У небяспекі аранжавы колер

Пра аранжавы ўзровень небяспекі сіноптыкі папярэджвалі загадзя. Стыхія ў выглядзе шквалістага ветру, снегу і дажджу пачала хуліганіць у Беларусі (Ляхавіцкі раён не стаў выключэннем) ў суботу, свайго апагею дасягнула ў ноч з суботы на нядзелю, але і 16 сакавіка не надта збіралася адступаць. Намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц адзначыў, што на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна парывы ветру дасягалі 15-22 метраў у секунду.

Клопатаў хапіла аварыйным брыгадам і Ляхавіцкага раёна электрасетак, і КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, і ДРБУ-200. Не засталіся ў баку ад ліквідацыі наступстваў стыхіі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Як расказаў начальнік РЭС Віктар Станкевіч, у час непагадзі без электрычнасці засталіся 56 населеных пунктаў, 155 падстанцый, 19 фермаў. Усяго па раёне зафіксавана 27 пашкоджанняў, у тым ліку 5 абрываў ліній электраперадач, з якіх 3 – па прычыне падзення на іх дрэў. Брыгады раёна электрасетак працавалі ва ўзмоцненым рэжыме.

Не сядзелі без работы і дарожнікі. Па словах начальніка ДРБУ-200 Канстанціна Філіпчыка, спецыяльныя брыгады 15, 16 і 17 сакавіка ачышчалі дарогі ад дрэў, што ўпалі ад моцнага ветру. “Пацярпелі” дарогі Перахрэсце-Нача, Падлессе-Ляхавічы, былі праблемы і на іншых участках.

Прайшоўся шквалісты вецер і па райцэнтры. На вуліцы Арлоўскага зваліў дрэва на жылы дом. На шчасце, абышлося без ахвяр, пашкоджаны толькі дах. А вось у 5-павярховіка № 45 па вуліцы Леніна вецер знёс частку казырка даху. Камунальнікі амаль адразу ліквідавалі выдаткі стыхіі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *