Ляхавічы: падведзена рыса ў рабоце дэпутатаў райсавета дваццаць шостага склікання
Адбылося гэта на апошняй сесіі. Чарговая, для народных абраннікаў гэтага склікання яна стала 21-й па ліку. Як і ў кожнага з папярэдніх, галоўнай мэтай фінішнага ў поўным складзе збору дэпутатаў з’яўлялася патрэбнасць у прыняцці, карэкціроўцы канкрэтных рашэнняў адносна розных накірункаў і сфер функцыянавання раёна. З чаго, адступаючы ад парадку дня, дзе ў якасці галоўнага пытання стаяла справаздача старшыні райсавета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча пра дзейнасць падначаленага яму заканадаўчага органа, і пачалася сесія.
Дакладна – з інфармацыі начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяны Трысцень аб рабоце мясцовых органаў улады па сацыяльнай абароне малазабяспечаных сем’яў, інвалідаў, пажылых людзей і мерах па яе ўдасканаленні. У шэрагу іншых высноў, выкладак і фактаў прагучала і лічба 9306. Іменна столькі жыхароў раёна, па стане на 1 сакавіка, атрымліваюць пенсіі і грашовыя дапамогі. Агульная колькасць насельніцтва Ляхавіччыны знаходзіцца ў межах 27 з паловай тысяч чалавек. Атрымальнікамі дзяржаўных выплат з’яўляюцца, у тым ліку, 43 нашы землякі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 574 адзінокіх непрацаздольных грамадзян, 1158 інвалідаў першай і другой груп, 8 чалавек, якія перасягнулі 100-гадовы жыццёвы рубеж. У мінулым годзе на правядзенне рамонтных работ у дамах інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, непрацуючых адзінокіх інвалідаў першай і другой груп і іншых катэгорый грамадзян з мясцовага бюджэту было зрасходавана больш як 150 мільёнаў рублёў. 555 непрацаздольных жыхароў раёна карыстаюцца надомнай дапамогай сацыяльных работнікаў. Амаль 90 працэнтаў з іх – вяскоўцы. Маючыя патрэбу і выказаўшыя зацікаўленасць інваліды забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі – як на бязвыплатнай аснове, так і на ўмовах пракату.
Арганізавана ў раёне і фізкультурна-аздараўленчая работа з пажылымі і грамадзянамі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Памяшканне для заняткаў прадастаўляецца аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У рашэнні райсавета дэпутатаў адзначана, што ў раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па сацыяльнай абароне малазабяспечаных сем’яў, інвалідаў, пажылых грамадзян, удасканальваецца арганізацыя іх вольнага часу, іншае. Звернута ўвага на неабходнасць пашырэння – ТЦСАН, у прыватнасці, – пераліку платных паслуг, што аказваюцца грамадзянам, на ўкараненне інавацыйных формаў і метадаў, заснаваных на вопыце рэгіёнаў вобласці і краіны, на неабходнасць прыняцця мер па арганізацыі адкрыцця ў тэрмін да 2015 года аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў і іншае. Кіраўнікам арганізацый прадпісана садзейнічаць у арганізацыі і выкананні работ па рамонце печаў, замене электраправодкі ў дамах ветэранаў, інвалідаў, адзінокіх, якія раней у гэтых арганізацыях працавалі.
Сесія зацвердзіла тэрытарыяльную праграму дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва раёна на 2014 год, вызначылася па шэрагу іншых пытанняў.
Сярод іншых і – скасаванне дагавору арэнды рыбалоўных угоддзяў. Размова аб вадасховішчы “Мінічы” (плошчай каля 520 гектараў), якое знаходзілася ў арэндзе ТДА “Бэтасфера Плюс”. Меркавалася, што тут будзе наладжана прамысловая лоўля рыбы, арганізавана платнае аматарскае рыбалоўства. Практычна, нічога падобнага, як адзначыў начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі, зроблена не было, утварылася істотная запазычанасць па арэнднай плаце. Сваім рашэннем сесія абавязала раённы выканаўчы камітэт скасаваць дагавор арэнды, правесці прыёмку ўгоддзяў у адпаведнасці з устаноўленым парадкам.
Справаздача старшыні Яўгенія Юрлевіча аб дзейнасці раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання – гэта дастаткова падрабязная, але і сканцэнтраваная на асноўных момантах аналітыка адносна чатырохгадовай работы заканадаўчай улады раёна. Мясцовыя Саветы дэпутатаў у сваёй дзейнасці, у першую чаргу, кіруюцца інтарэсамі людзей, жыхароў канкрэтнай тэрыторыі. З улікам, канешне, інтарэсаў агульнадзяржаўных. Дэпутаты райсавета апошняга склікання правялі, як было ўжо адзначана, 21 сесію. З іх 4 – у пазачарговым парадку, 3 мелі выязны фармат. Разгледжаны і прыняты рашэнні па 187 пытаннях у розных сферах жыцця раёна, функцыянавання яго народнагаспадарчага комплексу. Даволі эфектыўнай формай работы райсавета дэпутатаў стала практыка правядзення Дзён Савета. Апошні адбыўся па тэрыторыі Альхоўскага сельсавета, а ўсяго праведзена 8 падобных мерапрыемстваў. Як адзначыў Яўгеній Юрлевіч, усе дэпутаты адказна падыходзілі да сваіх абавязкаў, актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні пытанняў, якія выносіліся на разгляд, праяўлялі ініцыятыву.
Сустрэцца на наступнай сесіі ў статусе дэпутата атрымаецца ўжо не ва ўсіх. Амаль палова дэпутатаў дваццаць шостага склікання кандыдатамі ў народныя абраннікі наступнага склікання не вылучаліся. Астатнія, што называецца, патэнцыял маюць.
Іван КАВАЛЕНКА.