Губит людей беспечность
Цэлае бедства для выратавальнікаў, экасістэмы палёў і лугоў – палаючая сухая расліннасць. За мінулыя выхадныя пажарныя 7 разоў выязджалі на ліквідацыю падобных узгаранняў. Агнём знішчаны нежылы дом на хутары Дубрава. Прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём, якое прывяло спачатку да ўзгарання мінулагодняй травы каля дома, а потым і самога будынка. Віноўнік трагедыі высвятляецца.
Па словах спецыяліста РАНС Ірыны Тукай, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях пастаянна праводзяць тэматычныя гутаркі на прадпрыемствах, у школах, але практыка паказвае, што далёка не ўсе прыслухоўваюцца да карысных парадаў.
Па зводках РАНС, раніцай 25 сакавіка жыхарка Ліпска паведаміла пра ўзгаранне кватэры ў двухпавярховым жылым доме па вуліцы Міру. На месца здарэння неадкладна выехалі падраздзяленні ПАВП №11 вёскі Ліпск. У нежылой кватэры выратавальнікі знайшлі труп мужчыны.
Загінуўшым аказаўся мясцовы жыхар 1959 года нараджэння. Пры якіх абставінах мужчына аказаўся ў кватэры, невядома. Адно відавочна, што пражываў у доме ён незаконна. У кватэры была адключана электрычнасць, адсутнічалі прыборы ацяплення. Па словах прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пад’езд дома нежылы, кватэры зачынены, жыльцы ў іх не зарэгістраваны, уваходныя дзверы забіты дошкамі. Прычына пажару высвятляецца.
Дарэчы, загінуўшага добра ведалі ў РАНС, як заўзятага парушальніка правілаўпажарнай бяспекі, за што неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Яго супрацьпраўныя ўчынкі абмяркоўваліся на пасяджаннях грамадскага пункта аховы парадку пры сельвыканкаме, з ім неаднаразова праводзіліся прафілактычныя гутаркі. Мужчына стаяў на ўліку ў наркалагічным дыспансеры, лячыўся ад алкагольнай залежнасці ў Крывошынскай псіхіятрычнай бальніцы.
У гэты ж дзень у вёсцы Падлессе адбыўся пажар у блочным складскім будынку, які належыць СВК “Жарабковічы”. Агнём пашкоджаны дах і маёмасць склада. Прычына пажару высвятляецца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота РАНС.