Пры перамене месцажыхарства жыццё толькі пачынаецца!

У  сям’і Закіравых да даты 2 красавіка асаблівыя адносіны. У радаслоўнай іх сям’і цесна перапляліся карані двух брацкіх народаў: рускага і беларускага. Гады 3 таму яны з Амурскай вобласці Расіі пераехалі ў Ляхавічы. Выбар месца жыхарства тлумачыўся проста – менавіта з Ляхавіччыны родам бацькі маці сямейства Святланы. Яны больш як 3 дзесяцігоддзі назад з вёскі Падлессе пераехалі на Далёкі Усход, але клопаты пра родных вымусілі вярнуцца. Марыла пра вяртанне ў краіну свайго дзяцінства і сама Святлана. Неаднойчы, прыязджаючы да матулі, яна яскрава ўяўляла жыццё сваіх родных ў Ляхавічах. Муж падтрымаў жаданне Святланы, і сям’я “асела” ў нашым райцэнтры. Нягледзячы на цяжкасці пераезду, Закіравы нібы перажывалі другое нараджэнне, якое суправаджалася цёплай падтрымкай не толькі родных, але зусім незнаёмых людзей.

У Ляхавічах нам утульна і камфортна. Тут жывуць гасцінныя і добразычлівыя людзі. Куды б мы ні звярталіся са сваімі праблемамі, – усюды сустракалі ўзаемаразуменне і дапамогу. Атрымалі пасведчанне на права жыхарства. Не ўзнікла праблем з працаўладкаваннем. Малодшая дачка Арына вучыцца ў 10 класе, марыць стаць настаўніцай замежнай мовы.Тут, на беларускай зямлі, у мяне з’явіўся ўнук. Ён – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, – з гонарам адзначае Святлана Міхайлаўна.

Старэйшая дачка Святланы Закіравай Ульяна да дэкрэтнага водпуску працавала медсястрой у цэнтральнай раённай бальніцы. З мужам выхоўваюць паўтарагадовага сыночка Мікітку. Ульяна атрымлівае сацыяльную дапамогу нараўне з іншымі мамамі.

Арына на пытанне пра ўражанні аб першых днях у Беларусі расказвае, з якой цікавасцю 1 верасня слухала ў школе пра гістарычных дзеячаў і дасягненні рэспублікі. Ёй усё тут падабаецца і радуе: надзвычай прыгожая прырода, выдатныя настаўнікі, верныя сябры. Напачатку здзіўляла непрадказальнасць надвор’я – зімой можа наступіць адліга, а ў сакавіку распускаюцца кветкі.

У Расіі ў нас засталіся родныя, блізкія і сябры. Але адлегласць не раз’ядноўвае нас. Мы тэлефануем адзін аднаму, пішам у сацыяльных сетках, цікавімся справамі праз скайп. Да нас плануе прыехаць у госці мая стрыечная сястра з сям’ёй. Хто ведае, можа і іх так зачаруюць прасторы нашай сінявокай краіны, што яны абяруць яе сваім месцам жыхарства, – прызнаецца Арына.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://news.21.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *