Праверылі і дапамаглі
Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога – адна з форм падтрымкі малазабяспечаных сем’яў і асобных грамадзян. У Беларусі гэты від дапамогі аказваецца ў выглядзе штомесячнай ці аднаразовай сацыяльнай дапамогі на набыццё адзення, абутку, лекаў, прадуктаў харчавання, школьных прыналежнасцей, аплату камунальных паслуг і г.д.
Магчымасць атрымліваць дапамогу штомесяц маюць тыя грамадзяне, чый сярэднедушавы даход ніжэй велічыні зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць часу звароту за такой дапамогай. Яна прызначаецца на перыяд ад 1 да 6 месяцаў з улікам прымаемых заяўнікам мер паляпшэння свайго матэрыяльнага становішча. А памер складае розніцу паміж зацверджаным бюджэтам пражытачнага мінімуму (з 1.05.2010 г. – 266230 рублёў) і сярэднедушавым даходам сям’і.
Аднаразовая дапамога даецца сем’ям ці асобным грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (поўная непрацаздольнасць па прычыне інваліднасці, стыхійныя бедствы, катастрофы, пажары і іншыя такога кшталту абставіны), але пры ўмове, што іх даходы не перавышаюць 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў цэлым па краіне (з 1.5.2010 г. – 399345 рублёў). Яе памер устанаўліваецца у суме да 500 працэнтаў БПМ ў залежнасці ад складанасці сітуацыі, у якой апынулася сям’я, і выплачваецца раз у год.
Сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі прадастаўляецца дзецям да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях маюць патрэбу ў такіх сродках, а таксама інвалідам ІІІ групы (акрамя тых, у каго інваліднасць наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення).
Заява аб прызначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі падаецца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Да заявы ў абавязковым парадку прыкладаюцца: пасведчанне асобы (пашпарт), пасведчанне аб шлюбе, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (для асоб, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў), працоўная кніжка, даведка аб даходах за 12 месяцаў, што папярэднічаюць звароту), даведка аб рэалізацыі прадукцыі падсобнай гаспадаркі, карта ўліку льготнай выдачы лекавых сродкаў.
Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне маюць права праверыць праўдзівасць пададзеных звестак і пры неабходнасці запрасіць дадатковыя дакументы. Рашэнне аб прызначэнні ці адмове ў аказанні адраснай дапамогі, яе сумы, памеру і перыяду выплаты прымаецца пастаянна дзеючай камісіяй ва ўстаноўленыя тэрміны. Пасля прыняцця рашэння пра яго пісьмова паведамляюць заяўніку. Адмовіць у прызначэнні адраснай дапамогі могуць па наступных прычынах: працаздольныя члены сям’і працуюць на ўмовах няпоўнага рабочага дня па ўласнай ініцыятыве, не зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных, з’яўляюцца абавязанымі асобамі, маюць ва ўласнасці больш за адно жылое памяшканне (за выключэннем мнагадзетных сем’яў), на працягу апошніх 12 месяцаў члены сям’і выязджалі за межы краіны на адпачынак ці па іншых прычынах, не звязаных з працоўнай дзейнасцю, а таксама набывалі транспартныя сродкі (выключэнне складаюць сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, жывуць інваліды І і ІІ груп, мнагадзетныя сем’і).
Сёлета ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за адраснай сацыяльнай дапамогай звярнулася 189 сем’яў і адзінокіх грамадзян. Тром сем’ям адмоўлена ў прызначэнні гэтага віду сацыяльнай падтрымкі, бо сярэднедушавы даход у сям’і перавышаў устаноўлены бюджэт пражытачнага мінімуму.
Наталля ЮРЛЕВІЧ,
загадчыца сектара па быту
ўпраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама.