Малочная “кварта” сёлета аказалася некалькі менш той, што Ляхавіцкі раён меў год таму

У пастаянстве клопатаў і калейдаскопе будняў час мае свой адлік. Гэта пра вяскоўцаў, пра іх алгарытм жыцця, пра іх працу. І калі для раслінаводчай падгаліны сельгасвытворчасці першы з пачатку года квартал асаблівай інтэнсіўнасцю клопатаў не вызначаецца, – у жывёлаводаў супрацьлегла іншы расклад. Усё ж такі кароўка не з ліку “некаторых, хто любіць пахаладней”. Таму і аддача – малакааддача, калі карыстацца дакладнай у кантэксце тэмы лексікай, іншая, чым у канцы вясны-пачатку лета. Зрэшты, вясенне-пашавы сезон утрымання жывёлы можна лічыць ужо рэальным фактам. Хоць пакуль і адзінкавым з ліку гаспадарак раённага аграпрамысловага комплексу.

Яшчэ на мінулым тыдні некалькі гуртоў кароў СВК “Шлях новы” паспыталі падножнага корму. Не зусім, канешне, падножнага. Практыка “закладкі” азімых пасеваў, прызначаных спецыяльна пад вясенні выпас, старая і эфектыўная. У “Шляху новым” у якасці пашавай культуры выкарыстана жыта. Першыя – стрэсавыя для жывёлы – пашавыя дні, здаецца, не могуць служыць аб’ектыўнай асновай для аналізу таго, як названы факт паўплываў на прадукцыйнасць жывёлы. Аднак практыкай даказана, што ўдойнасць жывёлы, як правіла, вырастае. Але гэта ўжо будзе статыстыка другога квартала года.

У першым жа малочная жывёлагадоўля раёна спрацавала “ў мінус” у параўнанні з тым, што мелі на старце 2013-га. У цэлым па АПК, квартальны малоч-ны вал аказаўся на 7,5 працэнта меншым за мінулагодні: 11705,6 тоны леташніх супраць 10826,1 сёлетніх, калі аперыраваць абсалютнымі лічбамі. За выключэннем ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (плюс 11,8 працэнта), СВК “Жарабковічы” (плюс 8,8), “Ляхавіцкі” (8) і аграрны каледж (плюс 2,5), усе іншыя сельгасарганізацыі спрацавалі ў мінус. Асобныя – ДП “Нача”, напрыклад, – даволі нязначна, іншыя – вельмі значна.

Тройка названых – аграсэрвіс, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы” – паднялі вал, у тым ліку, а, верагодна, і толькі за кошт павелічэння прадукцыйнасці кароў. Каледж, відавочна, зрабіў гэта дзякуючы павелічэнню пагалоўя, магчыма, таварнасці. Маючы даўнія высокія паказчыкі ўдойнасці, СВК “Ляхавіцкі” працягвае дэманстраваць станоўчую дынаміку. За гэты квартал плюс склаў 110 кілаграмаў на карову. Пры тым, што, для прывязкі скажам, у сярэднім па раёне атрымалася 65 кілаграмаў у мінус.

З мясам сітуацыя “з сярэдзіны на палавіну”. На фоне змяншэння на 33 грамы сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы, аб’ём прадукцыі вырошчвання за квартал гэтага года атрымаўся на 2,3 працэнта больш важкім. Райаграсэрвіс, “Белпрампрыбор”, “Шлях новы” па адным паказчыку аказаліся па выніках квартала параўнальна больш дынамічнымі.

Асноўнай прычынай недабору, па меркаванні дырэктара племстанцыі Ляхавіцкага раёна Кацярыны Фірусь, з’яўляецца горшая забяспечанасць гаспадарак кармамі. У параўнанні з мінулым годам іх і менш, і горшай якасці. Асабліва ў ”Ліпнянцы”, ”Востраве-Агра”, ”Тальмінавічах”. Зараз арганізавана ўнутрыраённае ”перамяшчэнне” кармоў. Ад багатых да не надта такіх – на розных умовах.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *