СВК «Шлях новы» завяршае сяўбу ранніх яравых. Але такі «аптымізм» – не ва ўсіх гаспадарках раёна

Зіма без снегу –  вясна без вады.

Гаспадыня «палявой» кухні Вікторыя Туравец, механізатары Сяргей Аўдзейчык і Генадзій Місько з СВК «Шлях новы».

Ранні прыход і вільгаці недахоп. Гэтыя акалічнасці могуць сысці за галоўныя асаблівасці сёлетняй сельскагаспадарчай вясны. І калі ў першай з іх адмоўныя моманты быццам бы не праглядваюцца, то ў факце смагі, на што хварэе глеба, – суцэльны вялікі мінус. Старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук, сустрэча з якім адбылася на адным з палеткаў гаспадаркі, раскрывае сітуацыю:

— Зіма без снегу – вясна без вады. Катастрафічны недахоп вільгаці ў глебе. Тэхналагічную аперацыю пад назвай “закрыццё вільгаці” не выконвалі ўжо некалькі гадоў. Сёлета проста абавязаны былі ўспомніць, у тэмпе падрыхтаваць неабходнае абсталяванне і выкарыстаць прыём на практыцы.

Як маляўнічае таму пацвярджэнне – магутныя шчыльныя клубы пылу, што суправаджалі пасяўны комплекс. Пры тым, што будучы ячменны ўчастак размяшчаўся ў нізкім месцы. Насуперак высокім тэмпам яравых работ у “Шляху новым”. Перашкодзіць гаспадарцы ўжо сёння – у сераду – разабрацца з раннімі яравымі можа хіба толькі нейкі форс-мажор. Застанецца кукуруза, з 5 красавіка мяркуюць заняцца пасадкай бульбы для насельніцтва, а з 600 запланаваных гектараў цукровых буракоў добры кавалак ужо пасеяны.

— У мінулую нядзелю ў многіх быў выхадны. Мы гаспадарка энергасамадастатковая, каб правесці яравую кампанію ў аптымальныя тэрміны. А адпачынак людзям патрэбны. Далей таксама: у нядзелю будзем працаваць па неабходнасці, — гаворыць старшыня.

У адрозненне ад глебы, працуючым на ёй не пагражае ні смага, ні голад. Абед “прыехаў” па раскладзе. Класічны набор страў, некласічна вялікія порцыі. На вока – вельмі апетытны. І так двойчы на працягу палявога (ён жа – светлавы) дня: гарачы абед, гарачы падвячорак. Ды і дні ў вяскоўцаў зараз вельмі гарачыя.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *