«Мелиоратор» из Ляховичей стал обладателем кубка лиги футзала
Як і анансавала наша газета, 22 сакавіка на паркеце гульнявой залы Ляхавіцкай ДЮСШ адбыўся розыгрыш кубка аматарскай лігі футзала. “Турнір чатырох”, дзе былі сабраны ўдзельнікі завершанага за тыдзень да падзеі адкрытага чэмпіянату горада Баранавічы. Баранавіцкія “Хабібі” і “Штурм” прывезлі ў наш горад узмоцненыя варыянты сваіх каманд. Могуць сабе дазволіць: з завяршэннем чэмпіянату шэраг моцных ігракоў з іншых дружын горада часова пераапрануўся ў “колеры” названых каманд-удзельніц кубкавых гульняў. Чаму б не, калі падобная ракіроўка рэгламентам не забараняецца? Квартэт дапоўнілі ганцавіцкія “Студэнты” і, канешне ж, гаспадары турніру ў форме “Меліяратара”.
У паўфінальных паядынках “Хабібі” не здолеў нічога супрацьпаставіць штурму “Штурма”, а “Меліяратар” з розніцай у 6 галоў перайграў ганцаўчан. Фінал атрымаўся куды больш напружаным і завяршыўся з прыемнымі 4:3 на карысць гаспадароў турніру. Такім чынам, да звання віцэ-чэмпіёна лігі “Меліяратар” дабавіў званне ўладальніка кубка.
Прыз лепшага іграка турніра таксама прапісаўся ў Ляхавічах: безальтэрнатыўным рашэннем гэтае званне суддзі аддалі Дзмітрыю Прыхачу. Бамбардзір “Меліяратара”, па-за спартыўнай пляцоўкай Дзмітрый з’яўляецца работнікам Ляхавіцкага ПМС.
Дэбютны для нашай каманды сезон склаўся надзвычай удала. Заслуга ў тым спартсменаў, арганізатараў-заснавальнікаў каманды спонсараў. “Усім вялікі дзякуй!” – акцэнтаваў увагу ў гутарцы дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Сяргей Юшкевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з старонкі http://vk.com/club43880916