Ляхавіцкія лялькі


У Прадстаўніцтве НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці праходзіць выстава-прэзентацыя ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу спартыўнай лялькі, які быў прысвечаны І-ым летнім Юнацкім Алімпійскім гульням у Сінгапуры.
На конкурс прыйшло каля 50 работ: юныя ўдзельнікі спаборнічалі ў трох намінацыях. Гэта “Гульня спартыўнага ўяўлення”, у якой вобраз поўнасцю прадыктаваны фантазіяй і выдумкай аўтара і далёкі ад рэальных і класічных лялечных персанажаў. “Лялька са спартыўным характарам”, дзе трэба было перадаць найтанчэйшыя нюансы чалавечых эмоцый праз выразную міміку, экспрэсіўную позу, элементы гратэску або іншыя мастацкія сродкі. А таксама “Маленькая спартыўная эліта” для мініяцюрных фігурак памерам да 12 сантыметраў.
У ліку прызёраў юныя лялечныя майстры з Пінска (творчая група абласнога Дома тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і юнацтва) і навучэнцы Ляхавіцкага раённага цэнтра пазашкольнай работы.
Дыпломы і прызы Прадстаўніцтва пераможцы атрымалі ў час святочных мерапрыемстваў Міжнароднага алімпійскага дня.
Як адзначыла выконваючы дырэктар Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці Алена Белаканенка, паколькі першы вопыт атрымаўся удалым, а ўдзельнікі выявілі вялікі патэнцыял, прынята рашэнне зрабіць конкурс спартыўнай лялькі традыцыйным.
Ірына АЛЬШОВА,
прэс-аташэ Прадстаўніцтва НАК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *