройдуць гады, але па-ранейшаму кампазітары будуць вяртацца да подзвігу народа. Многія музычныя творы вядомыя нам з кінафільмаў. Пранікнёна гучаў твор з кінастужкі “Тэгеран-43” у выкананні 6-класніцы Лізаветы Бабко. Вядучая зрабіла невялікі экскурс у гісторыю і расказала пра музыку вельмі даўніх часоў. А вучаніца 2 класа Юлія Сердзюкова разам са сваім педагогам Уладзімірам Піваварчуком выканала папуры на тэмы беларускіх твораў. А яшчэ ў гэты цудоўны вечар рабяты з захапленнем выконвалі на фартэпіяна дзіцячыя музычныя творы і творы пра каханне. Як можна не любіць і не захапляцца знакамітай на ўвесь свет песняй “Я тебя никогда не забуду” з рок-оперы “Юнона і Авось”?! Вельмі натхнёна яна гучала ў выкананні Крысціны Глушко і Ірыны Тулейка. Па-сапраўднаму супер-фіналам фестывалю можна назваць музычную эстафету з папулярных песень накшталт “Стары клён”, “Ландышы”. “Малінаўка”, “Лісце жоўтае” і іншых.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.