Упершыню!
Маладыя выбаршчыкі – навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – прыйшлі на Чкалаўскі ўчастак для галасавання № 7, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак – упершыню і датэрмінова 18 сакавіка, 10 гадзін раніцы. Чкалаўскі выбарчы ўчастак №7, як і астатнія 34 участкі для галасавання ў Ляхавіцкім раёне, расчыніў дзверы для выбаршчыкаў. Сярод першых, хто вырашыў выканаць свой абавязак датэрмінова – і 12 навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, якія ўпершыню прымаюць удзел у галасаванні. З важнай падзеяй у жыцці маладых выбаршчыкаў павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч і ўручыў кожнаму падарунак – кнігу “Ляхавічы: з мінулага ў будучыню”. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Тамара Сакалова нагадала правілы галасавання і запаўнення бюлетэняў.
– На самай справе, прыйсці ўпершыню на выбарчы ўчастак і прагаласаваць – вельмі адказна і ганарова: выконваеш грамадзянскі абавязак, уплываеш на тое, якім будзе заўтра тваёй Радзімы, – адзначыла навучэнка 41 групы агранамічнага аддзялення Вікторыя Тарасюк.
Менавіта сённяшнім маладым рабіць новыя адкрыцці, вырошчваць хлеб, выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра падрастаючае пакаленне, берагчы мір і спакой у краіне.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.