Купалле старажытнае. Традыцыі новыя
Старадаўняе свята Купалле не страчвае сваёй папулярнасці і ў ХХІ стагоддзі.І малых, і дарослых яно зачароўвае сваёй прыгажосцю, таямнічасцю і казачнасцю.
Сёлета ляхавічане таксама святкавалі Купалле. Праўда, на гэты раз мерапрыемства праходзіла не на беразе ракі Ведзьмы, а ў парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Дзяўчаты вадзілі карагоды, плялі вянкі. Радавалі творчасцю калектывы мастацкай самадзейнасці і асобныя выканаўцы, праводзіліся конкурсы, працавалі атракцыёны і гандлёвыя рады. Праўда, непрыемна ўразіла адна акалічнасць: для таго, каб патанцаваць на танцпляцоўцы, неабходна было заплаціць крыху больш за 2 тысячы рублёў – зусім незразумела для масавых мерапрыемстваў. Таму многія, паглядзеўшы на нядоўга палаўшы купальскі касцёр, разыходзіліся па дамах ці адпраўляліся на пошукі загадкавай папараць-кветкі. Магчыма, камусьці пашчасціла яе знайсці…
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.